«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою


У беларускіх школах прагучалі апошнія званкі, неўзабаве пройдуць экзамены і выпускныя вечары, пачнецца час паступлення ў сярэдне-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Перад выбарам ВНУ стаяць таксама і дзеці беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць за мяжу, а таксама беларускія студэнты, якія не здолелі працягнуць навучання на радзіме праз рэпрэсіі. Якія адукацыйныя магчымасці для беларусаў маюцца сёння за мяжою? Распавядаюць эксперты і студэнт Тбіліскага ўніверсітэту.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Што сёлета прапаноўвае ЕГУ

На працягу ўжо 17 гадоў атрымаць еўрапейскую адукацыю і пры гэтым вучыцца ў беларускім кантэксце ды на знаёмых мовах можна ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Сёлета прыёмная кампанія пачалася 24 красавіка і працягнецца да 10 ліпеня.

На 2023/24 навучальны год ЕГУ вядзе набор на наступныя бакалаўрскія праграмы:

  • візуальны дызайн,
  • еўрапейская спадчына,
  • інфарматыка,
  • медыі і камунікацыя,
  • сусветная палітыка і эканоміка,
  • права,
  • тэатральнае мастацтва і акторская гульня.

Магістарскія праграмы:

  • візуальная пластыка,
  • гендарныя даследаванні,
  • міжнароднае гандлёвае і бізнес-права,
  • публічная палітыка,
  • развіццё культурнай спадчыны.

Кошты на навучанне для беларусаў на 2023/24 навучальны год складаюць ад € 1320 да € 1760 за семестр на дзённай форме навучання. Абітурыенты могуць прэтэндаваць на грант (50 % ці 100 %) на пакрыццё кошту навучання на падставе партфоліа, якія прымаюцца да 7 ліпеня.

Сёлета ЕГУ плануе павялічыць колькасць месцаў для беларусаў, кажа эксперт у галіне адукацыі, навукі ды інавацыяў Андрэй Лаўрухін. Таксама ён распавядае пра падтрыманне студэнтаў з Беларусі літоўскім урадам:

«Ёсць дзяржаўная дапамога, напрыклад, у Літве: штогод вылучаюць суму менавіта на падтрыманне студэнтаў з Беларусі. Гэта магчымасць атрымаць адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах Літвы на англійскай ці нават на расейскай мове. Гэтая сума і колькасць месцаў штогод змяняюцца, аднак такая магчымасць ёсць. І мы ведаем, што нават тая адносна невялікая колькасць месцаў не заўжды бывае запоўненая, бо не ўсе ведаюць пра такую магчымасць».

SALT – магчымасць вучыцца ў Літве, Латвіі, Польшчы, Чэхіі

Андрэй Лаўрухін згадвае пра адносна новую стыпендыяльную праграму, створаную Еўракамісіяй адмыслова для падтрымання беларускіх студэнтаў і абітурыентаў: EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training).

Мэта гэтай праграмы – падтрымаць беларусаў, якія не могуць навучацца на радзіме праз рэпрэсіі, напрыклад, студэнтаў, адлічаных з беларускіх ВНУ паводле палітычных матываў. Першы набор на праграму адбыўся ў 2021–2022 гадах, тады ўзялі 40 студэнтаў на поўны цыкл бакалаўрскай адукацыі на 4 гады. Сёлета для беларусаў плануюць вылучыць больш за 150 месцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ehuofficial / Instagram

Атрымаць падтрыманне ў межах SALT магчыма на навучанне ў ВНУ Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхіі. Паступаць можна ў бакалаўрыят і магістратуру, на розныя спецыяльнасці – гуманітарныя і тэхнічныя. Удзельнікам праграмы з верасня да чэрвеня раз на месяц будуць выплочваць стыпендыю € 450. Максімальны тэрмін падтрымання – 3 акадэмічныя гады.

Прыём дакументаў пачнецца 25 ліпеня. Каб прэтэндаваць на стыпендыю, абавязкова мець пацверджанне фактаў рэпрэсіяў.

«Трэба пацвердзіць, што вы ахвяра. Аднак мы падыходзілі не толькі фармальна, а з улікам усіх абставінаў. Таму нават калі няма дакументаў, што відавочна сведчаць пра тое, што студэнт стаўся ахвяраю, залічэнне магчымае», – зазначае Андрэй Лаўрухін.

Калі няма дакументальных пацверджанняў рэпрэсіяў, трэба падаць рэкамендацыйны ліст ад грамадскай арганізацыі, прадстаўніка ці прадстаўніцы грамадзянскай супольнасці, напрыклад, ад праваабарончых арганізацыяў, удзельнікаў Каардынацыйнай рады, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і да т. п., тлумачыцца на сайце стыпендыяльнай праграмы.

На гэты момант у межах SALT абвешчаны конкурс на атрыманне гранту на навуковае стажыяванне. Гэта магчымасць для навукоўцаў, аспірантаў, тых, хто піша і плануе абараніць дысертацыю. Тэрмін падачы заявак – да 30 чэрвеня.

Ці дыскрымінуюць у Еўропе беларускіх студэнтаў?

Каб трапіць у замежную ВНУ, Андрэй Лаўрухін раіць беларускім абітурыентам і студэнтам шукаць інфармацыю на сайтах навучальных установаў, уважліва чытаць пра ўмовы паступлення, тэрміны падачы дакументаў для замежнікаў, якія могуць адрознівацца ў розных установах. Але агулам звычайна ў еўрапейскіх універсітэтах прыёмная кампанія пачынаецца і заканчваецца пазней, чымся ў беларускіх. У кожным замежным ВНУ ёсць офіс для камунікацыі з замежнымі студэнтамі, куды туды трэба звяртацца, калі ўзнікаюць пытанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ehuofficial / Instagram

Спадар Лаўрухін сцвярджае, што дыскрымінацыі абітурыентаў і студэнтаў з Беларусі ў звязку з суўдзелам Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны не назіраецца:

«Такія выпадкі былі датычныя спецыяльнасцяў, веды з якіх могуць быць выкарыстаныя пры рыхтаванні зброі, на карысць вайскова-прамысловага комплексу. Гэта пастанаўляе канкрэтны ўніверсітэт. Але няма ніякіх забаронаў на ўзроўні Еўразвязу. Гэтак, ёсць прыклады адмаўлення ў візах, але ў цэлым я б не казаў, што ёсць нейкі трэнд на забарону беларусам. Ёсць агульнае стаўленне да ўласнікаў пашпарта краіны-суагрэсара, але гэта датычыць усіх, а не толькі абітурыентаў і студэнтаў. Наадварот, да маладых асобаў, студэнтаў часцей ставяцца з большым разуменнем, бо за імі будучыня, і яны яшчэ не заплямленыя ўладаю».

Пры гэтым на ўзроўні Еўразвязу ёсць імкненне стварыць спіс беларусаў, датычных да палітычных злачынстваў, каб адсочваць факты паступлення ці спробаў паступлення ў замежныя ВНУ іхных дзяцей, зазначае эксперт.

Вучыцца ў найлепшым універсітэце ЗША? Цалкам магчыма

Беларусы могуць трапіць на навучанне ў найлепшыя ВНУ Злучаных Штатаў, кажа рэгіянальны дырэктар Амерыканскіх радаў міжнароднай адукацыі Кевін Рэйлінг. Рады месцяцца ў Вільні, аднак дапамагаюць з паступленнем у ЗША ў тым ліку беларусам. Ёсць розныя праграмы рыхтавання для школьнікаў, а таксама для тых, хто заканчвае ці ўжо скончыў універсітэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпускнікі Гарвардскага юрыдычнага факультэту святкуюць уручэнне дыпломаў ва ўніверсітэцкім мястэчку ў Кеймбрыджы, штат Масачусэтс, ЗША.
Фота: Steven Senne / AP Photo / East News

«Таму нельга сказаць, што беларусу немагчыма паступіць у ЗША, – зазначае спадар Рэйлінг. – Штогод беларусы паступаюць у амерыканскія ВНУ з поўным пакетам фінансавання. Паводле нашых звестак, каля 350 беларусаў штогод навучаюцца ў ЗША – у Ельскім, Прынстанскім, Гарвардскім універсітэтах. Гэта не толькі тыя, хто паступіў праз нас, а агулам сярэдняя колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў амерыканскіх ВНУ. Якраз цяпер вядзецца набор на праграму «Humphrey», і мы дапамагаем амбасадзе ЗША яе правесці».

Каб падрыхтавацца да паступлення і навучання ў ЗША, патрэбныя мінімум паўтара года, мяркуе рэгіянальны дырэктар Амерыканскіх радаў міжнароднай адукацыі. Найперш трэба вывучыць мову:

«Ёсць шэраг стандартных тэстаў, якія могуць быць патрэбныя ў залежнасці ад ВНУ, праграмы, і да гэтых тэстаў трэба добра падрыхтавацца. Ёсць, напрыклад, тэст GRE – стандарт для паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты. Канкурэнцыя вельмі высокая, пра гэта трэба адразу сказаць, бо амерыканская адукацыя лічыцца адною з найлепшых, і таму трэба вельмі добра рыхтавацца, не тады, калі ўжо канчаеш школу, а пачынаць загадзя».

«Гэта ўнікальная магчымасць». Пра адукацыю ў Грузіі

Шмат беларусаў пасля пачатку рэпрэсіяў у 2020 годзе з’ехалі ў Грузію. Магчымасці для навучання ёсць і тут. Беларус Яўген Перапёлкін, які знайшоў у Грузіі сховішча ад пераследу на радзіме, паступіў у Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт на сацыяльна-палітычны факультэт, дзе вывучае журналістыку. Для замежнікаў існуюць два варыянты паступлення ў грузінскія ўніверсітэты:нароўні з мясцовымі, і тады можна трапіць на бясплатнае навучанне, ці цалкам на платнай аснове.

«Пры першым варыянце здаюцца экзамены: гісторыя Грузіі, грузінская мова і профільныя прадметы. Калі чалавек паступае так, то ён мае ўсе тыя ж перавагі, што і грамадзянін Грузіі. Напрыклад, можа атрымліваць гранты. Пашпарт увогуле не мае значэння», – апавядае Яўген.

Калі магчымасці здаць усе гэтыя іспыты няма, можна паступіць без іх, але з поўнай аплатаю навучання.

«На маёй спецыяльнасці гэта 1250 лары (прыкладна $ 500) за семестр. І ўсё адно я маю права на стыпендыі і зніжкі пры ўмове, што маю высокі сярэдні бал. Кошт навучання супастаўляльны з РБ, але тут зусім іншы ўзровень адукацыі. Напрыклад, Балонская сістэма інтэграваная цалкам і зусім не падобная да нашага савецка-наменклатурнага навучання, – адзначае беларус. – Дзякуючы Балонскай сістэме праз 4 гады студэнт атрымлівае ступень бакалаўра, а не спецыяліста, як у нас. У дыпломе пішацца твой GPA (сярэдні бал), і пры яго высокім паказніку можна няблага палепшыць шанцы на магістратуру ў Брытаніі ці Заходняй Еўропе, напрыклад. Тут працуе сістэма абмену студэнтамі з ЕЗ «Erasmus».

Малюнак на сцяне Галоўнай бібліятэкі Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Фота: асабісты архіў Яўгена Перапёлкіна

Навучанне ў грузінскіх ВНУ вядзецца на трох мовах: англійскай, грузінскай і расейскай. На расейскай вельмі мала спецыяльнасцяў, і яны не надта каціруюцца, зазначае Яўген. Ведаць грузінскую мову трэба хаця б на базавым узроўні. Яўген не вучыў мовы адмыслова, не займаўся з рэпетытарам, кажа, што ў моўным асяроддзі «само неяк навучылася».

«Паступіць у грузінскую ВНУ нескладана, кошты невысокія, адукацыя еўрапейская, краіна і людзі цудоўныя. Далей ёсць добрыя перспектывы акадэмічнага развіцця. Гэта ўнікальны досвед увогуле. На мой погляд, гэта даступны варыянт атрымаць еўрапейскай якасці адукацыю. Нават візы сюды не трэба. А праз навучанне даюць ВНЖ», – рэзюмуе суразмоўца.

Якія яшчэ ёсць магчымасці для беларускіх студэнтаў

Friedrich Ebert Foundation – стыпендыя ад DAAD (Нямецкая служба акадэмічнага абмену) для студэнтаў. Улучае комплексную праграму семінараў, якая дапамагае падвысіць сацыяльныя кампетэнцыі ды акадэмічныя навыкі кандыдатаў. Памер стыпендыі – € 830 на бакалаўрыяце і € 850 у магістратуры. Тэрмін падачы заяўкі – двойчы на год: 31 траўня і 30 лістапада.

Scholarships for Full-Time Master Degree Studies – літоўскі грант на навучанне для кандыдатаў з Беларусі, якія скончылі бакалаўрыят у любой краіне і маюць дазвол на пражыванне ў Літве. У межах праграмы можна атрымаць штомесячную стыпендыю памерам € 490 і пакрыццё выдаткаў на навучанне ў магістратуры. Тэрмін падачы заяўкі – да 22 траўня.

Heinrich-Böll-Stiftung – стыпендыі для студэнтаў і дактарантаў з усіх краінаў на навучанне ва ўніверсітэтах і тэхнічных каледжах Нямеччыны. Сума стыпендыі – у залежнасці ад праграмы: ад € 800 да € 1350. Тэрмін падачы заяўкі – да 1 верасня.

Estonian Government Scholarship – стыпендыі на навучанне ў эстонскай ВНУ (бакалаўрыят, магістратура, дактарат). Падтрымліваюцца ўсе кірункі навучання, як праз абмен, гэтак і для атрымання ступені. Стыпендыя складае ад € 350 на бакалаўрыяце і ў магістратуры да € 660 у аспірантуры. Тэрмін падачы заяўкі – да 1 верасня.

Колькі беларусаў вучацца за мяжою?

Паводле Таццяны Шчытцовай, дарадцы Офісу Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі, у Польшчы ў 2022 годзе навучаліся каля 11 тысяч студэнтаў, у Літве – каля 1,5 тысячы, у Расеі – прыблізна 12 тысячаў. Эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін прыводзіць наступныя лічбы адносна колькасць беларускіх студэнтаў за мяжою:

«Цяпер каля 30 тысячаў студэнтаў навучаюцца за мяжою, грамадзянак і грамадзянаў Беларусі, маладых грамадзянаў Беларусі. Гэта больш за 10 % ад колькасці выпускнікоў».

Найбольш папулярны кірунак для беларускіх студэнтаў сёння – Польшча. З кожным годам сюды ўсё больш беларусаў едзе вучыцца, а колькасць тых, хто паступае ў Расею, скарачаецца, зазначае спадар Лаўрухін.

Адсочваць адукацыйныя магчымасці па ўсім свеце беларусы могуць у дайджэсце «Асвета». Двойчы на месяц там публікуецца спіс актуальных праграмаў і конкурсаў для адукацыі ды рэалізацыі навуковых праектаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў