У Беларусі за апошні час затрымалі 25 грамадзянаў Латвіі


За апошні час у Беларусі былі затрыманыя 25 латвійскіх грамадзянаў. Ім прад’яўленыя розныя абвінавачанні, верагодна, па палітычных матывах, расказаў міністр замежных спраў Латвіі Артурс Крыш’яныс Карыньш у інтэрвʼю тэлеканалу TV3.

Латвійскі сцяг. Крыніца: lv.baltnews.com

Па словах Карыньша, ёсць сур’ёзныя падазрэнні, што большасць, калі не ўсе гэтыя справы, маюць палітычную падаплёку. Падрабязнасці пра затрыманых ён не стаў распавядаць і дадаў, што Латвія зараз не можа дапамагаць сваім затрыманым грамадзянам праз адсутнасць дыпламатычных адносін з Беларуссю.

Да таго кіраўнік латвійскага МЗС заклікаў грамадзян Латвіі ўстрымацца ад паездак у Беларусь.

«Як дзяржава мы не зможам дапамагчы. Калі вы едзеце ў Беларусь, мы не зможам вам дапамагчы. Цяпер у нас няма дыпламатычных адносін, у нас няма ніякага ўплыву, таму мы не зможам [дапамагчы]», – сказаў Карыньш.

Ён дадаў, што латвійскае грамадства прызвычаілася да вяршэнства права і справядлівага суда, але ў Беларусі гэтага няма.

У верасні гэтага года стала вядома пра затрыманне ў Менску 57-гадовай грамадзянкі Латвіі Алы Сакаленка. Яе будуць судзіць у Беларусі па абвінавачанні ў агентурнай дзейнасці, жанчына прызнаная палітзняволенай. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад трох да сямі гадоў зняволення.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў