Пачынаецца суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам


У Маладзечне 27 верасня пачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

65-гадовага Аляксандра Манцэвіча вінавацяць у распаўсюдзе «заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады» (арт. 369-1 КК). Справу разглядае суддзя Аляксей Іршын.

Паводле следства, Манцэвіч як дырэктар рэдакцыі газеты супольна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года да 15 сакавіка 2023 года нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».

Галоўнага рэдактара затрымалі 15 сакавіка пасля ператрусу ўдома. Да суда мужчыну змясцілі ў Следчую турму № 8 у Жодзіне.

Аляксандр Манцэвіч – галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», асноўнага незалежнага выдання Маладзечна і рэгіёну. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэміяў за высокія стандарты працы. Жыве ў Вялейцы. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем.

У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання і засяродзілася на інтэрнэт-версіі. У студзені 2023 года Міністэрства інфармацыі залучыла сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Каментар
«Мы на дне, аднак Лукашэнка яго прабівае». Беларусь апусцілася на 157 месца ў рэйтынгу свабоды медыяў
2023.05.03 17:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў