«Падкажам, накіруем і выслухаем». Беларускія дэмакратычныя сілы ствараюць сваё «Адно акно» – што яно будзе рабіць?


Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы запускае 27 кастрычніка інфармацыйна-кансультацыйную платформу «Служба “Адно акно”». Кіраўніца Вольга Гарбунова і актывістка Наста Базар распавялі, чым будзе займацца новая ініцыятыва беларускіх дэмакратычных сілаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аліна Коўшык, Святлана Ціханоўская і Вольга Гарбунова, Валер Мацкевіч, Павел Латушка і Лізавета Кохман прымаюць удзел у паседжанні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Чым «Адно акно» дэмакратычных сілаў адрозніваецца ад «Аднаго акна» у дзяржаўных установах Беларусі?

Сэрвісы «Адно акно» ў Беларусі ўжо не першы год існуюць у розных дзяржаўных установах. Яны задумваліся як месцы, у якіх беларусы адразу змогуць уладкаваць свае пытанні і праблемы і не хадзіць дзеля кожнай даведкі па розных кабінетах. «Адно акно» Аб’яднанага кабінету – адсылка да гэтых сэрвісаў, кажа кіраўніца Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова. Мяркуецца, што служба стане месцам, куды любы беларус зможа звярнуцца са сваёй праблемай і атрымаць усебаковую кансультацыю для яе ўладкавання.

«Гэтая ідэя – працяг онлайн-марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно», калі беларусы аб’ядналіся, каб дапамагчы палітвязням і іхным блізкім, – распавядае Вольга Гарбунова. – Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы атрымлівае вялізную колькасць запытаў і розных кейсаў ад людзей унутры краіны і ад тых, хто цяпер у выгнанні. Гэта людзі вельмі рознага ўзросту, з розным станам здароўя, пацярпелыя ад хатняга гвалту. Нават тыя, хто цяпер у Беларусі, часта кажуць, што не ведаюць, куды звяртацца, дэзарыентаваныя і адчуваюць сябе самотнымі ў сваёй праблеме, не кажам ужо пра тых, што выехалі. Таму мы пастанавілі стварыць сістэму дапамогі і прыдумалі такі інструмент, як «Адно акно» – месца, дзе будзе сабраная ўся актуальная інфармацыя пра магчымую дапамогу, што ёсць у Беларусі і за мяжой».

Узор, на які арыентуюцца стваральнікі «Аднаго акна» – украінская сістэма дзяржаўных паслуг онлайн «Дія». Распачне працу сэрвіс у пятніцу 27 кастрычніка. Найперш служба будзе ўяўляць з сябе сайт, дзе будуць прадстаўленыя тэкставыя матэрыялы пра магчымасці атрымання дапамогі. На сайце будзе онлайн-чат, праз які можна напісаць паведамленне аператару. Калі зручней паразмаўляць голасам, можна будзе патэлефанаваць проста з сайту. Таксама можна будзе пакінуць свой e-mail, і тады аператар звяжацца з вамі сам.

Ці будзе бяспечным зварот у «Адно акно»?

На гэты момант забяспечваць працу службы будуць тры аператаркі. Яны будуць на сувязі штодня, у тым ліку ў выходныя і святочныя дні.

Камунікаваць праз сайт цалкам бяспечна, бо ён не збірае і не захоўвае асабістых дадзеных – як толькі старонка закрываецца, увесь чат выдаляецца, запэўніваюць Вольга Гарбунова і Наста Базар.

Таксама будзе магчымасць напісаць звычайны фізічны ліст на адрас у Вільні: Lithuania Vilnius, 59 postas, Kedru 4, P/D 2585, LT-03005. І, вядома ж, на электронную пошту: contacts@by.social.

Можна будзе таксама звязвацца праз мэсэнджары і сацыяльныя сеткі: Інстаграм, Фэйсбук, Тэлеграм, Viber – odnooknobysocial.

Усе запыты трапляюць у адзіную базу праз платформу «Zendesk» і таму не будуць згубленыя, абяцаюць стваральнікі службы.

«Мы разумеем, што сайт рана ці позна будзе заблакаваны ў Беларусі. На гэты выпадак застанецца магчымасць камунікаваць праз мэсэнджары. Мы таксама разумеем, што нам могуць патэлефанаваць не толькі людзі, якія патрабуюць дапамогі, але і супрацоўнікі КДБ ці ГУБАЗіК. Каб гарантаваць яшчэ большую бяспеку звычайным людзям, мы створым гайд для бяспечнай камунікацыі і будзем яго паўсюль распаўсюджваць», – кажа Наста Базар.

У базе «Аднаго акна» на сённяшні дзень маецца 231 арганізацыя, куды аператары будуць накіроўваць тых, хто звернецца па кансультацыю. Усе ініцыятывы, фонды і да т. п., якія ўносяцца ў базу, будуць правярацца, мяркуецца дадаваць толькі тыя, што рэальна працуюць і заслугоўваюць даверу, запэўніваюць стваральнікі службы.

Прыярытэт – палітвязні і іхныя сем’і

Матэрыялы на сайце будуць упарадкаваныя паводле тэматычных блокаў. Першы блок, з якога пачынае працу старонка, а таксама і ўся служба «Адно акно» – дапамога палітвязням і іхным сем’ям. Найперш кансультацыю можна будзе атрымаць у «класічных» пытаннях, што хвалююць палітвязняў і іхныя сем’і: пошук адвакатаў і фінансавання, інфармацыя пра месцы зняволення, працэдуры абскарджанняў і г. д.

«Але мы цудоўна разумеем, што спектр сацыяльных праблемаў, з якімі сутыкаюцца палітвязні, можа быць вельмі шырокім. Гэта могуць быць такія праблемы, як алкагалізм, дэпрэсія, хатні гвалт, пенсіі, страта здароўя, атрыманне інваліднасці, у тым ліку ў новых краінах, куды яны трапляюць. Ужо цяпер мы можам падказаць, куды звяртацца, каб справіцца з алкагольным псіхозам, дзе атрымаць дапамогу для беларускіх пенсіянераў за мяжой, людзям з інваліднасцю і да т. п. І мы будзем максімальна пашыраць нашую базу, каб кансультаваць у шырокім спектры сацыяльных праблемаў», – кажа Вольга Гарбунова.

Паступова будзе пашырацца і тэматыка матэрыялаў на сайце – яны будуць прысвячацца беларусам у вымушанай эміграцыі, а таксама ўсім уразлівым групам у Беларусі і за мяжой.

«Калі ў вас ёсць інфармацыя пра ініцыятывы, якія дапамагаюць, у вашых гарадах, дзе вы жывяце, мы будзем удзячныя, калі вы падзеліцеся з намі такой інфармацыяй, каб мы маглі зрабіць нашую базу як мага паўнейшай», – заклікае Наста Базар.

Аператаркі, якія пачнуць працу ў «Адным акне» ў гэтую пятніцу, прайшлі навучанне, яны ведаюць, як размаўляць з людзьмі, як аказваць дапамогу.

«Так, гэта не псіхалагічная дапамога, але гэта эмацыйны водгук і стварэнне адчування, што чалавеку дапамогуць. Мы падкажам, накіруем і выслухаем», – кажа Наста.

«Адно акно» распачне працу на расейскай мове

Акрамя інфармавання, служба будзе збіраць і аналізаваць спектр сацыяльных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы.

«Цяпер афіцыйная беларуская статыстыка хавае інфармацыю. І нам бывае цяжка ацэньваць, якія сацыяльныя праблемы ёсць у Беларусі. Да нас далятаюць звесткі пра скарачэнне нараджальнасці, пра новы закон аб сацыяльным абслугоўванні, але што ў ім будзе, не публікуецца. І хутчэй за ўсё, мы даведаемся пра гэта пастфактум. Схаваная статыстыка пра колькасць суіцыдаў у Беларусі, пра ўзровень алкагалізацыі насельніцтва, беспрацоўя. Дадзеных з кожным годам усё менш. Таму мы будзем збіраць інфармацыю і аналізаваць запыты, якія да нас будуць прыходзіць, каб больш рэалістычна разумець, што цяпер адбываецца ўнутры краіны, з якім спектрам сацыяльных праблемаў сутыкаюцца людзі», – кажа Вольга Гарбунова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля пасольства Беларусі ў Літве, дзе адбылася акцыя салідарнасці да Дня палітвязня. Вільня, Літва. 21 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Распачне працу «Адно акно» на расейскай мове. Такі выбар быў зроблены, каб стварыць дапаможны інструмент для большасці, тлумачыць Вольга Гарбунова:

«Мы абапіраемся на даследаванні нашых міжнародных партнёраў і сацыялагічныя апытанні. Мы разумеем, што расейская мова дагэтуль застаецца асноўнай, на якой людзі ўнутры Беларусі камунікуюць і запытваюць інфармацыю. З часам мы зробім пераклады матэрыялаў на сайце на беларускую мову. Аператары будуць працаваць на расейскай мове, але калі чалавек будзе звяртацца па-беларуску, то камунікацыя будзе весціся па-беларуску. Але на гэты момант мы зрабілі, магчыма, не самы папулярны выбар – весці камунікацыю на найбольш даступнай мове, бо мы кажам пра інклюзію. Для нас вельмі важна, каб людзі не баяліся звяртацца да нас па дапамогу, не адчувалі сябе яшчэ больш абмежаванымі ў атрыманні дапамогі, бо гэтыя людзі застаюцца ўнутры Беларусі».

Як звязацца з «Адным акном», калі няма смартфона і інтэрнэту?

Стваральнікі службы «Адно акно» думаюць пра тое, каб забяспечыць магчымасць для карыстання сэрвісам усім групам насельніцтва, у тым ліку – беларусам пенсійнага ўзросту, у якіх можа не быць смартфона з інтэрнэтам, або яны не вельмі добра разбіраюцца ў тэхналогіях.

«Мы не можам стварыць магчымасць тэлефанаваць нам на нумар беларускага мабільнага аператара, бо яго хутка заблакуюць, а тэлефанаваць на нумары замежных аператараў можа быць вельмі дорага, таму мы заклікаем да салідарнасці ў супольнасцях і дапамогі адно аднаму, – кажа Наста Базар. – Калі вы ведаеце людзей, сем’і, якім патрэбная дапамога, распавядайце ім пра «Адно акно», дапамажыце нам патэлефанаваць, напісаць, магчыма, дайце сваю тэхніку».

На дадзены момант «Адно акно» Аб’яднанага кабінету будзе аказваць толькі кансультацыйную і інфармацыйную дапамогу. Гаворкі пра атрыманне нейкіх дакументаў праз службу не ідзе. Аднак у будучыні яе стваральнікі спадзяюцца, што яна стане паўнавартасным сэрвісам, дзе беларусы змогуць уладкоўваць увесь спектр сваіх праблемаў.

«Я гэта бачу так у ідэале: напрыклад, я пераязджаю жыць у Бразілію і пытаюся: як мне атрымаць там легалізацыю? Ці я пераязджаю ў Познань і шукаю інфармацыю: куды я магу пайсці з дзецьмі? Я хацела б, каб у ідэале мы маглі адказаць на ўсе гэтыя пытанні», – кажа Наста.

Пасля пераменаў у Беларусі «Адно акно» стане нацыянальнай гарачай лініяй

Асобна Прадстаўніцтва Кабінету ў сацыяльнай палітыцы хоча сабраць пытанні, датычныя аказання медычнай дапамогі, а таксама падтрымання, што патрэбнае медыкам, асабліва рэпрэсаваным.

«Напэўна, у блізкім часе ў мяне з’явіцца намеснік у медычных пытаннях, і мы тады будзем больш шырока займацца тэмай аховы здароўя», – зазначае Вольга Гарбунова.

Прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы не абяцае, што «Адно акно» ужо цяпер дапаможа залагодзіць усе праблемы. І напэўна ж будуць пытанні, на якія адказу ў аператараў не будзе. Але яны прыкладуць усе намаганні, каб яго знайсці, абяцае Вольга Гарбунова.

«Як я ўжо казала, Кабінет – вельмі маладая структура з вельмі завышанымі да нас чаканнямі. Майму прадстаўніцтву і года няма. І тут патрэбная рэалістычнасць запытаў. Я б таксама хацела, каб у будучыні «Адно акно» стала структурай, у якую чалавек прыходзіць і не толькі атрымлівае інфармацыю, але і здымае свае праблемы. І нашая тэставая версія, якую мы цяпер запускаем, – першы крок да гэтага».

Стратэгічна Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы  мяркуе, што ў момант пераменаў у Беларусі служба «Адно акно» стане паўнавартаснай нацыянальнай гарачай лініяй.

«У пераходны перыяд людзям будзе патрэбнае вялізнае падтрыманне. У нас ёсць прадуманыя сцэнары на гэты выпадак. Цяпер жа ў залежнасці ад водгуку мы будзем прыцягваць спецыялістаў, рэсурсы, каб стаць тым месцам, дзе будуць уладкоўвацца праблемы, але гэта не задача першага кроку. Цяпер мы мусім аб’яднацца і сабраць як мага больш інфармацыі пра магчымасці, якія ёсць ужо цяпер», – рэзюмуе Вольга Гарбунова.

Гісторыі
«Чакаем, калі на сустрэчах дэмсілаў з’явіцца дзіцячы пакой». Беларускі – пра мацярынства ў эміграцыі
2023.10.25 18:06

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў