«Мінімум чатыры гадзіны». Пагутарылі з беларусамі, якія працягваюць ездзіць у Літву і Польшчу


Ехаць у падарожжа за мяжу ці крыху пачакаць? Гэтае пытанне цяпер турбуе шмат якіх беларусаў.

На беларуска-польскай мяжы для легкавікоў застаўся адкрытым толькі адзін пункт пропуску, «Берасце – Тэрэспаль». З гэтай прычыны чарга з падарожнікаў уражвае сваёй даўжынёю. Паводле Памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь, акурат тут збіраецца самая вялікая колькасць аўтаў, якія спрабуюць выехаць у краіны Еўразвязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michal Kosc / Agencja Wschód / REPORTER

«Не магу сказаць дакладна, колькі машынаў было, але шмат. І рухалася гэтая чарга марудней (калі казаць пра шлях з Варшавы) або хутчэй (што да дарогі з Менску), чым для маршрутных таксі і аўтобусаў. Кіроўцы ўздыхаюць, часам не стрымліваючы нерваў, перажываючы, што не паспяваюць. Але агулам усё ціха. Хіба баяцца праблемаў. Некаторыя людзі, што едуць аўтобусам, просяцца перасесці ў іншыя, якія стаяць у чарзе бліжэй да пункту пропуску. Натуральна, гэта каштуе грошай: 80–160 рублёў», – распавядае Валянціна, якая ехала ездзіла з Варшавы дадому, у Менск.

Паводле яе, трэба рыхтавацца прастаяць на мяжы гадзіны чатыры, калі казаць пра дарогу ў Беларусь, а ў Еўразвяз – мінімум дзесяць гадзінаў: прыкладна восем з іх – на чаканне, дзве – на правяранні. Адзін аўтобус памежнікі правяраюць каля 40 хвілінаў. Не трэба забывацца і пра так званую перазменку, падчас якой памежны пункт не працуе і гадзіну рух проста стаіць. Самі ж правяранні могуць быць рознымі. Ёсць гісторыі, калі працаўнікі мытнага кантролю чапляліся нават да дазволеных для перавозу прадуктаў.

«Калі я ехала мінулы раз праз польскую мяжу, беларусы трэслі ўсіх, асабліва тых, у каго шмат сумак было, тэхніка. Як нейкая зайздрасць да людзей, што могуць сабе гэтыя пакупкі дазволіць. Пра штрафы не чулі, вядома, але пра тое, як людзям прыходзілася нешта выкінуць – іншая рэч. Гэтым разам было не так дапытліва. Думаю, што ўсё ад змены залежыць. Ад настрою», – распавядае Алена, якая перыядычна ездзіць да бацькоў у Віцебск.

Дзяўчына бачыла і правяранне тэхнікі, але іхнага аўтобуса не чапалі, дасталася рэйсу перад імі: «Бачыла, так! Страшна стала, бо не разумееш, што там адбываецца: ці то да канкрэтнага чалавека прычапіліся, ці так «пашчасціла» ўсяму аўтобусу… Хлопцы побач са мной, убачыўшы гэта, пачалі хутка вычышчаць тэлефоны, ноўтбук. Але нас пусцілі так».

На ровары ці пешшу гэтую мяжу перайсці не ўдасца – забаронена.

Яшчэ адзін наш суразмоўца паспытаў шчасця на беларуска-літоўскім памежным пункце, але карціна там не лепшая.

«Выязджалі з Беларусі праз «Катлоўку», стаялі больш за дзесяць гадзінаў, аўтамабіляў перад намі было прыкладна сорак пяць. Вельмі марудна працавалі літоўскія памежнікі, гэта стала заўважна, калі мы да іх падʼехалі. З пытанняў нічога дзіўнага не задавалі: мэта паездкі, куды едзем», – кажа Мікалай, які наважыўся на падарожжа праз Літву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Адваротны шлях у Беларусь праз той жа памежны пункт у нашага суразмоўцы заняў нашмат меней: «Аўтамабіляў амаль не было. Каля гадзіны прастаялі, вельмі ўдала трапілі, думаю».

Калі ж гаварыць аб правяранні, то «Катлоўка» цяпер больш прыдатная для бяспечнага пераходу. Прынамсі, гэтак лічаць Наста з Андрэем, якія ўжо некалькі разоў ездзілі ў Польшчу праз літоўскую мяжу.

«Усё роўна ў нас хутчэй атрымлівалася даехаць такім шляхам. Ды і ў Беласток можна на закупы завітаць. Праз Літву так не трасуць, як праз Берасце. Мо там мытнікі больш лаяльныя да людзей, чалавечныя… Ці так толькі нам удавалася? Але нават каўбасы не кранулі мінулым разам, хоць яна на самым бачным месцы ляжала! Махнулі рукой, сказалі, каб ехалі. Ды і стаялі ў адваротны бок мо паўгадзіны плюс час на сам пераход мяжы – не параўнаць з тым, як людзі гадзінамі тусуюцца ў Тэрэспалі на шляху ў Беларусь!»

Нашым героям пашчасціла, і яны не сутыкнуліся з падвышанай увагай да тых, хто перасякае мяжу, але выпадкі такія былі. Таму падарожнікам мы між іншага раім прыняць усе захады асабістай бяспекі: калі няма магчымасці ўзяць з сабой пустыя дэвайсы – варта пачысціць тыя, якія ў вас на руках. Не толькі ад «нядобранадзейных» сацыяльных сетак, але і ад СМС, лістоў і фотаздымкаў. Таксама варта паставіць падвойную аўтэнтыфікацыю на Telegram і асабісты акаўнт Google. Падрабязней пра гэта мы пісалі тут.

Да таго ж нашыя суразмоўцы раяць узяць з сабой шмат вады, ежы і цярплівасці, а таксама запланаваць уласны маршрут з запасам на паўдня.

Інфармацыю ў рэальным часе пра чэргі на пунктах пропуску можна спраўдзіць тут.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў