Прысуд выданаму Расеяй беларусу і затрыманні ў гарадзенскім інстытуце


У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды паводле палітычна матываваных справаў. «Белсат» адсочвае выпадкі пераследу беларусаў. Пра што стала вядома 26 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Шклове 26 кастрычніка вынесены прысуд Дзянісу Хахлову, якога Расея раней выдала Беларусі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Тараканаў, ён прысудзіў Дзянісу пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. З лютага 2023 года Дзяніс жыў у Расеі, куды ён з’ехаў, бо баяўся пераследу ў Беларусі. Адтуль ён збіраўся зʼехаць у Грузію, але 11 чэрвеня быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі праз тое, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку на запыт Беларусі.

У Менску асудзілі Кірыла Ахрэмчыка паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Алена Капцэвіч прызначыла яму 2,5 гады «хатняй хіміі» за стаянне ў счэпцы на менскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Фотаздымкі з гэтым эпізодам сілавікі знайшлі ў адным з тэлеграм-каналаў. Кірыл цалкам прызнаў віну.

Hавiны
«Выглядае кепска». З палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк сустрэліся сваякі
2023.10.26 16:26

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго айцішніка. На «пакаянным» ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама перапісваўся з Кіберпартызанамі і яму, нібыта, далі тэставае заданне, якое ён не змог зрабіць.

У Гарадзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі адбыліся затрыманні. Пра гэта паведаміў адзін са шчучынскіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў – менавіта ў гэтым горадзе і размяшчаецца ўстанова. Калі прайшоў рэйд і колькі чалавек было затрымана – не паведамляецца. Вядома толькі, што некаторых супрацоўнікаў установы прыцягнулі да адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Апошнім часам у Беларусі былі затрыманыя 25 грамадзян Латвіі, паведаміў міністр замежных справаў Латвіі Крыш’яныс Карыньш. Ён адзначыў, што большасць з гэтых справаў, калі не ўсе, палітычна матываваныя. Таксама чыноўнік заклікаў грамадзян Латвіі не ехаць у Беларусь, бо ў краіне не працуюць законы, а ў выпадку непрыемнасцяў латвійскія дыпламатычныя прадстаўнікі не змогуць дапамагчы суайчыннікам.

Агляд
Перарэгістрацыя як спосаб барацьбы з няўгоднымі
2023.10.26 08:27

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў