Можна адрэзаць вуха чужому чалавеку, але кусаць локці давядзецца сабе

Тэракт у «Крокус Сіці Холе», падобна, паклаў пачатак новай эры ў гісторыі Расеі. Яна ўжо цёмная і жудасная. Вонкі вылезла ўсё тое, што раней хавалася ад усяго цывілізаванага свету. Крэмль даў зразумець, што больш не лічыць сябе яго часткай. Падзеі апошніх дзён красамоўна сведчаць пра гэта.

Адзін з падазраваных ва ўдзеле ў нападзе на «Крокус Сіці Хол», у выніку якога загінулі 139 чалавек, сядзіць у клетцы ў чаканні слухання аб яго папярэднім зняволенні ў Басманным судзе Масквы, Расея. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News

Сам тэракт адбыўся акурат тады, калі абывацелі пачалі бачыць у сацсетках падтасоўванне вынікаў галасавання і паціху абмяркоўваць падман. Але жорсткі і цынічны тэракт адсунуў усё на задні план.

Увесь свет скалануўся ад убачанага. Сілавікі дэманстратыўна катавалі затрыманых на камеру – аднаго б’юць токам па геніталіях, другому адразаюць вуха і засоўваюць яго ў рот. На кадрах з залі суда, куды затрыманых прывезлі пасля катавання, адзін у беспрытомным стане, другі з адрэзаным вухам, трэці з пакетам на шыі.

Пуцін заявіў, што акрамя тых, каго затрымалі ў белым «Рэно», схапілі яшчэ адзінаццаць чалавек і дваіх тэрарыстаў застрэлілі ў самім будынку «Крокус Сіці Холу». Пуцін сказаў, што затрыманыя ўсе тэрарысты.

Дык пра каго канкрэтна гаворка? Народу паказалі толькі тых, каго затрымалі з аўтамабілем у Бранскай вобласці. Трупаў двух тэрарыстаў ніхто не бачыў. Гэтых іншых, якіх цяпер павінны дапытваць і абіраць ім меру стрымання, таксама ніхто не бачыў. Арышты, тым часам, працягваюцца. Грабуць усіх, хто хоць нейкім бокам патэнцыйна датычны да тэракту. Арыштаваны чалавек, які здаў кватэру аднаму з меркаваных нападнікаў. Ён здаў яе праз сайт, як гэта робяць сотні тысяч людзей у краіне. Ды што там кватэра! Арыштоўваюць былых уладальнікаў злашчаснага белага «Рэно» і нават іхных сваякоў.

Але чым далей, тым больш пытанняў наконт удзельнікаў тэракту. У сацсетках людзі абмяркоўваюць усе нестыкоўкі афіцыйнай версіі. Вельмі хутка нарадзілася падазрэнне, што ў канцэртнай залі знаходзілася група людзей у сінім і яны нібыта аддавалі загады, у тым ліку зачыніць дзверы, каб было больш ахвяраў. Людзі параўноўвалі здымкі чалавека ў сінім у «Крокусе» і сілавіка на шашы пад Бранскам і пагаджаліся, што гэта адзін і той жа чалавек, і хутчэй за ўсё ён супрацоўнік ФСБ. Вось яно – яскравае сведчанне таго, як у народзе ставяцца звычайныя людзі да спецслужбаў ды яшчэ ў такой сітуацыі.

Нестыковак і праўда вельмі шмат. Людзі здымалі тое, што адбывалася, на тэлефоны, і на відэа відаць, што тэрарысты былі без масак, а потым на відэа «Ісламскай дзяржавы» яны з заблюранымі тварамі. Але які ў гэтым сэнс, калі яны ўжо арыштаваныя?

Калі тых, хто нападаў са зброяй, было не чацвёра, а больш, то як усе яны змясціліся ў адным аўце? Калі сілавікі заявілі, што зброю і патроны яны знайшлі на месцы злачынства, то чаму потым на відэа з Бранскай вобласці пытаюцца ў затрыманых, дзе тыя выкінулі зброю – бліжэй да Падмаскоўя ці да Бранску?

Чаму тэрарысты не разбегліся па адным, каб схавацца і перачакаць, а дэманстратыўна селі ў аўтамабіль і на вачах у сведак адправіліся да «акна» ва Украіну?

Пры гэтым ім абяцалі па 500 тысяч рублёў за тэракт, а перавялі толькі 250 ды яшчэ ў расейскіх рублях на расейскія карткі. Як бы ім тады перавялі ва Украіну рэшту грошай? І што гэта за «акно»? Які ідыёт рызыкне пайсці праз умацаваную зону за дваццаць кіламетраў да ўкраінскай мяжы, а потым па тэрыторыі самой Украіны праз мінныя палі? Нават калі ў яго на картцы цэлых 500 тысяч рублёў. Гэтыя пытанні задаюць людзі самых розных прафесіяў.

19-гадовага Мухамадсабіра Файзава даставілі ў суд з рэанімацыі, у залу яго завозілі на насілках у суправаджэнні медыкаў. Яму ўсталявалі катэтар і мачапрыёмнік. Масква, Расея. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News

Адказаў няма. Як і да гэтага часу няма адказаў на пытанні, якія задавалі ў першыя гадзіны пасля трагедыі. Чаму ўлады праігнаравалі папярэджанні ЗША аб рыхтаваным тэракце? Як тэрарыстам удалося ўчыніць бойню ў прыгарадзе Масквы і ўцячы з месца злачынства? Чаму ахова мела толькі грамадзянскія сродкі абароны? Чаму сілавікоў не было ў патрэбны момант, каб абараніць людзей? І гэта толькі тыя пытанні, якія тычацца самога тэракту, хто б яго ні ўчыніў.

Значна больш трывожных пытанняў выклікае сітуацыя, якая склалася пасля тэракту.

Як разумець дэманстрацыю на публіцы жорсткага катавання затрыманых? Ясна, што расейская праваахоўная сістэма была вельмі далёкая ад дасканаласці, але прынамсі на вачах у публікі такога не рабілі.

Шмат пытанняў наконт размаху праяваў ксенафобіі з боку ўладаў. Ужо ў дзевяці рэгіёнах Расеі забаранілі браць на працу іншаземцаў. Зразумела, пра каго ідзе гаворка, напрыклад, у парку таксі Наўгародскай вобласці.

Тут і дэпутаты «прачнуліся» і ўзнялі пытанне аб вяртанні смяротнага пакарання. Спікер Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін заявіў, што пасля выхаду Расеі з Рады Еўропы гэта сталася магчымым. Раней было нельга, бо пратакол № 6 Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека забараняе забойства. І мала каго спыняюць супярэчнасці ў расейскім жа заканадаўстве.

У мітусні ледзь не забыліся пра «ўкраінскі след». Бо тэма ж агучаная самім Пуціным. Падумаеш, «Ісламская дзяржава» там нешта заявіла. На дапамогу свайму гаспадару прыйшоў Уладзімір Мядзінскі. Ну, у яго і пасада такая – памочнік прэзідэнта. Дык вось ён знайшоў у лідара афганскага крыла «Ісламскай дзяржавы» Шагаба аль-Мухаджыра ўкраінскія карані.

«На фоне апошніх трагічных падзеяў мы пастанавілі пагартаць архіўныя дакументы і знайшлі шмат цікавага, у тым ліку пра лідара тэрарыстаў. З архіваў нам сталася вядома, што ягоныя продкі бралі ўдзел у паходах Залатой Арды на Русь, былі ў тым ліку і на тэрыторыі, што цяпер называецца Украінай. Там яны актыўна ўзаемадзеялі з мясцовым насельніцтвам, у тым ліку і ў любоўным плане. У выніку гэтых узаемадзеянняў праз шмат стагоддзяў нарадзіўся гэты джыхадыст», – сказаў прапагандыст.

Тым часам і дырэктар ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў заявіў аб датычнасці да атакі на «Крокус Сіці Хол» ЗША, Вялікай Брытаніі і Украіны.

Наўрад ці можна назваць супадзеннем тое, што ўкраінскія гарады адразу атакавалі «Цырконамі» і «Оніксамі» з вялікай сілай разбурэння. Эксперты загаварылі аб планах Пуціна найбліжэйшым часам узяць Харкаў. Горад, дзе жыве шмат этнічных расейцаў. Цяпер у іх няма электрычнасці, штодня паветраныя трывогі, бамбаванні, транспартны калапс, бяссонныя ночы. І гэта яшчэ не ўвесь пералік.

Пасля тэракту Расея пачала імкліва каціцца ў прорву ксенафобіі, прававога бязмежжа і гвалту. Улада спрабуе прадэманстраваць, што яна моцная, але пасля тэракту яшчэ больш расейцаў пабачылі, што яна можа бамбіць мірныя гарады, а на сваёй тэрыторыі не здольная абараніць не тое што жыхароў Белгародскай ці Курскай вобласцяў, а нават гледачоў у канцэртнай залі за некалькі кіламетраў ад сваёй рэзідэнцыі. Да чаго прывядзе гэтая эскалацыя гвалту? Паводле законаў логікі яе можа спыніць толькі сіла. Пытанне толькі: што будзе гэтай сілай і як доўга чакаць развязкі?

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў