Bloomberg: ЕЗ падрыхтаваў новы пакет санкцыяў супраць Беларусі


Еўрапейскі Звяз прапанаваў увесці супраць Беларусі новы пакет маштабных санкцыяў за яе ролю ў падтрымцы ўварвання Расеі ва Украіну, паведамляе Bloomberg.

Прапанаваныя меры прывядуць санкцыі супраць Беларусі ў адпаведнасць з многімі санкцыйнымі пакетамі, якія ЕЗ раней наклаў на Расею, уключаючы абмежаванні на ключавыя тэхналогіі і энергетычны сектар краіны. Яны патрабуюць падтрымкі ўсіх дзяржаў-членаў ЕЗ.

Да прапанаваных мераў адносяцца:

  • экспартныя забароны на тавары і тэхналогіі падвойнага прызначэння, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах і якія могуць павысіць прамысловы патэнцыял краіны;
  • санкцыі ў дачыненні да нафты, вугалю, металапрадукцыі і золата;
  • гандлёвыя абмежаванні на прадметы раскошы, інвестыцыі і аказанне пэўных паслуг;
  • мерапрыемствы, якія ўдараць па авіяцыйным і энергетычным сектарах краіны і ключавых крыніцах даходаў.

Падобна да санкцый, уведзеных супраць Расеі, прапановы ўтрымліваюць выключэнні для лекавых сродкаў, сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі.

Таксама Еўразвяз працуе над дзясятым пакетам санкцый, накіраваным супраць Расеі, а таксама цэнавым абмежаваннем на расейскія нафтапрадукты. Абодва дакументы хочуць прыняць да пачатку нафтавага эмбарга на наступным тыдні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў