Што хавае Лукашэнка ў Белавежскай пушчы?


Аляксандр Лукашэнка таемна наведаў Белавежскую пушчу. Гэта вядома з неафіцыйных звестак. Афіцыйна ён актыўна прабавіў выходныя: на верталёце абляцеў Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці, правёў нараду з гарадзенскімі чыноўнікамі, наведаў з Колем і шпіцам матч фіналу чэмпіянату Беларусі па хакеі, нават пайшоў за старшакласніцамі, каб патанчыць на дыскатэцы. Аднак за такой паказухаю магло хавацца нешта іншае. Што рабіў Лукашэнка ў Белавежскай пушчы і што ён там хавае? Мы папрасілі Аляксандра Класкоўскага і Паўла Латушку пракаментаваць гэтую тэму.

Лукашэнка са шпіцам на каленях з вышыні птушынага палёту інспектаваў заходнія бастыёны краіны: берасцейскую і гарадзенскую вобласці.

Можа сабе дазволіць за кошт падаткаплатнікаў палятаць на верталёце. І зрабіць паказальнае лупцаванне сваіх халопаў.

«Ведалі, што я буду ехаць, дык хоць ямкі закапалі. А агулам сітуацыя нярадасная. Гэта непакоіць грамадзянаў, усе ж на аўтах, а ў некаторых сем’ях іх 2-3», – выказаў незадаволенасць станам дарог Аляксандр Лукашэнка.

Невядома, у якіх сем’ях Лукашэнка пабачыў 2-3 аўты, хіба што ў сваіх набліжаных халуёў. Не забыўся дыктатар і пра ваенную рыторыку, памахаў паказальна ці то шашкай, ці то сахою. Часы такія.

«Разумееце, як назнарок Каранік зрабіў! Я дык у верталёце ляцеў і кажу: ну назнарок зрабіў: узяў – дый вылізаў проста на мяжы свае гаспадаркі. Адтуль заязджаеш [з Менскай вобласці] – быццам са стратных дрымучых калгасаў. Я не разумею: вы, відаць, самасупакоіліся? Вы мяне не чуеце. Я ж казаў, лепш ваяваць у полі, чым там», – заявіў Лукашэнка.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць гэты візіт Лукашэнкі загадкаю.

«За аднаго боку, можна падумаць, што гэта такая прыхамаць дыктатара. Ну а што: ён жа не плаціць за верталёт, за білеты на хакей. Вось, захацелася – узяў пад паху гэтага шпіца славутага і на трыбуне нават, падаецца, з ім сядзеў, – каментуе Класкоўскі. – Ва ўсялякім разе, тая нарада, якую ён праводзіў з «крэпкімі хазяйственнікамі», была зусім пустая: з аднаго боку, ён хваліў тамтэйшага кіраўніка Караніка, з іншага боку, пасварыўся на яго, што гародніны мала мясцовай, што нейкія заморскія фрукты дарагія ляжаць на прылаўках».

Тое, што ляжыць на прылаўках у Гарадзенскай вобласці, гэта адное – але што Лукашэнка спрабуе схаваць за тымі прылаўкамі?

«З нашага аналізу і камунікацыі з працаўнікамі, якія адказвалі раней за бяспеку Лукашэнкі, мы можам зрабіць выснову, што паездка ў Горадню – гэта была, хутчэй за ўсё, аперацыя прыкрыцця, – мяркуе намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка. – Наўрад ці сабе можна ўявіць Лукашэнку, які ў нядзелю на працягу доўгіх выходных выязджае ў Горадню, каб паглядзець адзін з этапаў свайго хакейнага турніру ды яшчэ ў нядзелю весці нараду ў гарадзенскім аблвыканкаме. Лукашэнка ўвогуле вельмі лянівы чалавек, ён у суботу-нядзелю не працуе».

Тое, што верталёт Лукашэнкі, магчыма, здзейсніў палёт у Віскулі, стала вядома дзякуючы блогеру Антону Матольку, які задаўся пытаннем, з кім дыктатар мог там сустракацца. Тое, што Віскулі выкарыстоўваліся для сустрэчаў канфідэнцыйнага характару, пацвярджае былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка.

«Я магу ўзгадаць прыезд тады яшчэ прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева. Пазней гэтая мясцовасць выкарыстоўвалася для закрытых сустрэчаў Шэймана як дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі з калегам з Польшчы, таксама міністр замежных справаў Польшчы з міністрам тагачасным Мартынавым сустракаўся ў Віскулях», – кажа Павел Латушка.

Але з кім гіпатэтычна Лукашэнка мог сустрэцца там цяпер – і з якою мэтаю? Статус у яго, мякка кажучы, далёкі ад таго, каб з ім рукацца.

«Сённяшняя сітуацыя наводзіць на думку, што ўсё ж такі гэта, магчыма, былі нейкія кантакты з польскім бокам, бо, мы ведаем, на мяжы – напружаная сітуацыя. Варшава распачала захады даволі жорсткія, у сувязі з турэмным зняволеннем актывіста сваёй дыяспары Анджэя Пачобута. Як бы ні храбрыўся, як бы ні бравіраваў Лукашэнка – гэтая сітуацыя для яго дыскамфортная, гэта б’е па эканамічных інтарэсах. І хаця ён у сваім пасланні выступаў і казаў, што Пачобута на кавалак мяжы мяняць не будзе, насамрэч, за кулісамі ўлады Беларусі больш гнуткія. І, магчыма, з гэтай сітуацыяй і з тым, як яе ўладкаваць, і была звязаная загадкавая вандроўка Лукашэнкі ў Віскулі», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Павел Латушка жа выказвае сумнеў, што нейкія сустрэчы мелі месца. Па-першае, не было верталётаў якіх-небудзь іншых VIP-прадстаўнікоў.

«Я ўзгадваю, што ніколі служба бяспекі Лукашэнкі не давала згоды на тое, каб верталёт з замежным госцем прызямляўся на верталётнай пляцоўцы, на якой мае права прызямліцца толькі асабіста дыктатар, – кажа Павел Латушка. – І заўсёды рыхтавалася спецыяльная адмысловая пляцоўка каля лесу, проста ў чыстым полі рабілася адпаведнае абсталяванне, святло ставілася, пажарныя машыны прыязджалі, я быў прысутным пры такіх прылётах VIP-прадстаўнікоў іншых дзяржаваў».

Але тыя ж «віпы» маглі б з’явіцца ў Віскулях не на верталётах, а прайсці пешкі на пераходзе Перарова – Белавежа.

Калі паглядзець на мапу, каля Віскулёў месціцца вайсковая база ў Новых Засімавічах, дзе ў савецкія часы трымалі ракетныя сістэмы з ядравымі зарадамі «Топаль». Ці не гэтую пляцоўку спраўджваў Лукашэнка? Гэтым пытаннем задаліся Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў на YouTube-канале «Саша, что ты несешь?!»

«У мяне яшчэ адна версія. Я б дакруціў версію з «Таполямі» і версію Мінабароны. А што, калі ў той зоне і месціцца той склад для тактычнай ядравай зброі, пра які казаў Пуцін і які мусіць быць пабудаваны да ліпеня 2023 года? […] Ён жа не мог прыляцець на саму базу на верталёце, сесці і засвяціць яе перад усімі».

Аднак таемна завесці туды ядравыя боегалоўкі ў дыктатараў не атрымаецца, гэта будзе відаць праз спадарожнікі. Тым больш пасля таго, як Лукашэнка базу «папаліў».

Каментуе старэйшы рэдактар «Defense24» Мацей Шопа:

«Я ацэньваю выкрыццё ядравай зброі пры самой мяжы з NATO як магчымае. І, бадай, таемна размясціць яе там не атрымаецца. Бачым, што адбываецца ва Украіне, расейцы не ў стане зрабіць сюрпрызаў для ўкраінскай арміі. Бо Украіна атрымлівае выведную інфармацыю ад NATO, над Польшчай, Румыніяй увесь час лятаюць самалёты, што маюць рознага кшталту спадарожнікавыя сэнсары. Таму размяшчэнне такой зброі ў Гарадзенскай вобласці адразу было б заўважнае».

Нават калі ядравая зброя будзе размешчаная на тэрыторыі Беларусі, для ЗША і нават для Польшчы градус небяспекі не павышаецца. Пры жаданні расейцы могуць нанесці ядравы ўдар у любы момант. Іншая справа, што запускаць расейскія ядравыя ракеты і не быць за гэта пакараным у Лукашэнкі не атрымаецца.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў