Шыльду ў памяць пра байца Палка ім. Кастуся Каліноўскага Аляксея Скоблю ўсталявалі непасрэдна на месцы, дзе ён загінуў падчас бою з расейцамі – каля сяла Машчун на Кіеўшчыне, піша «Новы Час».
Беларускі і ўкраінскі герой Аляксей Скобля (пазыўны Тур) загінуў, прыкрываючы пабрацімаў падчас наступу расейскіх войскаў на Кіеў 13 сакавіка 2022 года.
На месцы палеглых абаронцаў Украіны з дапамогай дабрачыннага фонду «Бадры Лолашвілі» у ляску каля сяла паўстаў мемарыял «Янголи перемоги». Непадалёк знаходзіцца і шыльда ў гонар Скоблі.
Актывісты беларускага хабу «Сустрэча» пасадзілі на памятным месцы кветкі і ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг. У мерапрыемстве, прысвечаным усталяванню шыльды, прынялі ўдзел камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў (пазыўны Кіт) і прадстаўнікі дабрачыннага фонду.
Марыя Міхалевіч belsat.eu