Брытанская выведка пацвердзіла поўнае знішчэнне расейскага карабля «Новачэркаск»


Выведка Мінабароны Вялікай Брытаніі пацвердзіла, што расейскі карабель «Новачэркаск» быў цалкам знішчаны ўкраінскімі ракетамі на паўднёвым узбярэжжы акупаванага Крыму.

падбіты расейскі карабель
Выбухі ў Феадосіі, у выніку якіх быў падбіты расейскі карабель «Новачэркаск». Крыніца: Times of Ukraine / Telegram

Міністр абароны Вялікай Брытаніі Грант Шэпс адзначыў у допісе ў сацыяльнай сетцы X (былы Twitter), што Расея ўводзіла ў зман, заяўляючы, што вайсковы карабель Пуціна «Новачэркаск» быў толькі пашкоджаны. «Ён быў цалкам знішчаны», – падкрэслівае Грант.

«Звесткі з адкрытых крыніцаў сведчаць, што, падобна, карабель перавозіў выбухованебяспечны груз, які выклікаў моцны другасны выбух пасля ўдару па караблю», – сцвярджае брытанская выведка.

Карабель «Новачэркаск» Чарнаморскага флоту РФ – ужо трэцяе вялікае дэсантнае судна, страчанае Расеяй за час вайны ва Украіне. Да гэтага ў сакавіку 2022 года затануў «Саратаў», а ў верасні 2023 года быў моцна пашкоджаны «Менск».

Расея, паводле брытанскай выведкі, хацела выкарыстоўваць такія караблі для маштабных дэсантных нападаў на тэрыторыі Украіны, таму падвоіла іх колькасць у Чорным моры. Апошнім часам дэсантныя караблі выкарыстоўваліся пераважна для матэрыяльна-тэхнічнага падтрымання. У прыватнасці, для падтрымання «жыццёва важных і вельмі нестабільных аўтамабільна-чыгуначных камунікацыяў Крымскага мосту».

Інфармацыя пра знішчэнне карабля «Новачэркаск» украінскімі сіламі з’явілася 26 снежня. Удары па караблю былі нанесеныя крылатымі ракетамі. Паводле ўкраінскіх СМІ, «Новачэркаск» мог перавозіць дроны «Shahed», якімі РФ атакуе тэрыторыю Украіны. Нагадаем, што «Новачэркаск» быў пашкоджаны 24 сакавіка 2022 года пры атацы на порт Бярдзянску.

Аб’ектыў
ЗСУ знішчылі вялікі дэсантны карабель ЧФ Расеі «Новачэркаск»
2023.12.26 20:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў