Беларусь прадала ў Башкартастан 18 зуброў


Пра продаж 18 асобінаў зуброў у рэспубліку Расейскай Федэрацыі Башкартастан паведаміла амбасада Беларусі ў Расеі.

Зубры.
Фота: bp21.org.by

Сярэдні кошт аднаго зубра – $8-9 тысячаў. Агулам за продаж Беларусь атрымала да $162 тысячаў.

«Колькасць папуляцыі ў Белавежскай пушчы дазваляе без шкоды прадаваць асобінаў зубра ў іншыя запаведнікі, – удакладняюць у амбасадзе. – У Башкарстане статак будзе размяшчацца ў запаведніку на тэрыторыі пад аховай і пад назіраннем спецыялістаў».

26 траўня паведамлялася, што ў Башкартастан была перададзеная першая партыя – 9 жывёлінаў.

Рашэнне аб продажы беларускіх зуброў у Башкартастан было прынятае яшчэ ў сярэдзіне студзеня бягучага года, калі ў Менск з візітам прыязджаў кіраўнік рэспублікі Радзій Хабіраў, паведамляе Sputnik Беларусь.

Паводле дадзеных нацыянальнага парку «Белавежская пушча», на пачатак 2022 года там жылі 703 асобіны зуброў. Гэта на 28 больш, чым у пачатку 2021 года. Дарослых самцоў налічвалася 117, дарослых самак – 402, маладняку – 107.

У нацпарку зазначалі, што ў пушчы жыве занадта шмат зуброў, яны пачалі выходзіць на сельскагаспадарчыя землі і наносіць шкоду.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў