«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі


26 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве беларускія акторы чыталі ўспаміны палітвязняў, якія прайшлі праз катаванні ў лукашэнкаўскіх ізалятарах, турмах і калоніях. «Мне яшчэ пашанцавала» – гэта шэсць тэкстаў, якія, як кажа купалавец Алег Гарбуз, мусяць зрабіць нас лепшымі. Імпрэза была прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць катаванняў і ладзілася праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Міжнародны дзень супраць катаванняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» ладзіць чытанне гісторыяў тых, хто прайшоў праз катаванні ў Беларусі. На здымку – Андрэй Саўчанка, актор. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Ужо тры гады ў Беларусі працуе бязлітасная машына рэпрэсіяў. Для яе не існуе каштоўнасцяў чалавечага жыцця і годнасці. Яна наладжаная так, каб ламаць лёсы людзей і ўсё чалавечае ў іх.

Кажуць, што гімн у таталітарнай краіне складаецца з крыкаў ад катаванняў, але гімн нашай краіны сёння – гэта хвіліны маўчання… Бо мы не чуем галасоў палітвязняў, таму што іх запалохваюць і трымаюць у жахлівых умовах, у рэжыме інкамунікада. Мы не можам гэтага дапусціць», – сказала, адкрываючы чытанні, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.

Паводле праваабаронцы, праз катаванні прайшлі дзясяткі, а можа, і сотні тысячаў беларусаў і беларусак.

«Тата, мне нязвыкла ісці наперад»

Катаванні любяць цішыню, таму мы мусім гаварыць, зазначыла Дзіяна Пінчук, даючы слова акторам. Тэксты пра катаванні чыталі беларускія артысты Алег Гарбуз, Юлія Шаўчук, Дар’я Новік, Андрэй Саўчанка, Крысціна Дробыш і Канстанцін Шульга.

Асаблівую атмасферу стварала музыка ў выкананні Эрыка Арлова-Шымкуса, што гучала на фоне гісторыяў, вялізная жырандоля пад столлю і цвёрды позірк Паўла Севярынца з партрэта на сцяне памяшкання. Партрэт палітвязня месяц таму напісаў з фотаздымка мастак Яраслаў Кірвель, які працаваў і на гэтай імпрэзе (гэтак жа цвёрда абяцае дакументаваць і на будучых судах над лукашэнкаўскімі катамі).

Міжнародны дзень супраць катаванняў. Падчас імпрэзы падпісваюць лісты палітвязням. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Памятаю, як я прачнуўся сярод ночы ад холаду. Я падышоў да батарэі, схапіўся за яе рукамі – і заснуў, павіснуўшы на ёй…» – чытае сведчанні былога палітвязня Андрэя Шляпава купалавец Алег Гарбуз.

Эпізод, калі Андрэй Шляпаў сядзіць перад следчым з мокрымі шкарпэткамі ў руках, падаецца настолькі нерэальным і абсурдным, што жырандоля над галовамі прысутных пачынае паміргваць. І дарэмна, гэта ніякі не сцэнар для крымінальнага серыялу – гэта беларуская рэчаіснасць.

«Калі ты там, то асноўная задачы – выжыць і выйсці фізічна і маральна здаровым. Калі выйшлі з суда, дзе мне прызначылі тры гады «хіміі», паехалі з бацькам у СІЗА забіраць рэчы. Калі выйшлі з машыны, бацька пабачыў, што са мной штосьці не так. Я кажу яму: «Тата, я за паўгода больш за шэсць крокаў наперад не рабіў». Мне нязвыкла было проста ісці наперад…» – актор робіць паўзу, быццам насамрэч не можа зрабіць ані кроку наперад…

«І вось ты, акрываўленая, лезеш у кармушку»

Аповед ананімнай беларускай праграмісткі ў выкананні акторкі Свабоднага тэатру Юліі Шаўчук таксама гучыць як выдуманы сцэнар нейкага турэмнага хорару. Але ж не: гэта праўда.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Адзін супрацоўнік да мяне падышоў і сказаў: «Знаешь, малая, какая у меня самая большая мечта? Я хочу, чтобы вас всех тёлок собрали в один большой отряд, отправили на Украину и чтоб вас там расхе…ли бомбой на миллион частей. – Выдатныя ў вас мары, – адказала я», – чытае Юлія Шаўчук сведчанні былой палітзняволенай.

Цытаваць такое балюча, прамаўляць – яшчэ цяжэй. А як гэта пражываць? Як?.. Актор Андрэй Саўчанка, які на сваёй скуры зведаў, што такое спаць на шконцы, зладзіў перформанс з аповеду пра шклоўскую калонію.

«У шклоўскай калоніі да палітвязняў ставяцца як да ваеннапалонных. Як да чагосьці чужароднага. Як маньяк ставіцца да сваёй ахвяры. Толькі ваеннапалонныя абароненыя Жэнеўскай канвенцыяй, а палітычныя – безабаронныя», – гучыць голас актора. Гучыць быццам адтуль.

Акторка Дарʼя Новік, чытаючы гісторыю былой палітзняволенай Вольгі Класкоўскай, не вытрымлівае. Плача. І не толькі яна.

Міжнародны дзень супраць катаванняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» ладзіць чытанне гісторыяў тых, хто прайшоў праз катаванні ў Беларусі. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Ад пераахалоджвання ў мяне пачынаўся крывацёк. Пры гэтым дадатковую бялізну прасіць забаранялі. Мае ўласныя пракладкі выдавалі па адной – пад настрой. Вымыцца немагчыма – вада ледзяная. У мяне кроў цячэ па нагах – а яны глядзяць. Я вымушаная была прасіць рабіць уколы для спынення крыві. Але для гэтага трэба было прасунуць ягадзіцы праз кармушку, бо зайсці да мяне яны не маглі… І вось ты, акрываўленая, пад відэакамерамі, лезеш у гэтае раздаткавае акно…» – голас Дарʼі Новік зрываецца.

«Кожны чалавек у турме хоча, каб мы пасміхаліся»

Сведчанні адной з палітзняволеных у «справе Зельцара» чытала акторка і заснавальніца праекту «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.

«Мы насамрэч былі як у палоне. Што зробяць гэтыя маньякі далей – мы не ведаем», – чытала Крысціна Дробыш.

Міжнародны дзень супраць катаванняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» ладзіць чытанне гісторыяў тых, хто прайшоў праз катаванні ў Беларусі. На здымку – Крысціна Дробыш, акторка. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ужо пасля імпрэзы, стоячы каля століку з напісанымі лістамі да палітвязняў, Крысціна Дробыш прызналася нам, што ад болю, якім прасякнутыя тэксты былых палітзняволеных, яе ратуе выключна прафесійны – акторскі – навык трымаць дыстанцыю.

«Вельмі тонкі момант: перадаць – але самому не патануць у гэтым болю», – кажа Крысціна.

Аналітыка
«Ляскалі затворамі, пагражалі расстраляць». Камітэт расследавання катаванняў прэзентаваў даклад пра жахі ў Савецкім РУУС Менску
2023.06.20 19:32

«Сёння важна, каб іншыя зразумелі маштаб гэтага жаху. Бо я сутыкаюся з тым, што мне кажуць: так, я ведаю пра палітвязняў і катаванні, але, ну, увогуле. Але тут рэальныя людзі з рэальным жыццём. А кагосьці ўвогуле ўжо няма. Таму чым больш ачалавечваецца, персаналізуецца такая гісторыя, тым больш гэта даходзіць да іншых. Бо ведаю людзей, якія вельмі перажываюць і ўсё такое, але нават не ведаюць, што такое ШІЗА», – дадае Крысціна Дробыш.

Прызнаецца таксама, што, калі па-людску, яе вельмі разанула ў адной з гісторыяў сведчанне пра бацюшку-святара – былога аператыўніка, да якога дагэтуль ходзяць стукачы («Такая хітрушчая схема!»). А яшчэ – расповед актора Канстанціна Шульгі, які распавядаў на імпрэзе ўласную гісторыю катаванняў. Нават не тое, пра што распавядаў, а як ён гэта рабіў.

Падчас сустрэчы людзі пісалі лісты палітвязням. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Яго вельмі хацелася абняць у той момант», – падзялілася Крысціна.

«Цяпер я тут. Стараюся жыць з усмешкай. Таму што я не проста веру, што ўсё будзе добра. Я ведаю пра гэта.

І я заклікаю вас захоўваць гэтае святло, гэтую ўсмешку. Калі я быў у турме, я хацеў, каб так рабілі людзі, якія цяпер у эміграцыі. І я ўпэўнены, што кожны чалавек у турме хоча, каб мы пасміхаліся. Усё будзе добра. Жыве Беларусь!» – так скончыў свой расповед былы палітвязень і актор Канстанцін Шульга.

«Пакутаваць мусяць тыя, хто гэта робіць»

Актор Алег Гарбуз таксама мяркуе, што чытанне гэтых страшных тэкстаў не мела на мэце, каб усе слухачы ўзялі на сябе пакуты («Жыццё ў пакутах – гэта не жыццё, і пакутаваць не трэба нікому»). Мэта іншая – суперажыванне і эмпатыя, якія робяць нас лепшымі.

На здымку – Алег Гарбуз, актор. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«І тое, што мы зрабілі такія пасядзелкі, на якіх пагаварылі галасамі людзей, якія не могуць сюды прыйсці, гэта робіць нас лепшымі. А тым, хто слухаў наш стрым, як кажуць, «по долгу службы», мы нагадалі, што беларусы памятаюць пра іх. І я думаю, што для іх гэта было непрыемна. І я таксама думаю, што пакутаваць мусяць тыя, хто ўсё гэта робіць для звычайных беларусаў – за гэта іх спасцігне непазбежная кара. І я хачу, каб гэта здарылася як мага хутчэй. Вось хто мусіць пакутаваць. Мы – не мусім», – кажа пасля імпрэзы Алег Гарбуз.

Дзясяткі напісаных лістоў у беларускія турмы і калоніі, нязломны позірк Севярынца, усмешка на вуснах мастака Яраслава Кірвеля, усмешка Крысціны Дробыш, цёплая далонь Дзіяны Пінчук. І жырандоля над галавой. Як сказаў на выхадзе адзін з наведнікаў: «Цяжка гэта ўсё, але мы – моцныя».

На здымку – Андрэй Саўчанка, актор. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Ведаеце, цяжкасць якраз у тым, як гэта асэнсаваць і што з гэтым рабіць. Я веру ў тое, што распаўсюд такіх звестак, згадкі пра катаванні – гэта важна. Менавіта для таго, каб асэнсаваць сябе ў гэтай сітуацыі, у якой мы апынуліся», – кажа на развітанне аўтару гэтых радкоў актор Андрэй Саўчанка.

Імпрэза ў прасторы «Над жырандоляй», якой апякуецца Рух беларускай салідарнасці, прайшла ў межах Тыдня супраць катаванняў, прысвечанага катаванням палітвязняў у Беларусі і прымеркаванага да Міжнароднага дня падтрымання ахвяраў катаванняў, што адзначаўся ва ўсім свеце 26 чэрвеня. Імпрэзу ў Варшаве арганізаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гісторыі
Крыкі дзяцей з дынамікаў, дыханне аўчарак за спінай. Новыя сведчанні катаванняў у беларускіх турмах
2023.05.13 12:26

Зміцер Міраш

Стужка навінаў