У Вільні адбудзецца прэм’ера спектаклю Сашы Філіпенкі «Ціхары»


У Віленскім старым тэатры 2 ліпеня а 18:30 на сцэне М8 адбудзецца адкрытая прэм’ера сатырычнай драмы беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі ў пастаноўцы ўкраінскай рэжысёркі Сашы Дэнісавай «Ціхары».

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка.
Фота: Саша Филипенко / Facebook

Спектакль раскажа нам пра недалёкую будучыню, у якой апакаліпсіс не прычына спыніць суды над пратэстоўцамі ў Беларусі.

2030 год. Вайна ва Украіне скончылася перамогай Кіева, і Пуцін націснуў ядравую кнопку. Свет зруйнаваны, але ў адным бункеры, як нічога не было, праходзіць суд за ўдзел у пратэстах у Беларусі 2020 года.

«Ціхары» не проста ўспаміны, а сатыра, каб усвядоміць мінулае, сустрэцца з сучаснасцю і паглядзець у будучыню праз прызму вайны ва Украіне. Гэта адкрыты выклік да дыялогу на тэмы, якія балюча абмяркоўваць, але ад якіх не можна ўцячы: дабро, зло, правасуддзе, помста, ці магчымы дыялог паміж гвалтаўніком і ахвярай, катам і абвінавачаным.

«Пратэст 2020 года быў сапраўды ўсенародным і маналітным, але сілавікі здолелі ўтрымаць уладу праз жахлівыя рэпрэсіі. П’еса «Ціхары» – гэта спроба зноў перажыць падзеі 2020 года і запрашэнне да адкрытага абмеркавання, адна з галоўных тэм якога – (не)магчымасць дыялогу гвалтаўніка і ахвяры, ката і абвінавачанага. П’еса «Ціхары» ставіць перад гледачом простыя, але ў той жа час фундаментальныя пытанні пра дабро, зло, правасуддзе і помсту», – кажа пра спектакль Саша Філіпенка.

Уваход на спектакль бясплатны, але паводле рэгістрацыі. Арганізатары будуць удзячныя за ахвяраванні.

Паказ спектаклю прысвецяць беларускаму мастаку Барысу Забораву.

Дзе: Віленскі стары тэатр (Jono Basanavičiaus g. 13).

Калі: 2 ліпеня а 18:30.

Уваход: вольны паводле рэгістрацыі.

Вітаюцца ахвяраванні.

Спектакль ідзе па-расейску.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў