Двайныя трагедыі: як у Беларусі блытаюць целы памерлых


У дзяржаўных установах дапускаюць памылкі з целамі памерлых. Часам памылкі выяўляюцца ўжо пасля пахавання. 

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Могілкі «Русіно». Баранавічы, Беларусь. 26 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У Гомлі медыкі здзейснілі жахлівую памылку: паведамілі сыну аб смерці маці, выдалі цела, а на адпяванні высветлілася, што ў труне ляжыць зусім іншая жанчына. Гэтая жудасная гісторыя здарылася тры гады таму, а даведаліся пра яе «Моцныя Навіны» нядаўна.

25 лютага 2021 года ў гомельскую медустанову даставілі пажылую жанчыну. 27 лютага адтуль патэлефанавалі яе сыну і паведамілі аб смерці маці. Ён атрымаў у аддзеле ЗАГС пасведчанне аб смерці, пасля чаго заняўся арганізацыяй пахавання, аплаціў усе паслугі, у тым ліку і за памінальны стол у кафэ. Пахаванне павінна было адбыцца 1 сакавіка. Сваякі і блізкія ўбачылі твар нябожчыцы непасрэднага перад развітаннем. Падчас адпявання заўважылі адрозненні ў знешнасці, пасля чаго звярнуліся ў медустанову і даведаліся, што адбылася памылка: жанчына жывая.

Альянс расследавальнікаў Беларусі з дапамогай «Кіберпартызанаў» выявіў дакументы, якія сведчаць, што гэта не адзінкавы выпадак, калі ў дзяржаўных установах дапускалі памылкі з целамі памерлых. У выпадку, апісаным «Моцнымі Навінамі», памылку выявілі непасрэдна перад пахаваннем.

У маі 2021 года ў моргу Пінскай цэнтральнай больніцы пераблыталі труп мужчыны, 1958 года нараджэння: замест яго з Судова-медыцынскай экспертызы Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў выдалі цела невядомага, твар якога быў забінтаваны. Сваякі замовілі паслугі рытуальнай службы, нябожчыка пахавалі на могілках у Іванаўскім раёне, толькі пасля гэтага выявілася памылка.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў