Працяг ліквідацыі НДА, чарговыя суды і прысуды, тэракты ў Кабуле: галоўнае за пятніцу, 27 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошняй пятніцы лета, 27 жніўня.

Улады працягнулі наступ на недзяржаўныя арганізацыі. Менскі гарвыканкам пастанавіў зліквідаваць Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Цэнтр «АРТ Карпарэйшн» быў створаны ў 2010 годзе пры падтрыманні «Белгазпрамбанку» і Міністэрства культуры. На яго базе рэалізоўваліся буйныя кінематаграфічныя, тэатральныя і адукацыйныя праекты, у тым ліку Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт» і Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад».

Аб’ектыў
Падлеткавая драма «II» беларускай рэжысёркі – прызёрка еўрапейскіх кінафестываляў
2021.08.27 23:39

Улады пастанавілі ліквідаваць юрыдычную асобу Менскай урбаністычнай платформы. Адпаведную заяву Менскі гарвыканкам падаў 24 жніўня, паведамілі ў арганізацыі. Афіцыйная прычына ліквідацыі – «неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 24 месяцаў запар».

Аб’ектыў
Атака на недзяржаўныя арганізацыі. Ліквідацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў
2021.08.27 23:31

Вярхоўны суд Беларусі 27 жніўня разгледзеў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Суд пастанавіў ліквідаваць незалежную арганізацыю журналістаў, якая дзейнічала з восені 1995 года.

Hавiны
Улады збіраюцца ліквідаваць Таварыства беларускай мовы. Сабралі топ-10 годных справаў ТБМ
2021.08.27 08:50

Таксама 27 жніўня Вярхоўны Суд мусіў разглядаць справу аб ліквідацыі Таварыства беларускай мовы, але працэс быў перанесены на нявызначаны тэрмін. Старшыня ТБМ Алена Анісім падала хадайніцтвы і яны былі задаволеныя, з-за гэтага разгляд адкладзены.

Ад двух выбухаў у аэрапорце ў Кабуле загінулі 170 чалавек. Сярод іх былі дзеці. Акрамя афганцаў ад выбухаў загінулі таксама 13 амерыканскіх салдатаў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў, што не даруе гэтага тым, хто быў датычны да атакі. Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».

Аб’ектыў
Джо Байдэн: «Не забудзем. Не даруем». Ад выбухаў у Кабуле загінулі 170 чалавек, пацярпелі тысячы
2021.08.27 23:35

З 1 студзеня 2022 года тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны стане СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», гандлёвая марка – beCloud. Цягам апошніх дзесяці гадоў адміністраваннем займаўся hoster.by, гендырэктар якога Сяргей Павалішаў быў затрыманы ў рамках «справы TUT.BY» і ўжо чацвёрты месяц знаходзіцца ў СІЗА. СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» было створана ў 2013 годзе. 51% акцыяў належыць дзяржаве.

У Светлагорску да трох гадоў калоніі за ўдзел у масавых закалотах асудзілі кіроўцу Жлобінскага РАУСу на пенсіі, а ў Бабруйску да двух гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі ў відэачаце – 31-гадовага мясцовага жыхара.

На супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН завялі крымінальную справу за нясплату падаткаў у буйным памеры. Паводле Следчага камітэту, у перыяд з чэрвеня 2018 году па студзень 2021 году супрацоўнікі незалежнага інфармацыйнага агенцтва падавалі ў падаткавую інспекцыю несапраўдныя звесткі, што пацягнула за сабой нясплату падаткаў на агульную суму звыш ста тысячаў рублёў. На гэтай падставе на Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Леўшыну, іншых асобаў, а таксама журналіста Андрэя Аляксандрава заведзеная крымінальная справа паводле ч.2. арт.243 КК РБ – «Ухіленне ад сплаты падаткаў у буйным памеры». Караецца «хіміяй» тэрмінам да пяці гадоў альбо зняволеннем ад 3 да 7 гадоў.

Вярхоўны Суд Беларусі 27 жніўня разглядаў апеляцыйную скаргу на прысуд Паўлу Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі», якіх судзілі разам з палітыкам. Прысуды засталіся без змяненняў. Павел Севярынец правядзе за кратамі яшчэ 5 з паловай гадоў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў