Палацы, святыні і памяць пра вайну: 8 аб’ектаў, якія рэстаўраваў мастак Алесь Пушкін


Днямі стала вядома, што СК скончыў расследаваць крымінальную справу супраць вядомага беларускага мастака і перформера, палітычнага вязня Алеся Пушкіна. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. Алесь вядомы не толькі сваймі карцінамі ды акцыянізмам. Ён кіраваў рэстаўрацыйнымі працамі, аднаўляў беларускія цэрквы і касцёлы ажно з 1992 года. Прапануем вам выправіцца ў падарожжа па 8 аб’ектах, да аднаўлення якіх спрычыніўся Алесь Пушкін.

Алесь Пушкін.
Фота: Cialežnikau Antoś / Facebook

Пуслоўскія, Булгакі – іхныя раскошныя палацы ды багатыя радавыя маёнткі будаваліся вядомымі дойлідамі таго часу. Там лунаў дух асветы, сустракаліся адукаваныя і прагрэсіўныя асобы. Сабраныя вялізныя бібліятэкі, калекцыі карцінаў ды аранжарэі з рэдкімі для нашых шыротаў раслінамі былі сапраўдным гонарам для кожнага шляхетнага і магнацкага роду.

Велічныя прыгожыя святыні захапляюць інтэр’ерамі і захоўваюць векавыя напластаванні беларускай культуры. За гады вайны і савецкай улады шмат што з нашай багатай культурніцкай спадчыны было знішчана ці страчана, але дзякуючы працы рэстаўратараў, у тым ліку Алеся Пушкіна, сёння мы можам хоць крыху адчуць атмасферу тых эпох і дакрануцца да гісторыі, якою варта ганарыцца.

1. Палац Пуслоўскіх у Косаве

Косава – горад у Берасцейскай вобласці за 15 кіламетраў ад Івацэвічаў. Тут у адасобленым маляўнічым месцы можна знайсці дзве гістарычныя славутасці: невялікая сядзіба Мерачоўшчына – дом-музей Тадэвуша Касцюшкі, а насупраць – палац Пуслоўскіх (Косаўскі замак), да аднаўлення якога спрычыніўся Алесь Пушкін.

Рэстаўрацыя тут цягнецца з 2008 года. Звонку палац выглядае ўжо цалкам завершаным: беласнежны экстэр’ер, вітражы, акуратныя вежы, фантан з галовамі львоў перад уваходам. Дванаццаць вежаў замку, паводле легенды, сімвалізавалі месяцы года: чатыры цэнтравыя адказвалі за «хлебныя» месяцы – травень, чэрвень, ліпень і жнівень.

Фота: ІВ / Белсат

Палац, падобны да рыцарскага замку, пабудавалі ў стылі англійскай неаготыкі: гэта адзіны ў Беларусі значны прадстаўнік такога архітэктурнага напрамку. Аркі, стральчатыя вокны дадаюць палацу рамантызму і сярэднявечнага флёру. Ёсць легенда, быццам пад замкам Пуслоўскіх існавала сістэма падземных хадоў, што вялі ў тым ліку і ў Ружанскую рэзідэнцыю Сапегаў. У палацы ёсць рэстаран, гатэль і музей. З пляцоўкі каля замку адкрываюцца прыгожыя краявіды: палі, лясы, возера.

2. Палац Булгакаў у Жылічах

Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў – помнік архітэктуры міжнароднага значэння. Пабудаваны ў XIX стагоддзі ў стылі позняга класіцызму, месціцца ў Жылічах Кіраўскага раёну на Магілёўшчыне.

Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у Жылічах да рэстаўрацыі.
Фота: Andrei Dmitriev / Flickr

Старажытныя сцены рэзідэнцыі захоўваюць легенды пра скарбы, прывіды і падземныя лабірынты. Узводзіў комплекс шляхціч Ігнат Булгакаў, які меў намер пабудаваць сабе рэзідэнцыю, што сваёй прыгажосцю пераўзышоў бы ўсе радавыя маёнткі ў Беларусі.

Палац будаваўся амаль сто гадоў – з 1823 да 1910 года. Працы не вяліся бесперапынна: як толькі зʼяўляліся свабодныя грошы, Булгакi аднаўлялі будаўніцтва. У адным крыле палацу была вялікая аранжарэя, якая не захавалася. У другім крыле – убудаваны дамавы касцёл.

Адзін з прадстаўнікоў роду, Ян Булгак, быў у ліку першапраходцаў у мастацкай фатаграфіі (менавіта паводле ягонх здымкаў аднаўляюцца сёння інтэрʼеры палацу). А апошні ўладальнік радавой рэзідэнцыі Эмануіл Булгак быў тэолагам, універсітэцкім выкладнікам, аўтарам шэрагу працаў пра рэлігіязнаўства. З пачаткам Першай сусветнай вайны вывез з рэзідэнцыі ў Жылічах усе каштоўнасці – бібліятэку, калекцыю зброі, фамільную галерэю – у Арол, там у Булгакаў таксама была нерухомасць.

Палац у Жылічах сурʼёзна не пацярпеў падчас дзвюх сусветных войнаў. Вялікіх баёў у акрузе не было. У палац не патрапіла ніводная бомба, ён ні разу не гарэў. У 1920-ыя гады тут была школа працоўнай моладзі, у 1930-ыя – сельскагаспадарчы тэхнікум. Падчас Другой сусветнай вайны немцы ператварылі палац у шпіталь. А частку парку – у могілкі, дзе хавалі памерлых у шпіталі нямецкіх жаўнераў. На першым паверсе вайскоўцы зрабілі сховішча для збожжа. На другім месціўся гарнізон. Цяпер пра перабыванне ў палацы нямецкіх войскаў нішто не нагадвае, нават могілкі пасля вайны не захаваліся.

Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у Жылічах.
Фота: Andrei Dmitriev / Flickr

У савецкія гады ў палацы быў сельскагаспадарчы тэхнікум, і вось тады помнік зазнаў самыя вялікія страты. Ён быў проста не прыстасаваны для натоўпаў студэнтаў. Спачатку са сценаў дамавога касцёлу былі збітыя ўсе анёлы. Пасля пацярпелі паркетныя падлогі, кожная з якіх была творам мастацтва. Потым «у расход пайшлі» печы ды каміны (цяпер іх аднаўляюць паводле старадаўніх фатаграфіях). А потым дайшла чарга і да столяў.

Сучасная рэканструкцыя палацу пачалася ў 2009 годзе. Плануюць, што ўрэшце палац стане такім, які ён быў у 1910-м.

3. Касцёл у Міхалішках – цуд італьянскіх майстроў

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках адносяць да ліку старажытных і найпрыгажэйшых каталіцкіх святыняў Беларусі.

Касцёл узвялі ў 1653 годзе паводле праекту віленскага архітэктара, бельгійца Крыштафа Пэнса на месцы папярэдняй драўлянай святыні на беразе Вяллі. Пэнс заснаваў цэлую дынастыю архітэктараў і дэкаратараў у Вялікім Княстве Літоўскім. Касцёл асвяціў у гонар святога Міхала Арханёла ў 1700 годзе віленскі біскуп Канстанцін Бжастоўскі. У той час святога Міхала Арханёла лічылі галоўным абаронцам і нябесным апекуном усяго ВКЛ.

Заснавальнік касцёлу Цыпрыян Павел Бжастоўскі быў вядомым дыпламатам, узначальваў пасольства Рэчы Паспалітай на перамовах з Маскоўскаю дзяржаваю пасля вайны 1654–67 гадоў. Не без ягонага актыўнага ўдзелу быў заключаны Андрусаўскі мір, які паклаў канец гэтай кровапралітнай вайне.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках.
Фота: Paval Hadzinski / Wikipedia

Касцёл пабудавалі ў стылі сармацкага барока. І гэты першы твор у гэтым стылі ў гісторыі беларускай архітэктуры. Касцёл у Міхалішках – найбольш тыповы і добра захаваны ў Беларусі помнік гэтага працятага «настальгіяй рыцарства» напрамку.

Галоўнаю мастацкаю каштоўнасцю касцёлу лічыцца яго ўцалелы за стагоддзі інтэр’ер. Сваёй незвычайнаю пышнасцю ён рэзка кантрастуе з аскетычным вонкавым выглядам касцёлу. Гэта тыповы прыём у архітэктуры сармацкага барока: наведнікаў уражвае алегорыя, якая дэманструе, што за вонкаваю сціпласцю можа хавацца багацце ў сярэдзіне. Большасць інтэрʼераў выкананая ў тэхніцы стука, то бок з гіпсу, стылізаванага і танаванага пад мармур. Інтэр’ер святыні стварыла ў канцы ХVІІ стагоддзя група замежных майстроў (Джаванні Галі, Андрэа Капонэ, Ян Пэнс, сын архітэктара касцёлу) пад кіраўніцтвам фларэнтыйскага мастака Пʼетра Пэрці. Дарэчы, гэтая ж група дэкаратараў аформіла інтэрʼер віленскага касцёлу Святых Пятра і Паўла ў Вільні.

Касцёл быў пашкоджаны ў Першую сусветную вайну, тут адбыўся пажар. Завялікіх бедаў агонь прычыніць не паспеў, і ў 1920-х касцёл цалкам аднавілі. Разам з замежнікамі працавалі і мясцовыя майстры, што гаворыць пра высокі ўзровень іхнай кваліфікацыі. Мастакі працавалі тут амаль 15 гадоў, і ў выніку ім удалося стварыць цудоўны касцельны інтэрʼер, які дайшоў да нашых дзён без істотных зменаў. У пэўнай ступені гэта можна лічыць цудам, бо біяграфію касцёлу бясхмарнаю не назавеш.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках.
Фота: Aliaksandr M / poshyk.info

Яшчэ адзін раз на мяжы знішчэння цудоўныя інтэрʼеры касцёлу апынуліся ў пачатку ліпеня 1944-га. Тады тут зноў здарыўся пажар, і зноў у ходзе баявых дзеянняў. Падчас авіяналёту ў касцёл патрапіла бомба. Згарэў дах, хоры з арганам, частка драўляных дэталяў.

І ўсё ж у пажары большасць інтэрʼераў зноў ацалела. У паваенныя гады мясцовыя жыхары нават паспелі чарговы раз адрамантаваць касцёл. А потым ён на шмат гадоў апусцеў. Не, яго не зачынілі, аднак службы праходзілі вельмі рэдка і нерэгулярна. Адною з галоўных прычынаў была доўгая адсутнасць «свайго» ксяндза. Толькі ў 1980-х гадах сюды прыехаў ксёндз Казімір Гвоздавіч.

За гэтыя гады касцёл Міхаіла Арханёла зноў вярнуўся да паўнавартаснага жыцця, адрамантаваны і цяпер пастаянна прымае вернікаў ды турыстаў.

4. Дабравешчанскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева)

Мураваную святыню ў стылі ранняга барока з элементамі рэнесансу пабудавалі ў 1637–41 гадах родам магнатаў Храптовічаў. Ініцыяваў будоўлю наваградскі ваявода Ежы Храптовіч, які затым знайшоў вечны супакой у крыпце касцёлу.

Святыня месціцца на заходняй ускраіне Вішнева ў Валожынскім раёне, на высокім пагорку левага берагу Гальшанкі. Сёння можна ўбачыць на касцёле лічбу «1424», якая азначае дату пабудовы першага, драўлянага варыянту, на ініцыятыву князя ВКЛ Вітаўта.

Дабравешчанскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На здымку — брама-званіца.
Фота: Futureal / Wikipedia

Знакаміты беларускі мастак Фэрдынанд Рушчыц зрабіў свой унёсак у фармаванне непаўторнага вобразу касцёлу. Ягонаму пэндзлю належыць роспіс скляпенняў і пілонаў. Цікава, што, акрамя працаў на сценах і хіба што адной карціны («Каля касцёлу»), усе астатнія творы вялікага майстра захоўваюцца за мяжою. Нетыповыя для стылю барока высокія гатычныя ўзорыстыя зборы ўпрыгожаныя мудрагелістаю ляпнінай, што надае будынку маштабнасць і выразнасць. Алтары XVIII стагоддзя ў касцёле ўпрыгожаныя драўлянымі скульптурамі і разнымі ўзорамі. Тут жа змешчаны абраз Маці Божай.

Касцёл у Вішневе адметны сваёй гісторыяй. Цікава, што святыня працавала паводле свайго прызначэння нават у СССР, а не пераўтваралася ў зернясховішча. Больш за тое, з 1953 года ўсе службы тут вядуцца па-беларуску. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які служыў з 1954 года, працяглы час рабіў вялікую працу – перакладаў Біблію і Катэхізіс на беларускую мову.

Вёска Вішнева цікавая не толькі сваёй гісторыяй, але і імёнамі, з ёю звязанымі: Сымон Будны, род Храптовічаў, кампазітар Міхал Агінскі, паэтка Канстанцыя Буйло, жонка Янкі КупалыУладзіслава Луцэвіч. Вішнева таксама звязанае з імёнамі Нахума Гольдмана, аднаго з лідараў сіянізму, і Шымона Пэрэса – прэзідэнта Ізраілю, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.

4 чэрвеня 2011 года кіраўніком рэстаўрацыйнага праекту касцёлу прызначаны вядомы мастак Алесь Пушкін.

Дабравешчанскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Фота: Futureal / Wikipedia

«Здзівіла веліч сабора, уразіла барокавая разьба, роспісы. Была цярплівая падрыхтоўчая праца. Збор дакументаў, ліставанне і сустрэчы з адказнымі асобамі. Мы мелі планы аднавіць і добраўпарадкаваць бакавыя капліцы, умацаваць і адрэстаўраваць жывапіс Фердынанда Рушчыца на сценах галоўнага нефа і пафарбаваць касцёл з фасаду. Каб можна было з гонарам прымаць замежных турыстаў, усіх гасцей і дабрачынцаў. Старажытны духоўны цэнтр Беларусі ўваходзіць у турыстычныя і краязнаўчыя маршруты. Дыпламатычны корпус Ізраілю ўжо аднойчы праяўляў цікавасць да гэтых мясцін. У 1998 годзе на сваё 75-годдзе прыязджаў у роднае мястэчка былы прэм’ер-міністр Ізраілю, выхадзец з Беларусі Шымон Перас. Ён пазнаў студню, з якой у дзяцінстве браў ваду, яна захавалася, а хату перабудавалі па-іншаму», – распавядаў Алесь Пушкін.

Падчас рэстаўрацыі касцёлу ў Вішневе былі знойдзены ўнікальныя рэчы і дакументы. Схоў знайшлі падчас устаноўкі новага вітражу на фасадзе касцёлу. У тайніку было тры дзясяткі тэчак з дакументамі – метрыкі, тэстаменты, дамовы, парафіяльныя кнігі, інвентарныя вопісы касцёлу, датаваныя перыядам з 1827 па 1943 год. Таксама ў схованцы знайшлі 22 арганныя трубы і некалькі акварэльных замалёвак алтарнай часткі касцёлу, партрэт Пілсудскага, два пакункі кніг з парафіяльнай бібліятэкі.

«Гэта сенсацыя! Я марыў знайсці грааль у Сынкавічах, а знайшоў Рушчыца ў Вішнева! Гэта вельмі рэдкі выпадак і вялікая ўдача» – эмацыйна распавядаў пра гэта Алесь Пушкін.

«Тут ёсць шмат дзівосаў і памятных месцаў, – расказвае мастак. – Непадалёку – магіла Сымона Буднага. А вось тут, каля званіцы, на якой званы з 1927 года, – апошні прытулак Ул. Чарняўскага. Айцец Уладзіслаў Чарняўскі яшчэ ў тыя глухія 60-я гады вёў службу на роднай мове. Вось бачыце, які прыклад для беларусаў – паўстагоддзя пражыў тут, вёў службу на беларускай мове, і гэта ў часы савецкага бязбожніцтва! Павучаў, каб ведала беларускую мову, не забывалася сваіх каранёў. Выканаў свой пастырскі і чалавечы абавязак, пайшоў на 86-годдзе, і тут пахаваны – ляжыць побач са сваім народам. Яго добра памятаюць і сёння людзі, якія з ім разам рупіліся дзеля касцёлу».

7 кастрычніка 2011 года была завершана рэстаўрацыя паўночнай і паўднёвай капліц касцёлу, іконы атрымалі свой удасканалены выгляд, былі ўмацаваны вянцы, усталяваны алтары.

5. Касцёл Станіслава ў Магілёве

У цэнтры Магілёва стаіць вялізны мураваны будынак з масіўным порцікам на галоўным фасадзе. Гэта кафедральны касцёл Станіслава, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі барока.

Касцёл Станіслава ў Магілёве.
Фота: probelarus.by

Будавалі святыню з 1738 да 1752 года. Адзін самых незвычайных касцёлаў Беларусі захоўвае ўнікальныя прыгожыя фрэскі XVIII стагоддзя. Тут захаваўся адзін з найбольш поўных і прафесійных фрэскавых евангельскіх цыклаў у Беларусі. Роспіс, выкананы таленавітымі магілёўскімі майстрамі, мае вялікую мастацкую каштоўнасць і славіцца сваёй арыгінальнасцю. І наагул магілёўскі касцёл – сімвалам заходнееўрапейскага барока.

У савецкі час Станіславаўскі касцёл выкарыстоўваўся як дзяржаўны архіў. Каб зрабіць памяшканне больш «прыстойным», знутры святыню пафарбавалі ў зялёны колер – гэтак незваротна знікла частка фрэсак. Гэтая частка гісторыі святыні была вельмі трагічная, бо былі страчаныя многія рарытэтныя і каштоўныя рэчы. Беззваротна знік і арган, у якім былі рэдкія керамічныя трубы.

Касцёл Станіслава ў Магілёве.
Фота: probelarus.by

У пачатку 1990-х гадоў будынак былога касцёлу зноў аддалі вернікам, пасля чаго пачаліся маштабныя рэстаўрацыйныя працы. З 1993 года ў Магілёве праводзіўся штогадовы найбуйнейшым фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», цэнтр якога – касцёл святога Станіслава. Аднак у 2021-м яго адмянілі без называння прычынаў.

Падчас рэстаўрацыйных работ быў зроблены шэраг адкрыццяў, якія маюць вялікую мастацкую каштоўнасць. Перш за ўсё гэта вяртанне да жыцця шматлікіх фрэсак, вызваленых ад тынкоўкі. Аўтарам мастацкай канцэпцыі рэстаўрацыі касцёлу з’яўляўся Алесь Пушкін.

Ён прыгадвае тыя часы:

«Нам з сябрам давялося адрэстаўраваць дзве з паловай тысячы квадратных метраў барокавага жывапісу. Былі створаны ў стылі барока новыя фрэскі. Архіанел Міхаіл з мячом перамагае д’ябла. Фон роспісаў чырвоны, напружаны, сімвалізуе духоўную барацьбу. Фрэска св. Антонія мае вялікае духоўнае значэнне. У Магілёве традыцыйна ўшаноўваецца памяць святога Антонія, добрага цёплага малітвенніка».

Роспіс плафона быў унікальны. На ім былі адлюстраваны сучасныя каталіцкія святары, тут была першая на Беларусі выява Яна Паўла ІІ, напісаны выявы нашых духоўных правадыроў: Я. Купалы, В. Дуніна-Марцінкевіча, В. Ластоўскага. У гэтым касцёле вянчаўся Зянон Пазняк з Галінай Вашчанкай. У пазнейшыя часы (2001) плафон быў зафарбаваны белым.

Цэлы сегмент роспісаў візуальна захоўваў дух той эпохі нацыянальнага і рэлігійнага ўздыму. Беларусь наведваў у тыя часы папскі нунцый Аўгустына Маркета. Эскізы роспісаў зацвярджаў сам кардынал Свёнтак.

6. Царква ў Сынкавічах

Згарнуўшы з дарогі Ваўкавыск – Слонім і праехаўшы з кіламетр, знойдзеце будынак, адначасова падобны да гатычнай святыні і малога сярэднявечнага замку.

Сынкавіцкая Міхайлаўская царква-крэпасць – адна з самых ранніх гатычных праваслаўных святыняў Беларусі, адна з першых цэркваў абароннага тыпу ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Дакладны час будоўлі царквы дасюль невядомы, але даследнікі найбольш імаверным часам лічаць канец XV – пачатак XVI стагоддзя. Лёс святыні склаўся так, што да нашых дзён не дайшлі імёны яго стваральнікаў. Паводле адной з легендаў, Сынкавіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што мясцовыя лясы схавалі яго ад пагоні Ягайлы. Паводле іншай, фундатарам быў вялікі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі.

Царква ў Сынкавічах.
Фота: Lusssiya / Wikipedia

Сынкавіцкая царква за сваю доўгую гісторыю паслужыла і праваслаўным, і ўніятам, і каталікам. Доўгі час у савецкія гады святыня не дзеяла, у ім было сховішча для зерня. Вернікам старажытную святыню вярнулі ў 1993-м.

Летам 2012 года Алесь Пушкін вёў рэстаўрацыйныя працы па зняцці алейнай зафарбоўкі 1990 года ў інтэр’еры царквы.

«На сценах царквы некалькі слаёў фарбы, найперш – гэта слой фарбы 1990 года, затым слой, які быў зроблены ў 1872-1892 гг. у час апошняга рамонту пры Еўстафіі Міхайлоўскім, а ўжо пад ім ляжаць слаі болей ранейшыя, на якіх ёсць старажытныя графіці. Мая задача была зняць верхнія два слаі фарбы, каб можна было даследаваць графіці. Галоўнае – скрупулёзна, акуратна скальпелем счышчаць гэтую фарбу. Акуратна працаваць з хімрэагентамі і распушчальнікамі», – узгадвае Алесь Пушкін.

Дзейнасць праводзілася ў рэспіратары і гумовых пальчатках, пры добрым праветрыванні апсіды.

«Графіці – гэта тое, што надрапалі на сценах наведнікі храму і святары. Гэта надпісы, якія належаць да духоўнага жыцця, нейкіх абставін і падзей – напрыклад, цытаты з Евангелія. Я спрабаваў сам адчысціць сцены, але гэта вельмі цяжкая работа і трэба было наймаць людзей. Мы далі абвесткі ў газетах і інтэрнэце. Людзі пачалі праязджаць і аказваць дапамогу. Людзі розныя, прыязджаюць не толькі праваслаўныя, але і каталікі, і атэісты. За ачыстку 1 м² сцяны царква плаціць 83 000 рублёў. Таму людзі працуюць розныя, хтосьці прыехаў зарабіць, а хто і крочыў за пазовам сэрца, каб зрабіць нешта карыснае. Прыязджаў чалавек з Менску ў выхадны дзень, адчысціў 40 сантыметраў фарбы, атрымаў грошы, кінуў іх у скарбонку для ахвяравання, сеў на машыну і паехаў зноў у Менск, а хтосьці заробіць грошай і адразу набывае гарэлкі…

Аднавіць храмы вельмі цяжка, пры Саветах яны былі ў заняпадзе, у 90-х гадах святары атрымлівалі храмы, ішлі ў краму, куплялі алейныя фарбы, сайдынг і аднаўлялі храмы па-свойму, адтуль і цыбуліны на помніках гатычнай архітэктуры, і алейная фарба на старажытных сценах, якія «задыхаюцца» пад фарбай. Цяпер так нельга рабіць, павінен быць навуковы кіраўнік.

Знешні выгляд храму павінен адпавядаць гістарычнаму абліччу, а ў інтэр’еры – калі не было старажытных роспісаў, якія могуць мець гістарычную і навуковую каштоўнасць, можна зрабіць роспіс, але ў адпаведнасці з традыцыяй таго месца і таго стылю, у якім пабудаваны культавы будынак. Напрыклад, я адчышчаю сцены, здымаю графіці, вывучаю пігменты, якімі былі пафарбаваны сцены ў старажытнасці, а потым я павінен буду зрабіць прапанову і падаць яе на навуковую раду пры Міністэрстве культуры. Знайшлі ў сынкавіцкай царкве сіні пігмент – будуць нябёсы.

На жаль, роспісу ў храме няма, але захавалася шмат помнікаў, якія былі пабудованы ў адзін час з нашым, і роспіс у Сынкавічах быў зроблены ў адпаведнасці са стылем і традыцыямі таго часу. Каб не згубіць свае карані, традыцыі, аднаўляць помнікі гісторыі і культуры павінны людзі свядомыя ў гісторыі краіны, гісторыі мастацтва і рэлігіі, а, галоўнае – патрыёты, якія любяць сваю краіну. Якія будуць працаваць за невялікія грошы ў глушы».

Праз пэўны час ён разам з валанцёрамі закончылі неабходную расчыстку. Сцены і купал алтарнай часткі царквы з цёмна-сініх сталі светла-бэжавымі – набылі першапачатковы колер XV стагоддзя. Здаецца, што зараз алтарная частка не толькі святлейшая, але і вышэйшая за астатнія часткі царквы. Пройдзе некаторы час – і ў ёй узнікне выява Архангела Міхаіла.

7. Берасцейская крэпасць

Берасцейскую крэпасць пабудавалі ў 1930-ыя – пачатку 40-х гадоў каля перакрыжавання рэк Заходні Буг і Мухавец на месцы старога Берасця. У час будоўлі ўвесь горад быў перамешчаны на новую тэрыторыю, на ўсход ад цытадэлі. Крэпасць месцілася на чатырох астравах, утвораных рукавамі рэк Мухавец і Заходні Буг ды сістэмаю каналаў. У цэнтры размешчаная Цытадэль, якая мастамі звязаная з трыма штучнымі астраўнымі ўмацаваннямі.

Берасцейская крэпасць. На здымку — Цытадэль і абарончая казарма.
Фота: Пётр Оьшевский / Wikipedia

Архітэктурны цэнтр Цытадэлі – гарнізонная Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1851–76 гг. Агульная плошча крэпасці – каля чатырох квадратных кіламетраў. Са жніўня 1915 га і да канца Першай сусветнай вайны Берасцейскую крэпасць занялі нямецкімі войскамі. У 1921-м паводле ўмоваў Рыжскай мірнай дамовы адышла да Польшчы, у складзе якой была да 1939-га. У 1939 годзе Берасцейскую крэпасць перадалі Савецкаму Саюзу.

22 чэрвеня 1941 года гарнізон крэпасці прыняў першыя ўдары нямецка-фашысцкіх жаўнераў і больш як месяц трымаў абарону ў акружэнні. У 1965 годзе крэпасці прысвоілі тытул «Крэпасць-герой». На яе тэрыторыі ў 1969–71 гадах створаны мемарыяльны комплекс, які ўключае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва.

8. Плошча Перамогі ў Менску

Плошча Перамогі месціцца ў цэнтры Менску, на галоўным праспекце – Незалежнасці. Будаваць плошчу пачалі ў 1939 годзе і да 1958-га яе называлі Круглаю. Дзякуючы таму, што тады адначасова пачалі ўзводзіць два выгнутыя дугою будынкі, што дало пачатак кальцу. Сваёй пабудоваю плошча сапраўды ў тыя гады ўтварала кола, у сярэдзіне якога пасля размясцілі манумент Перамогі. Цяпер праз перапланаванне і пабудову ў 1984 годзе метрапалітэну плошча мае форму авалу. Тады ж пад плошчаю пабудавалі кальцавую абходную галерэю, якая пераходзіць у круглую мемарыяльную залу.

Плошча Перамогі.
Фота: Белсат

Рэканструкцыя плошчы Перамогі ды асноўных аб’ектаў пачалася ўлетку 2019 года і працягвалася да траўня 2020-га. Выгляд плошчы не змяніўся.

СП belsat.eu

Стужка навінаў