Кітай не падтрымаў рашэння Пуціна размясціць ядравую зброю ў Беларусі


МЗС Кітаю заклікае не развязваць ядравай вайны і засяродзіцца на ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу дыпламатычным шляхам. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС КНР Маў Нін у адказ на пытанне журналіста пра пастанову Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі, перадае «РИА Новости».

Маў Нін.
Фота: fmprc.gov.cn

Падчас прэс-канферэнцыі прадстаўніца кітайскага МЗС Маў Нін згадала, што раней лідары ядравых дзяржаў выступілі з агульнай заявай, паводле якой, немагчыма выйграць ці весці ядравую вайну:

«5 студзеня мінулага года лідары дзяржаваў, якія валодаюць ядравай зброяй, выступілі з супольнай заявай, у якой гаварылася, што немагчыма выйграць або весці ядравую вайну. Падкрэслівалася, што трэба пазбягаць войнаў паміж дзяржавамі, якія валодаюць ядравай зброяй, і зніжаць стратэгічныя рызыкі».

Таксама прадстаўніца КНР заклікала ўсе бакі ва ўкраінскім канфлікце засяродзіцца на дыпламатычных намаганнях для мірнага ўрэгулявання крызісу і працаваць разам, каб спрыяць залагоджванню сітуацыі.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 25 сакавіка паведаміў, што 1 ліпеня 2023 года Расея завершыць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Аднак зброю Беларусі Расея не перадасць, але размесціць сваю на тэрыторыі краіны, і толькі РФ будзе мець над ёю кантроль.

Пасля заявы Пуціна Міністэрства замежных справаў Украіны выступіла з патрабаваннем склікаць Раду бяспекі ААН праз намер Расеі размясціць тактычную ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. У ЕЗ ужо заявілі, што перамяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусь нясе пагрозу еўрапейскай бяспецы, а Літва выступіла за ўзмацненне NATO ў краінах Балтыі пасля заяваў РФ пра ядравую зброю для Беларусі.

Hавiны
Еўразвяз гатовы даць адказ на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.03.26 21:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў