У Гаазе падчас пратэстаў затрымалі больш за 1500 чалавек


Актывісты экалагічнага руху Extinction Rebellion правялі ў Гаазе дэманстрацыю супраць выдачы дзяржаўных субсідыяў на здабычу выкапнёвага паліва. Паліцыя выкарыстала для разгону акцыі вадамёты, паведамляе DW.

Агулам, па ацэнках арганізатараў, у акцыі прынялі ўдзел каля 6 тысяч чалавек. Пратэстоўцы заблакавалі рух на аўтамагістралі A12, якая праходзіць праз горад. Паліцыя Нідэрландаў затрымала мінімум 1579 удзельнікаў дэманстрацыі.

Сярод затрыманых – зорка «Гульні тронаў» актрыса Карыс ван Хаўтэн, вядомая па ролі жрыцы Мелісэндры ў серыяле «Гульня тронаў». Пазней яе адпусцілі з аддзелу паліцыі.

Як мінімум 40 чалавек будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Сярод іншага іх абвінавачваюць у псаванні маёмасці, абразах прадстаўнікоў улады, а ў адным з выпадкаў актывіст укусіў супрацоўніка паліцыі.

Гэта не першая акцыя руху на аўтастрадзе, якая праходзіць пад падобнымі лозунгамі. У сакавіку на аналагічнай дэманстрацыі былі затрыманы каля 700 чалавек.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў