Паплечнікі Навальнага паведамілі месца і час яго пахавання


Развітанне з Аляксеем Навальным адбудзецца 1 сакавіка, напісала прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш у сваім акаўнце ў сацсетцы X.com. Яна заклікала прыходзіць на жалобную цырымонію загадзя.

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навіны пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Адпяванне адбудзецца ў храме ў маскоўскім раёне Мар’іна, а пахаванне – на Барысаўскіх могілках на поўдні расейскай сталіцы, паведаміла прэс-сакратарка Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш. Жалобная цырымонія пройдзе 1 сакавіка.

Раней паплечнікі памерлага ў калоніі палітыка паскардзіліся, што не могуць знайсці памяшкання для грамадзянскай паніхіды, бо ўсюды атрымалі адмову.

«Аднак мы ўсё ж знайшлі вялікую нармальную залу, супрацоўнікі нам сказалі, што яна вольная і патрэбна прыехаць скласці дамову. Але чэрці не супакойваюцца. Ухвалення дамовы не адбылося. Зноў высунулі ўмову “ціхае сямейнае пахаванне з развітаннем на Хаванскіх могілках”», – напісаў кіраўнік «Фонду барацьбы з карупцыяй» Іван Жданаў.

Ён канстатаваў: «Залы не будзе. Залу не даюць. Усё адно ўсе развітаюцца з Аляксеем».

Жданаў таксама паведаміў, што пахаванне хацелі правесці 29 лютага, аднак на гэты дзень прызначаная прамова прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

«Хутка высветлілася, што на 29 лютага няма аніводнага чалавека, які мог бы выкапаць магілу. Рэальная прычына зразумелая. У Крамлі разумеюць, што Пуцін са сваім пасланнем нікому не будзе патрэбны ў дзень развітання з Аляксеем», – адзначыў паплечнік Навальнага.

Hавiны
«Навальнага забілі за дзень да магчымага абмену»
2024.02.26 14:08

Цела палітыка не аддавалі ягонай маці 9 дзён пасля смерці. Людміла Навальная сцвярджала, што следчы шантажаваў яе, патрабаваў, каб развітанне было таемным, іначай палітвязня пахаваюць наўпрост на тэрыторыі калоніі.

Чаму памёр Навальны, дакладна не вядома. У адмысловай даведцы пазначана: «Прычыны смерці – натуральныя». Раней улады казалі пра «сіндром раптоўнай смерці».

Расейскія ўлады паведамілі пра смерць Навальнага 16 лютага. Палітык сканаў у калоніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Ягоныя паплечнікі ўпэўненыя, што гэта было забойства.

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 года». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21

27 лютага расейскія медыі паведамілі пра затрыманне адваката Васіля Дубкова, які суправаджаў маці Навальнага ў Салехардзе і дапамагаў складаць скаргі і афіцыйныя звароты. Хутка праўніка вызвалілі, аднак прычынаў і акалічнасцяў затрымання ён не раскрыў, сказаўшы толькі, што ўспрымае пераслед як «перашкоду адвакацкай дзейнасці».

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 17:33

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў