Нямецкі дэпутат выступіў з прамоваю на падтрыманне Беларусі і беларусаў


Сімвалічны хросны Дар’і ды Ігара Лосікаў, дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенэр, выступіў з прамовай у падтрымку Беларусі і беларусаў.

Робін Вагенэр падчас выступу распавёў гісторыю Паўліны Лосік – дачкі палітзняволеных Дарʼі ды Ігара Лосікаў. А таксама заклікаў у гэты цяжкі час, калі ўвесь свет дапамагае Украіне, не забывацца пра Беларусь і беларускіх палітычных вязняў, падтрымліваць іх так доўга, як гэта будзе неабходна.

«Лукашэнка і ягоныя паслугачы мусяць пайсці пад суд за свае злачынствы. З якой бы жорсткаю крытыкаю рэжыму мы ні выступалі, нам трэба выразна паказаць, што значаць для нас тыя, хто сапраўды стаіць за Беларусь. Гэта смелыя людзі беларускай грамадзянскай супольнасці, гэта тыя, хто, застаючыся ў Беларусі, ва ўмовах вялікай небяспекі, або ў вымушаным выгнанні, вядзе барацьбу за свабоду краіны і за дэмакратыю.

Такой, бел-чырвона-белай Беларусі, патрэбная нашая поўная падтрымка. І з гэтай прычыны мы не можам адступіцца, мы і далей мусім патрабаваць вызвалення палітвязняў.

Гэта наш доўг перад Паўлінай. Дзецям патрэбныя бацькі. Еўропе патрэбна дэмакратычная Беларусь. Еўропе патрэбна вольная Украіна. Людзям патрэбна свабода», – сказаў Робін Вагенэр пад воплескі калегаў.

Цяпер чатырохгадоваю Паўлінкай апякуюцца па чарзе бацькі Ігара і Дашы. Дзяўчынка нядаўна пайшла ў дзіцячы садок і вельмі сумуе па бацьках.

На мінулым тыдні Дар’ю Лосік пакаралі двума гадамі зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за інтэрв’ю пра мужа, зняволенага журналіста радыё «Свабода» Ігара Лосіка. Яе абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). 18 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як палітзняволеную ўтрымліваюць за кратамі.

Журналіст «Свабоды» Ігар Лосік за кратамі больш за два гады – з 25 чэрвеня 2020-га. У снежні 2021-га Гомельскі абласны суд агучыў вырак Ігару: 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў») і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах»). Палітычнага вязня перавялі ў Наваполацк, на месца пастаяннага зняволення.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў