За год наведаў 16 краінаў, усяго – больш за 70. Гутарым з беларусам, які выправіўся ў падарожжа вакол свету


Падарожнік з Салігорску, 36-гадовы журналіст-фрылансер, блогер, вулічны артыст Аляксандр Гойшык з дзяцінства марыў пра вандроўку вакол свету. За 16 гадоў хлопец аб’ездзіў больш за 50 краін, і ўвесь гэты час рыхтаваўся да галоўнага падарожжа жыцця – кругасветнага, у якое Аляксандр выправіўся ўвосень 2021 года. Год беларус правёў у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы. «Белсат» пагутарыў з вандроўнікам пра ўражанні ад лацінаамерыканскіх краінаў, запытаў, якія кантыненты і краіны ў далейшых планах, колькі каштуе «кругасветка» і навошта ўсё гэта ўвогуле патрэбна.

Аляксандр Гойшык.
Фота: Аляксандр Гойшык

«У Гватэмале 22 афіцыйна прызнаныя мовы індзейцаў мая»

– Аляксандр, распавядзі, калі ласка, дзе ты цяпер – у гэты вось момант, калі мы з табой размаўляем.

– На поўдні Перу, у горадзе Арэкіпа (Arequipa) – другім з велічыні ў гэтай краіне. Нядаўна хадзіў у каньён Колька (Valle del Colca) – самы глыбокі ў свеце. Неўзабаве выязджаю ў бок гораду Куска (Cuzco), потым у Мачу-Пікчу (Machu Piсchu) – старажытны горад інкаў, да гары Сямі колераў. А далей паеду да высакагорнага возера Тытыкака (Titicaca) і далей у бок Буэнас-Айрэсу.

Аляксандр Гойшык перад палётам над пустэльняй Наска (Nazca) у Перу.
Фота: Аляксандр Гойшык
Каньён Колька (Valle del Colca).
Фота: Аляксандр Гойшык

– Чаму ты прыляцеў у Лацінскую Амерыку?

– Год таму, у сярэдзіне кастрычніка 2021 года, я прыляцеў у Мексіку, адкуль распачаў сваё кругасветнае падарожжа. Раней я ўжо бываў у Мексіцы – у лютым 2021 года, яшчэ падчас пандэміі, месяц правёў у сваіх сяброў-беларусаў. А ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі я раней не бываў, таму падумаў, што гэты кантынент можа стаць добрым стартам для «кругасветкі».

Заход сонца над Амазонкай.
Фота: Аляксандр Гойшык

– Што паспеў пабачыць за год?

– Наведаў тут 16 краінаў. На самым пачатку я пару тыдняў правёў у Мексіцы, пасля пераехаў у Гватэмалу – там тры тыдні вучыў іспанскую мову на возеры Атытлян (Atitlán). Гэтыя курсы далі мне неабходную моўную базу, бо зусім без ведання іспанскай мовы ў гэтым рэгіёны асабліва не навандруешся. Таксама ў Гватэмале я набыў скутар, і пакуль чакаў афармлення ўсіх дакументаў, месяц вандраваў па краіне. Гватэмала – вельмі цікавая. Гэта краіна індзейцаў мая. Там усе традыцыі дагэтуль жывыя, жанчыны ходзяць у нацыянальных строях, можна пачуць мову мая – у краіне афіцыйна прызнаныя 22 мовы мая.

Потым я наведаў Беліз і пасля паехаў на поўдзень па Цэнтральнай Амерыцы – у Сальвадор, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыку, Панаму.

Возера Атытлян (Atitlán) у Гватэмале.
Фота: Аляксандр Гойшык
Вясковая перуанка.
Фота: Аляксандр Гойшык
Жанчына мая.
Фота: Аляксандр Гойшык

Напрыканцы красавіка я перабраўся ў Калумбію, а адтуль паляцеў у горад Летысья (Leticia) у Калумбійскай Амазоніі. Там па зямлі перайшоў мяжу з Бразіліяй і паромам тры дні плыў да гораду Манаўс (Manaus) – сталіцы штату Амазонас. Пасля былі яшчэ два паромы да Сантарэму (Santarém), Макапы (Macapá), а адтуль я перайшоў па зямлі ў Французскую Гвіяну, Сурынам, Гаяну, потым вярнуўся ў Бразілію ў горад Боа-Віста (Boa Vista), каб перайсці ў Венесуэлу.

У Венесуэле я правёў два тыдні, пабыў у Каракасе, Мэрыдзе (Mérida). Пасля праз Калумбію паехаў на скутары ўніз – у Эквадор, Перу. Далей будзе Балівія, Парагвай, Аргентына, Чылі. Уругвай і паўднёвая частка Бразіліі – мае апошнія пункты на гэтым кантыненце.

Гаяна.
Фота: Аляксандр Гойшык
Французская Гвіяна.
Фота: Аляксандр Гойшык

Кошт «кругасветкі» – некалькі дзясяткаў тысяч долараў

– Колькі заняло рыхтаванне такога падарожжа?

– Я доўга рыхтаваўся, гадоў 7. Гэта быў такі кўэст – крок за крокам развязваць розныя пытанні, каб вандроўка стала магчымай. Дзеля гэтага я некалькі гадоў працаваў на Захадзе Еўропы, каб быць фінансава аўтаномным, каб не было неабходнасці недзе працаваць па дарозе, каб спакойна можна было два гады вандраваць.

Яшчэ перад падарожжам, у жніўні 2021 года, я адмыслова прайшоў поўны медагляд, каб упэўніцца, што ў мяне ўсё ў парадку са здароўем, што потым недзе пасярод джунгляў не вылезе нейкая болька. Зрабіў неабходныя прышчэпкі. Галоўная – супраць ковіду. Потым яшчэ ў Калумбіі ад жоўтай ліхаманкі зрабіў.

Горад Манаўс (Manaus), Бразілія.
Фота: Аляксандр Гойшык

Год я ўжо вандрую, дакладнага плану, што яшчэ роўна год буду ездзіць, і ўсё, няма. Я разумею, што ўсё можа і яшчэ два гады заняць, бо толькі на тое, каб закрыць Паўднёвую Амерыку, мне спатрэбіцца яшчэ месцы чатыры.

– Колькі грошай трэба на «кругасветку»?

– Некалькі дзясяткаў тысяч долараў дакладна.

А ці вялікія выдаткі ў Паўднёвай Амерыцы? Якія там кошты, узровень жыцця?

– Гэта вялікі кантынент, такі ж разнастайны, як і Еўропа. Тут ёсць і дарагія краіны, і ўмоўна танныя. Да апошніх адносяцца, напрыклад, Калумбія, Балівія, Аргентына. Самая дарагая краіна ў рэгіёне – Чылі. Не танныя таксама Коста-Рыка, Панама, Эквадор. У апошніх дзвюх высокія кошты, бо там валюта – амерыканскі долар. Яшчэ мяне здзівіла, што Венесуэла – зусім не танная краіна.

Вёскі на вадзе ў Амазоніі.
Фота: Аляксандр Гойшык

«Цяперашняя Венесуэла – найгоршы сцэнар будучыні Беларусі»

– А якая ўвогуле цяпер сітуацыя ў Венесуэле? Яна доўгі час была ў цэнтры ўвагі, казалі пра страшную злачыннасць і галечу там.

– Ужо два гады як сітуацыя там паляпшаецца. Вельмі кепска ўсё было ў 2018 годзе, страшны дэфіцыт. Але цяпер у крамах ёсць усё, хоць і даражэй, чым у іншых краінах рэгіёну. У той жа час людзі зарабляюць капейкі. Адзін паліцыянт мне распавядаў, што зарабляе $ 40 і ледзь зводзіць канцы з канцамі. Каб выжыць, у памежных раёнах людзі ездзяць у Бразілію і Калумбію, нешта возяць.

Цэнтр Каракасу.
Фота: Аляксандр Гойшык
На вуліцах Каракасу.
Фота: Аляксандр Гойшык

Асаблівай злачыннасці я ў Венесуэле не заўважыў. Пасля 2018 года з Венесуэлы была вялізная хваля міграцыі – тады з’ехалі ўсе, нават злачынцы. Цяпер венесуэльцаў можна сустрэць па ўсім кантыненце. У Эквадоры я нават бачыў, як людзі ішлі ўздоўж дарогі з клункамі сотні кіламетраў пешшу да Перу і Чылі.

Агулам у Венесуэле бяспечна, і дзейнічаюць тыя ж правілы, што і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі – проста ёсць месцы, куды лепш не хадзіць. Калі ты бачыш, што раён пачынае выглядаць падазрона, лепш не рызыкаваць. У цэнтры цалкам добра, і галоўныя злодзеі там – паліцыя, войска, нацгвардыя.

Па ўсёй краіне бываюць перабоі з вадой і электрычнасцю. У цэнтры Каракаса – звычайная справа, калі ў дамы даюць ваду на гадзіну за дзень, і таму ў людзей на кухнях стаяць вялікія 500-літровыя бакі. Можа не быць святла.

Бак з вадой на 500 літраў у кватэры ў цэнтры Каракасу.
Фота: Аляксандр Гойшык

Мой хост з каўчсерфінгу, які жыве ў цэнтры Каракасу, распавядаў, што ў яго ўсе сябры з’ехалі. Кажа, мне часта нават няма каму патэлефанаваць, каб выйсці на піва, бо ўсе, хто мог з’ехаць, з’ехалі. І тут у мяне вельмі моцная аналогія з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Венесуэла – прыклад самай сумнай будучыні, якая можа чакаць нашую краіну. Усе, хто мог з’ехаць, з’ехалі. Цяпер гэта – максімальна паліцэйская краіна, з паліцыянтамі пад кожным кустом. На дарогах кожныя 20 кіламетраў блокпасты баліварыянскай нацгвардыі, якія незразумела навошта спыняюць аўтобусы, правяраюць дакументы, забіраюць грошы і каштоўныя рэчы.

Блокпасты на дарогах у Венесуэле.
Фота: Аляксандр Гойшык

Я так трапіў на выездзе з Венесуэлы ў Калумбію на апошнім блокпасту. Мяне абшукалі, прымушалі нават майткі здымаць. Знайшлі ў кішэні 15 долараў і хацелі забраць 10 – маўляў, невялікі падарунак для нацгвардыі. Я сказаў – не, гэта мае апошнія грошы, не аддам. Яны здзівіліся маёй нахабнасці, аддалі мне 10 долараў, забралі 5 і сказалі – валі хутчэй адсюль.

«Калі гатую дранікі, мясцовыя здымаюць тык-токі»

– А што ты можаш распавесці пра Гандурас?

– Гандурасу не пашчасціла з назвай і змрочнай рэпутацыяй. Шмат вандроўнікаў спрабуюць аб’ехаць гэтую краіну ці транзітам праехаць на аўтобусе і не выходзіць. У мяне асабіста вельмі добрыя ўражанні ад Гандурасу. Проста, калі ты вандруеш скутарам, гэта больш бяспечна, чым грамадскім транспартам, аўтобусамі, таму мне было добра. Але ведаю, што маіх сяброў там спрабавалі забіць – на машыне задавіць. Яны ішлі ў цёмны час у не вельмі спакойным месцы.

У Гандурасе я сустракаў вельмі цікавых, прыемных людзей. Яшчэ там прыгожая прырода – выспы ў Мексіканскай затоцы, цалкам турыстычныя месцы. Ці нацыянальны парк Капан (Copán) – руіны пірамідаў мая.

Такая ж рэпутацыя, як і ў Гандураса, у Сальвадора. Аднак у той жа час гэта не самыя бедныя краіны, страшнай галечы я там не бачыў.

– Што ў Паўднёвай Амерыцы ведаюць пра Беларусь?

– Нічога. У Венесуэле яшчэ краем вуха нешта чулі, бо быў жа некалі наш «вялікі таварыш» Уга Чавэс. А ў рэшты, калі кажаш па-іспанску Bielorussia, адразу асацыяцыі з Расеяй, і трэба чытаць цэлую лекцыю, што гэта асобная краіна. Яшчэ цяпер некаторыя чулі пра Беларусь у сувязі з вайной ва Украіне, што Беларусь – суагрэсар.

Калі я распавядаю пра Беларусь, праводжу аналогіі з Венесуэлай, бо яны ўсе тут ведаюць гэтую гісторыю. І калі ты кажаш, што Беларусь – такая ж дыктатура, як і Венесуэла, што ў нас таксама адзін самазванец-дыктатар ужо 28 гадоў, і што я спецыяльна наведаў Венесуэлу, каб убачыць, якая будучыня чакае нас пры самых кепскіх перспектывах, тады да іх нешта даходзіць.

Затое ўсім вельмі падабаецца, калі я гатую нашыя дранікі. Спачатку здзіўляюцца: як гэта можна рабіць бліны з бульбы? А потым рэцэпт запісваюць, фатаграфуюць, нават тык-токі здымаюць з дранікамі.

Выбар бульбы ў звычайным перуанскім супермаркеце.
Фота: Аляксандр Гойшык

Дарэчы, калі казаць пра бульбу, то тут вельмі блізкая да нас краіна – Перу. У іх бульба – таксама нацыянальная страва, і нават нацыянальная ідэя. У іх нават выраз ёсць: «Я большы перуанец, чым бульба». У Перу чатыры тысячы афіцыйна выведзеных гатункаў бульбы. Іхны нацыянальны стрытфуд – фаршыраваная бульба.

«Галоўны напой у Лацінскай Амерыцы – ром»

– А што ты там еш і п’еш з мясцовай кухні? Што найбольш падабаецца?

– Мясцовая ежа вельмі разнастайная. Агульнае на ўвесь рэгіён – рыс, курыца, салат, фасоля.

Асобна стаіць мексіканская кухня – вельмі багатая. У іншых краінах ежа прасцейшая.

У Перу жыве шмат кітайцаў, і там узнік мікс мясцовай і кітайскай кухні. Гэта можа быць кітайская локшына, змяшаная з рысам і нават з бульбай, з мясам, курыцай. І гэта вельмі смачна, хутка і танна.

Абед у кавярні ў Гватэмале.
Фота: Аляксандр Гойшык

Шмат перуанцаў, у якіх я спыняюся, удома нават не гатуюць, у іх нават няма пліты ці пліткі або лядоўні, бо тут нявыгадна нешта сабе гатаваць. Выгадней паесці ў горадзе – на кожным кроку ёсць нешта смачнае і таннае.

У Панаме і Калумбіі мне вельмі спадабаўся суп са страўніка каровы – мандонга (mondongo), вельмі падобны да польскіх флякаў.

Тыпова венесуэльскі фастфуд – арэпас – аладкі з кукурузнай мукі. Калі ты бачыш у Эквадоры ці Перу арэпас, значыць, гэтае месца трымаюць венесуэльцы.

З напояў па ўсім рэгіёне распаўсюджаныя свежавыціснутыя сокі – з памаранчаў, цукровага трыснягу. З алкагольных напояў у Мексіцы галоўны – тэкіла, а ў Паўднёвай Амерыцы вельмі папулярны ром – у кожнай краіны ёсць свой гатунак. Найлепшы, на мой густ – у Гватэмале – закапа (zacapa).

У Перу ёсць напой піска (pisco) – вінаградная гарэлка, як грузінская чача. Назва – ад гораду Піска, дзе гэты напой з’явіўся. І , вядома, паўсюль піва – лёгкае, светлае, з мінімальным градусам. Тут лічыцца нармальным выпіць пару келіхаў піва і сесці за стырно.

«Калі спазняешся на 15 хвілін, значыць, ты прыйшоў у час»

Аляксандр Гойшык у Амазоніі.
Фота: Аляксандр Гойшык

– Што з культурных асаблівасцяў найбольш здзіўляе?

– Што аб’ядноўвае ўсю Лацінскую Амерыку, і нават усе паўднёвыя народы – расслабленасць, спакой. Не атрымліваецца – і ладна. Яны любяць казаць: «Tranquilo, amigo, no te preocupes» – спакойна, сябра, не перажывай.

Трэба прызвычаіцца, што тут усё робіцца даўжэй, чым у нас. Калі табе сказалі, што серада, то дай Бог, каб у суботу, а хутчэй за ўсё – у наступны панядзелак. І гэта трэба проста прыняць і зразумець, інакш можна шмат нерваў сабе парваць. У іх спазніцца на 15 хвілін – гэта не спазненне, гэта ты прыйшоў своечасова. Гэта агульная рыса паўднёвых народаў. Залатое правіла тут – tal vez manana – магчыма, заўтра. Але гэта не дакладна.

Жанчына мая з дзецьмі.
Фота: Аляксандр Гойшык
Жанчына з індзейцаў інка.
Фота: Аляксандр Гойшык

Людзі вельмі адкрытыя, прыемныя, гатовыя дапамагчы, перакінуцца з табой парай фразаў. У той жа час, факт, што цябе будуць спрабаваць абдурыць, але тут трэба паказаць, што ты – не грынга (замежнік у Лацінскай Амерыцы. – Рэд.) і ведаеш кошты. Што заўважыў – індзейцы ў Перу не дураць нават у самых турыстычных месцах.

– Ці даводзілася табе сустракаць у тваім падарожжы беларусаў, акрамя таго, што ў самым пачатку ты жыў у беларусаў?

– Сустракаў хлопца з Беларусі, які цяпер жыве ў Эквадоры, яшчэ аднаго, які па працы жыве ў Ліме ў Перу. Даволі часта па дарозе сустракаю ўкраінцаў. Ведаю, што ёсць вялікая дыяспара беларусаў на поўдні Бразіліі, але ў паўночнай частцы Бразіліі, у Амазоніі, дзе я быў, там іх не так шмат, і я з імі не перасякаўся Але ў мяне няма задачы абавязкова знайсці тут беларусаў.

«Здзяйсняю мару дзяцінства»

Горад Картахэна (Cartagena), Калумбія.
Фота: Аляксандр Гойшык
Горад Сан-Андрэс (San Andrés), Калумбія.
Фота: Аляксандр Гойшык

– Куды далей – пасля Паўднёвай Амерыкі?

– У Аўстралію, Новую Зеландыю, Азію. Паўночную Амерыку пакіну на асобнае падарожжа, гэтак жа, як і Афрыку. Яшчэ вельмі цікавыя Японія, Пакістан. Нядаўна адкрылася Саудаўская Аравія, пасля Новага года, кажуць, і таямнічая краіна Бутан, дзе ёсць Міністэрства шчасця, адкрыецца для вольных падарожнікаў. Шмат што хочацца наведаць, але трэба добра размяркоўваць свае сілы, каб не стаміцца ад падарожжа.

Аляксандр Гойшык у Лацінскай Амерыцы.
Фота: Аляксандр Гойшык

– Ад падарожжа можна стаміцца?

– Вядома, таму трэба рабіць перапынкі, адпачынкі. Я пасля 10 месяцаў падарожжа зразумеў, што стаміўся, і зрабіў сабе вакацыі – на месяц вярнуўся ў Гватэмалу. Там адпачыў, набраўся сілаў, месяц таму вярнуўся ў Перу, і цяпер з новымі сіламі еду далей.

– Якая канчатковая мэта твайго падарожжа? Ты вандруеш, каб што? Мо хочаш па выніках напісаць кнігу?

– Пра кнігу адкажу любімай фразай у Паўднёвай Амерыцы – можа быць, заўтра, але гэта не дакладна. Мая мэта – атрымліваць асалоду і быць у гармоніі з сабой. А калі я зразумею, што я стаміўся, хачу дамоў, то вярнуся. Хоць дому як такога няма, як і ў вялікай колькасці беларусаў цяпер.

Панама-Сіці.
Фота: Аляксандр Гойшык

Я здзяйсняю мару дзяцінства. Я заўсёды хацеў убачыць свет і распавесці людзям пра сваю краіну. У «кругасветку» я выправіўся, маючы ў «багажы» каля 57 краінаў. Я вандрую цягам 16 гадоў – фактычна палову свайго жыцця. Калі я вучыўся ў Польшчы, у мяне было шмат вольнага часу, і я выкарыстоўваў яго на тое, каб вандраваць. Паступова я аб’ездзіў Еўропу, пасля паехаў у Азію.

«Ва ўсіх закутках свету падобныя праблемы, трывогі, падобнае шчасце»

– Якія твае галоўныя высновы па выніках усіх тваіх вандровак?

– Падарожжы – гэта тое, што цябе ўзбагачае, робіць з цябе рознабаковага чалавека, што назаўжды застанецца з табой, у адрозненне ад матэрыяльных каштоўнасцяў. Падарожжы вучаць жыццю. А яшчэ – у асноўнай сваёй масе мы, людзі, усе падобныя, у нас паўсюль ва ўсіх закутках свету падобныя праблемы, трывогі, падобнае шчасце. Можна заехаць вельмі далёка ад дому і ўбачыць шмат падобнага да таго, што маем побач.

Коста-Рыка.
Фота: Аляксандр Гойшык
Горад Гранада, Нікарагуа.
Фота: Аляксандр Гойшык
Горад Гранада, Нікарагуа.
Фота: Аляксандр Гойшык

– Што б ты параіў таму, хто таксама хоча ў «кругасветку»?

– Адказаць сабе на пытанне, ці ты сапраўды гэтага хочаш, навошта гэта табе. Бо ўсё зусім не так проста, як я распавядаю. Я раіў бы назапасіць досвед звычайных вандровак, зразумець, што такое вольныя падарожжы. Напрыклад, прачытаць кнігу вядомага падарожніка Антона Кротава «Практыка вольных падарожжаў», якая вельмі моцна змяніла некалі мой светапогляд. Я набыў яе ў Кіеве, калі мне было 18 гадоў. Гэтая кніга змяніла маю будучыню, пасля яе пачаў больш і больш вандраваць. Я зразумеў, што гэта сапраўды тое, што я хачу рабіць. І моцная матывацыя дапамагае мне пераадолець усе сумневы, якія могуць узнікаць, калі бачыш, як іншыя жывуць спакойным жыццём, купляюць кватэры, развіваюць бізнесы, а мама кажа, што ўнукаў хоча.

Яшчэ, вядома, трэба падрыхтавацца фінансава, каб не было так, што ты на іншым канцы свету застаўся без грошай і без нічога і не ведаеш, што робіць.

Гватэмала.
Фота: Аляксандр Гойшык
Гарадзішча Тыкаль (Tikal), піраміды мая.
Фота: Аляксандр Гойшык

– З усіх краінаў, якія ты наведаў, якія твая ўлюбёная?

– Напэўна, Грузія. Там ёсць усё, што патрэбна падарожніку. Добразычлівыя, адкрытыя людзі, няма моўнай праблемы, напэўна, там самая смачная ежа, шмат цікавых гістарычных месцаў, старажытная культура, проста бамбічная прырода. Калі вы яшчэ там не былі, абавязкова з’ездзіце.

– А ці вандраваў ты гэтак жа шмат па Беларусі і ці хацеў бы вярнуцца на радзіму?

– Па Беларусі вандраваў, хоць усю не аб’ехаў. Вельмі хацеў бы выправіцца ў Ельню – у паход па балатах, а таксама наведаць Палессе. І, вядома, раней ці пазней я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, калі там будзе будавацца новая краіна, і мае веды будуць карыснымі. Я б хацеў аднойчы зрабіць унёсак у будаўніцтва вольнай Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў