Серыя «Ператрымка» серыялу «Працэсы» ўзяла спецпрыз фестывалю «Паўночнае ззянне»


Журы Беларускага конкурсу фестывалю кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» абрала пераможцаў. Спецыяльны прыз фестывалю дастаўся серыі «Ператрымка» серыялу «Працэсы», знятага «Белсатам».

Вокладка серыялу «Працэсы». Крыніца: «Белсат»

«Тое, як рэжысёр Андрэй Кашперскі распавядае гісторыю, спароджаную імкненнем беларускіх уладаў любым коштам падавіць пратэсты, здзівіла членаў журы. Гэты фільм унікальны, арыгінальны, смелы і смешны, а яго гумар не толькі адлюстроўвае дзівацтва дзяржаўных рэпрэсій, але і з’яўляецца спосабам супраціву, якому журы выражае захапленне і падтрымку. Гэтай кінастужкай Андрэй Кашперскі акрэслівае свой уласны стыль», – адзначае журы фестывалю ў сваім каментары.

Рэжысёр – Андрэй Кашперскі ў суаўтарстве з Міхасём Зуем. У здымцы першай серыі бралі ўдзел такія акторы, як Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева, рэпер ANGST, Алесь Шэдаў, Глеб Ільдаравіч, Міхась Зуй. Прэм’ера першай серыі адбылася на YouTube 25 лістапада.

Гран-пры «Паўночнага ззяння» заваявала дакументальная стужка «Радзіма», знятая Ганнай Бадзякай і Аляксандрам Міхалковічам (Швецыя, Украіна, Нарвегія). Фільм расказвае пра беларусаў у цісках Бацькаўшчыны і ўплыў савецкіх казарменных законаў на цывільнае жыццё Беларусі.

У намінацыі «Спецыяльная згадка» на фестывалі быў адзначаны фільм «Дзённік Анастасіі» рэжысёра Максіма Буйніцкага (Польшча). Гэтая карціна – дакументальная споведзь беларускай мастачкі ў эміграцыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў