На беларуска-расейскай мяжы правяраюць нават сведкаў у палітычных справах


На беларуска-расейскай мяжы памежнікі ўзмоцнена правяраюць грамадзянаў, якія палітычнага пераследу не зазнавалі, але праходзілі сведкамі ў палітычных справах сваіх калегаў ці сяброў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў з Магілёва «Mayday Team» са спасылкаю на беспасярэдняга ўдзельніка інцыдэнту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі / Telegram

Узмоцненае правяранне мела месца 26 чэрвеня на ўездзе ў Беларусь. Беларускія памежнікі праверылі паводле сваёй базы пашпарты ўсіх, хто быў у аўтамабілі. Імя і прозвішча аднаго з падарожнікаў супалі са звесткамі базы, яго цягам гадзіны дапытвалі спецслужбоўцы.

Паведамляюць, што сілавікі асабліва цікавіліся, ці ёсць на смартфоне праграма «Signal» і ці маюцца кантакты жыхароў Польшчы, Літвы ды іншых краінаў Захаду. Падчас правярання прадстаўнікі спецслужбаў самастойна ўсталявалі на смартфон затрыманага Telegram, каб прагледзець кантакты і магчымыя падпіскі. Падазрэнне ў іх выклікала тое, што гаспадар смартфона раней неаднаразова ўсталёўваў і выдаляў гэтую праграму. Сілавікі таксама цікавіліся, якімі крыніцамі інфармацыі карыстаецца грамадзянін і адкуль атрымоўвае навіны пра падзеі ў краіне і свеце.

Пасля ўзмоцненага правярання і допыту падазроную ў вачах сілавікоў асобу адпусцілі. Высветлілася, што прычынаю падазрэнняў сталася наяўнасць імя і прозвішча грамадзяніна ў базе сілавікоў. Раней яго выклікалі ў РАУС у якасці сведкі ў адміністратыўнай справе паводле палітычнага артыкулу ў дачыненні аднаго са знаёмцаў, сам жа дапытаны ў пратэстах не браў удзелу.

Таксама праваабаронцы паведамляюць, што той сама аўтамабіль з тымі ж пасажырамі выехаў з Беларусі ў Расею без ніякіх дадатковых захадаў кантролю. З меркаванняў бяспекі назва памежнага пераходу не называецца.

Hавiны
Пракурор Юрый Шчацько распавёў, колькі «экстрэмісцкіх» справаў узбуджана ў Менскай вобласці
2023.06.27 14:07

Антон Тачняк belsat.eu 

Стужка навінаў