Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 29 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Баявыя дзеянні ва Украіне на вечар 29 красавіка 2022 года. Графіка «Белсату»

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 23 тысячаў чалавек. Пры гэтым расейская служба Бі-Бі-Сі прааналізавала звесткі 1899 вядомых загінулых расейскіх вайскоўцаў. Паводле выдання, пятая частка складаецца з дэсантнікаў, 19 % – гэта афіцэры і генералы, таксама большая частка загінулых – выхадцы з дэпрэсіўных або напалову дэпрэсіўных рэгіёнаў Расеі.

Hавiны
Бі-Бі-Сі прааналізавала звесткі загінулых расейскіх вайскоўцаў: большасць з іх – выхадцы з дэпрэсіўных рэгіёнаў
2022.04.29 16:24

Украінскія ўлады правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі. Дамоў вярнуліся 45 вайскоўцаў – 13 афіцэраў і 20 салдатаў (з якіх 5 параненыя). Таксама гаворыцца пра вызваленне 12 цывільных асобаў.

Разам з тым у Офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што 29 красавіка плануецца эвакуацыя мірных жыхароў, якія застаюцца на металургічным заводзе «Азоўсталь». Таксама гаворыцца, што пасля эвакуацыі цывільных асобаў Украіна паспрабуе правесці эвакуацыю самых цяжкіх параненых з заводу. Нагадаем, што 28 красавіка генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заявіў, што вядзецца інтэнсіўнае абмеркаванне магчымасці эвакуацыі з заводу «Азоўсталь» у Марыупалі. На дзень раней Гутэрыш наведаў Маскву і прапанаваў прэзідэнту Расеі дапамогу ААН у каардынаванні намаганняў для эвакуацыі з Марыупалю.

У гэты ж час у ААН паведамілі, што ўжо зафіксавалі амаль 6 тысяч выпадкаў меркаваных ваенных злачынстваў ва Украіне. Паводле генеральнага пракурора Украіны Ірыны Вэнэдзіктавай, ейнае ведамства распачало ўжо больш за 8 тысяч расследаванняў па фактах парушэння законаў вядзення вайны.

Аб’ектыў
ААН паведамляе пра амаль 6 тысяч ваенных злачынстваў ва Украіне
2022.04.28 23:43

Кіраўніца Цэнтру аналізу публічных фінансаў і публічнага кіравання Кіеўскай школы эканомікі Дарына Марчык распавяла, што страты ад разбуранай Расеяй маёмасці (жылых дамоў, дарог, аэрапортаў, цывільнай інфраструктуры) складаюць мінімум 88 мільярдаў долараў. А наўпроставыя і ненаўпроставыя страты эканомікі ў выглядзе страты інвестыцыяў, падзення ВУП, прыпынення працы бізнесу дасягнулі амаль 600 мільярдаў долараў. Атрыманне рэпарацыяў з боку Расеі пасля заканчэння вайны экспертка лічыць магчымым праз перадачу краіне замарожаных актываў Цэнтрабанку РФ за мяжою.

Тым часам ААН гатовая выплочваць наяўную дапамогу ўкраінцам. Да канца жніўня выплаты могуць атрымаць два мільёны чалавек. Суму дапамогі чыноўнік не ўдакладніў, але заўважыў, што гэта павінна адбывацца ў каардынацыі з урадам Украіны.

Кангрэс ЗША пастанавіў адкрыць ленд-ліз для Украіны. Палата Прадстаўнікоў пераважнаю большасцю надала Джо Байдэну паўнамоцтвы даць Украіне беспрэцэдэнтную дапамогу. Падобную ЗША давалі толькі хаўруснікам у часе Другой сусветнай вайны.

Чакаюць, што ЗША паставяць ва Украіну наступнае ўзбраенне:

  • танкі трэцяга пакалення «M1A2 Abrams»,
  • баявыя машыны пяхоты ЗША «M2A3 Bradley»,
  • самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «M109A6 Paladin»,
  • рэактыўныя сістэмы залпавага агню на колавым шасі HIMARS,
  • універсальная пускавая ўстаноўка / РСЗА M270 MLRS,
  • нарвежскі ЗРК NASAMS 2,
  • ЗРК «Patriot»,
  • шматфункцыйныя знішчальнікі 4-га пакалення F-16 C/D.

Між тым Польшча перадала Украіне больш за 200 танкаў Т-72 і некалькі дзясяткаў баявых машынаў пяхоты. Усяго ў Польшчы было амаль 400 адзінак танкаў Т-72, ​​частка з якіх у 2019 годзе была мадэрнізаваная, у асноўным палепшылі агнявую моц. Але Украіне найперш перадалі тыя, якія не прайшлі мадэрнізацыі.

Акрамя танкаў, Польшча паставіла ва Украіну самаходныя гаўбіцы 2С1 «Гваздзік», ракетныя сістэмы залпавага агню «Град», ракеты «паветра – паветра» для самалётаў МіГ-29 і Су-27. Таксама ва Украіну даставілі беспілотнікі польскай вытворчасці «WB Electronics», дроны «Warmate», пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Пярун» і вялікую колькасць боепрыпасаў.

У выніку ракетнага ўдару па Кіеве ўвечары 28 красавіка загінула журналістка радыё «Свабода» Вера Гірыч. Яна была ў жылым доме, у які трапіў снарад. Ратавальнікі знайшлі цела жанчыны пад абломкамі сёння раніцаю.

Hавiны
Пры ўчорашнім абстрэле Кіева пацярпелі 10 чалавек
2022.04.29 09:22

ВК belsat.eu

Стужка навінаў