Урад разлічвае на павелічэнне турыстычнага патоку ў нашую краіну ў наступныя гады


Урад Беларусі разлічвае, што ў найбліжэйшыя гады адбудзецца значны прыток замежных турыстаў у нашую краіну, піша выданне «Позірк».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА

Такі вывад можна зрабіць з аналізу пастановы Савету Міністраў № 903 ад 20 снежня, якая ўносіць карэктывы ў дзяржаўную праграму «Беларусь гасцінная» на 2021–2025 гады. Дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 снежня.

З дакументу вынікае, што колькасць паездак іншаземцаў у нашую краіну ў 2023 годзе павінна скласці не менш за 5,6 мільёна чалавек, у наступным годзе – 6,51 мільёна, а ў 2025 годзе мусіць дасягнуць 7,49 мільёна чалавек.

Цікава, што гэта менш, чым, да прыкладу, было ў 2018 годзе, – тады колькасць іншаземцаў, якія прыехалі ў нашую краіну, склала больш як 11,5 мільёнаў чалавек. А вось у 2020-м, калі здарылася пандэмія каронавіруса і грамадска-палітычны крызіс у краіне, колькасць турыстаў рэзка скарацілася і склала звыш 3,5 мільёнаў чалавек, у 2022-м – 4,9 мільёна.

Пры гэтым сёлета на продажы тавараў і паслуг іншаземным турыстам афіцыйны Менск плануе зарабіць 517 мільёнаў долараў, у 2024 годзе – 587 мільёнаў, а ў 2025-м – 656 мільёнаў долараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў