Ад абурэння да разумення. Як беларусы адрэагавалі на словы Уладзіміра Зяленскага пра Лукашэнку


У інтэрв’ю расейскім медыям Уладзімір Зяленскі закрануў тэму Беларусі і Лукашэнкі. Але разважанні ўкраінскага прэзідэнта выклікалі неадназначную рэакцыю ў беларусаў. «Белсат» разбіраўся ў сітуацыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

27 сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў першае з пачатку вайны інтэрвʼю расейскім журналістам. Палітык адказаў на пытанні галоўных рэдактараў выдання «Медуза» і тэлеканалу «Дождь», журналіста і пісьменніка Міхаіла Зыгара і спецыяльнага карэспандэнта «Коммерсанта» Уладзіміра Салаўёва.

Адметна, што «Раскамнагляд» «рэкамендаваў» устрымацца ад публікавання размовы з украінскім прэзідэнтам. Але нягледзячы на гэтую забарону рэдакцыя «Медузы», былы галоўны рэдактар Ціхан Дзядко «Дождя» і Міхаіл Зыгар апублікавалі ўсю размову.

Уладзімір Зяленскі, гаворачы пра перамовы з Расеяй, закрануў тэму Беларусі.

«Расейскі бок у першую сустрэчу ў Беларусі… На якую я пагадзіўся, каб наша група паехала, таму што я даўно казаў, што [бакам] трэба размаўляць, – яшчэ да вайны. Я не супраць гэтых размоў, абы быў вынік… Расейскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую субʼектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку… Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар, – ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі выказаўся пра перамовы ў Беларусі і «суб’ектнасць Лукашэнкі»
2022.03.27 22:59

Але заява пра Лукашэнку і тое, што ён «гаспадар» у сваёй дзяржаве, выклікала крытыку сярод беларусаў. У сваім Fаcebook журналіст Сяргей Шупа на падставе словаў Зяленскага робіць некалькі высноваў.

«1. Украінцы наогул і Зяленскі ў прыватнасці не зусім добра разбіраюцца ў тым, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. А цяпер ім, мякка кажучы, і не да таго, каб у гэтым разбірацца.

2. Пры любым выніку вайны тое, што ён сказаў пра Л, не будзе мець ніякага значэння. Калі Украіна не пераможа, накрыецца ўвесь наш свет. Калі Украіна пераможа, Л знікне ўмомант, як раса на сонцы. Дык усе неспакойныя супакойцеся. Хай украінцы кажуць што хочуць – абы перамаглі!»

Калега Сяргея Шупы – журналіст Сяргей Навумчык піша, што абурэнне словамі «мне ўсё роўна» пра Беларусь ад Зяленскага зразумелае.

«Але мы павінны ўсвядоміць, што Хрыстос жыў дзве тысячы год таму, а такія кіраўнікі дзяржаў, як Чэрчыль, Рэйган ці Гавэл здараюцца раз на 30 гадоў. Звычайна нармальныя кіраўнікі кіруюцца выключна інтарэсамі сваіх краінаў і нічыймі іншымі – і добра яшчэ, калі гэтыя інтарэсы не ўвасабляюцца ў агрэсію да суседніх краінаў. А ёсць дзеячы, якія кіруюцца інтарэсамі іншых дзяржаў – як, скажам, Лукашэнка, ад 1994 кіраваўся інтарэсамі Расеі. Але самая бяда, калі самі народы жывуць інтарэсамі іншых краінаў – і нават, здараецца, адмаўляецца ад сваёй мовы», – напісаў журналіст у сваім Facebook.

Аналітыка
Расея страціла сем генералаў за месяц вайны. Падсумоўваем, што пра іх вядома
2022.03.28 15:47

Публіцыст Пётр Кузняцоў у сваіх сацсетках выказаўся даволі лаканічна.

«Калісьці ў беларусаў будзе сваё палітычнае жыццё, якое можна будзе абмяркоўваць, аб якім можна будзе спрачацца. І тое, што сказаў ці не сказаў прэзідэнт іншай краіны, перастане быць галоўнай навіной і тэмай для абмеркавання».

Анатоль Лябедзька прысвяціў больш увагі звароту лідара Украіны.

«Зяленскі – дэмакратычны лідар і жывы чалавек. Гэтая катэгорыя палітыкаў можа памыляцца і прызнаваць свае памылкі. У адрозненне ад прысыпаных бронзай і хворых на ўладу кіраўнікоў.

Заява Зяленскага, што Лукашэнка можа і надалей быць гаспадаром у Беларусі, калі вайна ва Украіне завершыцца, як мінімум, правакуе пытанні. І не толькі ў беларусаў, але і ў многіх украінцаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы адзначаюць Дзень Волі ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Mateusz Jagielski / East News

Журналістка Любоў Лунёва напісала, што словы Зяленскага сталі даволі непрыемнымі. Але чаму яны прагучалі – зразумела.

«Але можа цяпер інакш і нельга казаць прэзідэнту краіны пра суседняга дыктатара, калі з тэрыторыі яго краіны ідуць варожыя танкі, ляцяць ракеты?

Усё вісіць на валаску, і ў любы момант той, хто лёг пад твайго ворага, можа са страху сваё войска даць гэтаму ворагу і яшчэ больш падсілкаваць яго. А гэта новыя жыцці, новыя разбурэнні.

Зяленскі, канечне, не зможа не зразумець, што проста прагнаць ворага са сваёй зямлі – гэта толькі атрымаць перадышку. Мір наступіць толькі на малы час.

Ворага трэба дабіць у логаве разам з яго памагатымі. Адабраць у яго зброю, і толькі тады можна будзе ўздыхнуць павольна.

Прэзідэнт прытаміўся, і гэта зразумела. Столькі дзён не спаць, столькі ўсяго вырашаць, столькі жыццяў на кану… Але ён прэзідэнт законны, а гэты чарговы Матарола. Да Матаролы яшчэ рукі дойдуць. Пакуль трэба свой народ вызваліць», – адзначае Любоў Лунёва.

Разгорнуты пост у Facebook на словы ўкраінскага прэзідэнта напісаў даследчык Ігар Тышкевіч.

«Цяпер для землякоў, якія раптам дружна пакрыўдзіліся на Зяленскага. Асабліва пасля таго, як прадстаўнічая дэлегацыя адной з палітычных групаў наведала Кіеў. Давайце па пунктах».

«Прачнуўся, пачытаў навіны. Зяленскі больш не падабаецца беларусам, бо не хоча вырашаць іх праблемы. Дзіцячы садок, трэцяя група», – напісаў журналіст Алесь Пілецкі.

Пасля нападу Расеі на Украіну Лукашэнка размаўляў з Уладзімірам Зяленскім праз тэлефон. Вядома, што размова адбылася да 28 лютага сёлета, Лукашэнка скардзіўся ўкраінскаму лідару, што на яго ціснуць, каб далучыўся да ваенных дзеянняў. У адказ на гэта Зяленскі заявіў, што калі беларускія войскі пойдуць супраць Украіны, гэта будзе вайна, якая вельмі дрэнна закончыцца для рэжыму Лукашэнкі.

Hавiны
Зяленскі: «Украіна гатовая да абмеркавання нейтральнага статусу»
2022.03.28 09:38

belsat.eu

Стужка навінаў