Супраць журналіста Ігара Карнея распачалі крымінальную справу


Затрыманага 17 ліпеня ў Менску журналіста Ігара Карнея перавялі ў СІЗА з ізалятару часовага ўтрымання на Акрэсціна, паведаміла ягоная дачка Паліна Карней у Facebook. Гэта азначае, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.

Ігар Карней.
Фота: Радыё Свабода

17 ліпеня сілавікі правялі ператрус у доме Ігара Карнея, былога журналіста-фрылансера радыё «Свабода». Яго затрымалі і змясцілі пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску на 10 содняў адміністратыўнага арышту, паведамляла тады ягоная дачка Паліна. Пры ператрусе ў ягонай кватэры міліцыя выняла камп’ютары і тэлефоны.

Ужо тады дачка Карнея лічыла, што ён затрыманы паводоле крымінальнага артыкулу, але паводле якога менавіта, яна не ведала. Абвінавачанні не вядомыя да гэтага часу.

Ігара Карнея затрымоўвалі ў 2020 годзе. Тады журналіст правёў 10 содняў за кратамі за ўдзел у нядзельным маршы. Ён працаваў пазаштатным карэспандэнтам радыё «Свабода» ў Беларусі з 2001 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў