«Чарговая «спецаперацыя». Палітвязень Мікалай Статкевіч ізноў трапіў у ШІЗА


Палітвязень Мікалай Статкевіч, асуджаны рэжымам Лукашэнкі на 14 гадоў калоніі, праводзіць святочныя калядныя дні ў штрафным ізалятары глыбоцкай калоніі № 13. Пра гэта напісала на сваёй Facebook-старонцы жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч.

Акцыя салідарнасці ў падтрыманне Мікалая Статкевіча і ўсіх палітычных зняволеных у Вільні каля консульства Беларусі. Вільня, Літва. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Гэтыя святочныя дні, напоўненыя чаканнем дзівосаў, Мікола Статкевіч праводзіць у ШІЗА. Чарговая «спецаперацыя», верагодна. Тэрмін «пакарання» мне не вядомы», – напісала Марына Адамовіч.

Яна мяркуе, што тэрмін зняволення ў штрафным ізалятары можа захапіць і навагоднія святы. Паводле падлікаў жонкі палітвязня, гэта ўжо не менш, чым 21-е пакаранне ШІЗА з ліпеня.

«Да хваробы Мікалай палову часу правёў у ШІЗА. Не скардзіцца. Іранізуе: «Наступны ліст (як мінімум) прапушчу праз ШІЗА. Ну, крыху палянуюся пэўны час. А то кінуўся трэнавацца», – цытуе Марына Адамовіч ліст з калоніі ад 19 снежня і перадае святочныя віншаванні ад Мікалая Статкевіча «ўсім прыстойным людзям».

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі ехаў у Менску на Камароўскі рынак, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Яго некалькі разоў каралі адміністратыўным арыштам, а потым выставілі абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў. 14 снежня 2021 года Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК). 20 чэрвеня 2022 года Мікалай Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА № 3 у глыбоцкую калонію № 13. У лістападзе 2022 года палітвязень хварэў на пнеўманію, яго змяшчалі ў лякарню. Цяпер ён у штрафным ізалятары калоніі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў