Першакурсніка расейскай ВНУ арыштавалі за бел-чырвона-белы сцяг на вокладцы студэнцкага білета


У Расеі арыштавалі першакурсніка Маскоўскага інстытуту электроннай тэхнікі праз бел-чырвона-белы сцяг на вокладцы студэнцкага білета. Акрамя таго, хлопца аштрафавалі за вокліч «Слава Украіне», піша Telegram-канал «Осторожно, новости». Спачатку ў медыях з’явілася інфармацыя, што маладзён – беларус, але ў судовым рашэнні пазначана, што ён нарадзінец Байкануру і грамадзянін Расеі.

Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Хлопец у аўдыторыі Маскоўскага інстытуту электроннай тэхнікі нібыта заявіў, што расейскія ўлады і грамадзяне – фашысты, і прамовіў «Слава Украіне». Пра гэта даведаўся кіраўнік аддзелу ВНУ, які адказвае за мабілізацыйнае рыхтаванне і вайсковы ўлік, Фарыд Абдулін. Ён напісаў заяву ў паліцыю.

У выніку 24 кастрычніка маладзёна затрымалі на ўваходзе ў інстытут.

Бел-чырвона-белы сцяг на вокладцы студэнцкага білета палічылі сімволікаю палка Каліноўскага, які, паводле версіі расейскіх сілавікоў, звязаны з легіёнам «Свобода России». Гэтае фармаванне расейцаў, якія ваююць на баку Украіны, прызнанае ў Расеі тэрарыстычнай арганізацыяй і забароненае.

Вось цытата з судовай пастановы:

«Здзейсніў публічнае дэманстраванне сімволікі ўзброенага фармавання «Полк імя Кастуся Каліноўскага», што ёсць адгалінаваннем (філіялам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь) Украінскага ваенізаванага аб’яднання Легіён «Свабода Расеі» (другая карыстаная назва «Легіён Свабода Расеі»)».

Работнік Маскоўскага інстытуту электроннай тэхнікі Фарыд Абдулін.
Фота: zelao.ru

За «крамольную вокладку» студэнту прызначылі 5 содняў арышту. Фармальна гэта палічылі «публічнаю дэманстрацыяй экстрэмісцкай сімволікі», бо хлопец паказваў дакумент падчас паездак у грамадскім транспарце і пры ўваходзе ў ВНУ. А за вокліч «Слава Украіне» і словы «грамадзяне РФ і кіраўніцтва РФ ёсць фашыстамі ў адрозненне ад грамадзянаў Украіны» студэнта аштрафавалі на 35 тысячаў расейскіх рублёў (каля 1200 беларускіх у пераліку). Зеленаградскі раённы суд палічыў гэта «публічнымі дзеяннямі, скіраванымі на дыскрэдытацыю выкарыстання Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі дзеля абароны інтарэсаў Расейскай Федэрацыі ды яе грамадзянаў, падтрымання міжнароднага міру і бяспекі».

Медыі спачатку напісалі, што гэты студэнт – беларус. Аднак у судовых дакументах маецца інфармацыя, што ён нарадзінец гораду Байканур, мае расейскае грамадзянства і зарэгістраваны ў падмаскоўным Сонечнагорску. Пры гэтым на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» маладзён пазначыў родным горадам Менск.

У Расеі фактычна забароненая любая крытыка вайны, якую там называюць «спецыяльнаю вайсковай аперацыяй». За «дыскрэдытацыю войска» і «фэйкі пра армію» прадугледжаная і адміністратыўная, і крымінальная адказнасць.

Hавiны
За антываенную пазіцыю ў Расеі былі пакараныя 21 000 чалавек
2023.07.20 14:45

СК belsat.eu

Стужка навінаў