«Найлепшае месца для рэлакацыі». ПВТ пахваліў сябе, «забыўшыся» пра правалы


Парк высокіх тэхналогіяў паведаміў, што летась і сёлета прыдбаў 130 новых рэзідэнтаў, але змаўчаў, што за гэты ж час 177 кампаніяў сышлі. Таксама ПВТ назваў сябе «найбуйнейшым драйверам беларускай эканомікі», хаця другі год запар ягоная доля ў ВУП скарачаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: cottonbro studio / Pexels

Парк высокіх тэхналогіяў упершыню з леташняга сакавіка раскрыў статыстыку сваёй дзейнасці. Паведамляецца, у прыватнасці, што летась і сёлета ў ПВТ прыйшло 130 новых кампаніяў. Аднак у 2021 годзе іх было 180, у 2020-м – 237, а ў 2019 годзе, які стаўся рэкордным, навічкоў было 319. Да таго ж цяпер змяніўся якасны склад новых рэзідэнтаў: выданне dev.by адзначае, што з большага гэта кампаніі, толькі-толькі створаныя.

Пры гэтым летась і сёлета ПВТ пакінулі 177 кампаніяў – болей, чымся прыйшлі. У 2021 годзе з «беларускай сіліконавай далінаю» развіталіся 84 фірмы, а ў 2020-м і 2019-м – па 20. Цяпер у парку 1018 рэзідэнтаў.

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

«Сёння ПВТ – болей за тысячу рэзідэнтаў і 60 тысяч працаўнікоў», – адзначаецца на сайце парка. Але ўвесну летась у кампаніях-рэзідэнтах працавалі 78 тысячаў чалавек, у пачатку 2021 года – амаль 70 тысячаў, у 2020-м у сярэднім за год – 65 тысячаў, у 2019-м – 55 тысячаў.

Экспарт Парка высокіх тэхналогіяў у 2022 годзе склаў $2,7 млрд – гэта траціна ўсяго экспарту паслугаў Беларусі. А пазалетась было $3,2 млрд, у 2020-м – $2,7 млрд, у 2019-м – $2,2 млрд. Апошнія гады доля ПВТ у экспарце паслугаў не змяняецца, толькі ў 2019-м яна была 22%.

ПВТ называе сябе «найбуйнейшым драйверам беларускай эканомікі», ягоная доля ў ВУП Беларусі цяпер – 4%. Пры гэтым летась было 5,3%, а ў 2021-м – 6,5%.

Hавiны
Доля IT у ВУП Беларусі зніжаецца другі год запар
2023.09.23 12:05

Акрамя таго, парк высокіх тэхналогіяў пахваліўся стварэннем летась амаль 7 тысячаў новых працоўных месцаў і падкрэсліў: «За чатыры гады каля 3500 замежных адмыслоўцаў упэўніліся ў тым, што ПВТ – найлепшае месца для рэлакацыі». Пра эміграцыю беларускіх праграмістаў – ані слова.

Раней паведамлялася, што за мінулы год і сем сёлетніх месяцаў галіна страціла больш за 22 тысячы адмыслоўцаў.

Агляд
BEROC: IT-галіна Беларусі ачуняе толькі пасля «палітычных пераменаў» у краіне
2023.09.14 17:45

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў