У Беларусі павялічылі тэрмін дзеяння пасведчання кіроўцы ўдвая


Пасведчанне кіроўцы будзе сапраўдным 20 гадоў замест цяперашніх дзесяці. Гэта прадугледжвае ўказ Лукашэнкі. Дакументы з новым тэрмінам дзеяння пачнуць выдаваць праз месяц.

Від на Нямігу. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

23 сакавіка ў Беларусі пачнуць выдаваць пасведчанні кіроўцы на 20 гадоў. Цяпер, паводле агульнага правіла, правы былі сапраўднымі 10 гадоў.

Змены ўведзеныя ўказам Лукашэнкі, дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У ДАІ назвалі новае правіла карысным, бо яно дазволіць «знізіць нагрузку» на аўтамабілістаў і рэгістрацыйныя аддзелы Дзяржаўтаінспекцыі.

Акрамя таго, у новым указе з 10 да 7 працоўных дзён зменшыўся тэрмін рэгістрацыі транспартавых сродкаў у ДАІ, а пасведчанні кіроўцы будуць выдаваць цягам трох працоўных дзён, а не пяці.

З’явілася новае патрабаванне да аўтаў, што раней не былі зарэгістраваныя ў краінах ЕАЭС: Арменіі, Казахстане, Кыргызстане і Расеі. Для гэтых транспартавых сродкаў у «Белмытсэрвісе» трэба будзе афармляць электронны пашпарт.

Яшчэ адна навіна датычыць выдачы дазволу на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. Цяпер для гэтай працэдуры больш не спатрэбяцца пасведчанне кіроўцы і страхавое пасведчанне. Удзел у дарожным руху новых транспартавых сродкаў (менш за тры гады з года вырабу) будуць дазваляць на тры гады.

Агляд
З бязвізам, але без пашпарта. Што беларусам далі ў 2023 годзе і што ў іх адабралі
2023.12.31 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў