Што адбываецца ў Беларускай федэрацыі футболу?


Беларускую федэрацыю футболу ліхаманіць ужо некалькі год  – клубы знікаюць, непаразуменні множацца. Мінулы сезон  не стаў выключэннем. Чарговым клубам, якога наўпрост падманулі, стаў прадстаўнік рагачоўскага футболу. Рэгіёну, што жыве ў беларускай футбольнай прасторы ад пачатку 80-х.

Дарэмныя высілкі «Макслайна»

Гаворка ідзе пра клуб «Макслайн», які стварыла букмекерская кампанія з такой жа назвай.  Гістарычная назва клубу – «Днепр». Стварыўшы каманду, «Макслайн» яе пераіменавала, але пакінула ў Рагачове. Калектыў выдатна правёў сезон і выключна па спартовым прынцыпе заваяваў права на наступны год, у 33-м нацыянальным чэмпіянаце, выступаць у элітным дывізіёне – найвышэйшай лізе. Але тут нечакана высветлілася, што ўсе высілкі былі дарэмныя.

Фота: Футбольный клуб «Макслайн» / vk.com

Кіраўніцтва клубу ўвесну, перад пачаткам чэмпіянату не прапільнавала, а федэрацыя ці наўмысна, ці па нявер’і, што «Макслайн» чагосьці даможацца, не звярнула ўвагу на тое, што, уласна, каманда першапачаткова не можа трапіць у эліту, бо законы федэрацыі дазваляюць гэта толькі структурам, якія два сезоны запар былі чальцамі АБФФ. У «Макслайна» гэткага «шчасця» не было і нашто яго дапускалі да пераходных гульняў за права дэбютаваць у найвышэйшай лізе – застаецца загадкаю і выглядае як здзек.

Прынамсі, федэрацыя беспардонна ўмыла рукі і ад свайго не адступілася. 26 снежня каманда «Макслайн» не выйшла з адпачынку, і ў гэты ж дзень галоўны трэнер каманды (цяпер былы) Юрый Пунтус ахвотна збег у наваполацкі «Нафтан», які вярнуўся ў найвышэйшую лігу. Што рабіць далей Рада дырэктараў клубу з Рагачова будзе раіцца міжсобку 3 студзеня.

Новы старшыня – новыя практыкі

Знікненне і расфармаванне чальцоў нацыянальнага чэмпіянату стала звычайнай практыкаю з прыходам на пасаду  старшыні Беларускай федэрацыі футболу Уладзіміра Базанава – ён быў абраны 27 сакавіка 2019 года. Да гэтага часу выпадкаў расфармавання клубаў не было сем гадоў (у 2012-м быў зняты са спаборніцтваў менскі «Партызан»).

Ужо ў 2019-м з мапы прафесійных футбольных клубаў краіны знікла сталічнае «Тарпеда», у 2021-м скончылі сваё існаванне «Гарадзея» і «Спадарожнік» з Рэчыцы, а напачатку сезону – 2022 берасцейскі «Рух» (клуб пад такой назваю ўпершыню з’віўся ў 1922 годзе, калі Берасце было сталіцаю Палесскага акружнога футбольнага звязу, а каманда выступала ў чэмпіянаце Палесся) паведаміў БФФ аб тым, што не здолее згуляць у найвышэйшым дывізіёне з-за фінансавай няздатнасці і заявіцца ў другую лігу.

Найвышэйшая ліга не ўсім па кішэні

Зараз новая непрадказальная нявызначанасць – «Макслайн». У найвышэйшую лігу не пусцілі і лёс каманды падвесіўся. Ну а федэрацыя зноў сабе нарадзіла гузака на хворую галаву. Без «Макслайна» выбудоўваецца нястройная структура чэмпіянату з нецотнай колькасцю камандаў  – зараз іх 15. Гэта галаўны боль для арганізатараў, бо пары не складаюцца і трэба ламаць усю сістэму.

Федэрацыя адчайна стараецца выратавацца, але час такі, што каму ні прапаноўваюць найвышэйшую лігу, нават шостай камандзе другога дывізіёну – не хочуць, упарта не хочуць – узносы штогод растуць і большасці не па кішэні. Адмовіўся нават «Віцебск», пра што канкрэтна заявіў дырэктар ФК Мікалай Вайцюхоўскі ў інтэрв’ю клубнай прэс-службе:

«Камусьці сумна, вось і выдумляюць усялякія байкі, што «Віцебск» пагодзіцца выступаць у найвышэйшай лізе. Мы будзем удзельнічаць толькі ў Першай лізе. Зразумела, што нашыя і гэтак не самыя найлепшыя ўмовы аплаты ў новым сезоне яшчэ пагоршацца. І я, нават, не магу сказаць, хто застанецца. Але спадзяюся на разуменне дасведчаных хлопцаў».

Фота: Футбольный клуб «Макслайн» / vk.com

Міжсезонне працягваецца, каманды выходзяць з адпачынку. Але на сённяшні дзень найвышэйшая ліга складаецца з няцотнай колькасці калектываў. Партал Football.by узгадвае, што раней такая «усечаная» схема календару была датаваная чэмпіянатам 2012 году (там было 11 камандаў). А да гэтага – у другім сезоне нацыянальнага чэмпіянату (1992-1993) – 17 камандаў. То бок, выпадак 2023 году можа стаць толькі трэцім у больш як 30-ці гадовай гісторыі нацыянальнага футболу. Дарэчы, і ў першай лізе зараз налічваецца максімум 14 камандаў. АБФФ плануе пашырыць гэты дывізіён да класічнай для федэрацыі схемы ў 16 калектываў.

На студзень Аляксандр Лукашэнка анансаваў змены ў кіраўніцтве міністэрства спорту і турызму. Магчыма, як след, нешта зрушыцца і ў Доме футболу. Але ці знойдзецца ў кадравым рэестры такі крызісны менеджар, які здолее хутка вярнуць нацыянальны чэмпіянат у прыстойны выгляд? Бо дзеля гэтага трэба будзе выявіць вялізны аб’ём самастойнасці. Па-іншаму цяпер ужо падняць беларускі клубны футбол у гору аніяк не атрымліваецца.

Аляксандр Пуціла  belsat.eu

Стужка навінаў