На беларускага пісьменніка Сашу Філіпенку збіраюцца падаць у суд за новую кнігу


На беларускага пісьменніка Сашу Філіпенку збіраюцца падаць у суд. Новая кніга аўтара «Крэмулятар» абразіла ўнучку галоўнага героя кнігі. Жанчына, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, будзе патрабаваць забароны публікацыі рамана, – паведамляе Філіпенка на ўласнай старонцы Facebook.

Вокладка новай кнігі Сашы Філіпенка «Крэмулятар».
Фота: sasha.filipenko.9 / Facebook

Пісьменнік адзначае, што новы раман «Крэмулятар» ужо праз тыдзень з’явіцца ў продажы. Аднак твор выходзіў ужо асобнымі раздзеламі ў часопісе «Знамя», дзе яго відаць і прачытала заяўніца. Жанчыну абурыў змест рамана, з-за якога яна нібыта «страціла сон».

«Магчыма, менавіта гэтым можна растлумачыць той факт, што яшчэ да выхаду кнігі ўнучка галоўнага героя (Пётра Ільіча Несцярэнка) паспела прачытаць раман і зараз збіраецца падаваць на мяне ў суд. Кніга яе настолькі абразіла, што (цытата) зараз яна не можа спаць. У сувязі з гэтым, унучка першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя мае намер патрабаваць у судзе (верагодна ў нямецкай, таму што яна жыве ў Нямеччыне) забароны публікацыі рамана (рамана, Карл!). Хочацца верыць, што падцягнуцца і іншыя абражаныя ўнукі і персанажы, якія настальгуюць па СССР», – піша Саша Філіпенка.

Інтэрв’ю
«Думаюць, што забіваючы, вызваляюць ДНР і ЛНР». Саша Філіпенка – пра сваю новую кнігу і пра тое, як яна тлумачыць сённяшнія падзеі
2022.04.12 14:56

Нагадаем, што новая кніга Філіпенка прысвечана гісторыі жыцця дырэктара першага савецкага крэматорыя Пятра Несцярэнка. Кніга, заснаваная на архіўных запісах, апавядае пра сталінскі час. На думку аўтара кнігу варта прачытаць, бо яна добра тлумачыць, што «цяпер адбываецца, як заціраюцца сляды і як дзейнічае Расея і чаму».

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў