Івонка Сурвіла: Час, праўда і справядлівасць – на нашым баку, перамога будзе за намі


Івонка Сурвілла.
Фота: svaboda.org

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла са зваротам да беларускага народу, у якім заклікала «не губляць веры, надзеі і салідарнасці, але наадварот, толькі ўмацоўваць іх».

«Час – на нашым баку. Праўда і справядлівасць – на нашым баку. Наперадзе некалькі месяцаў, а можа і гадоў супрацьстаяння, але перамога будзе за намі. Галоўнае, каб кожны і кожная з нас у меру сваіх сілаў і магчымасцяў набліжалі гэты момант», – заявіла яна.

Цалкам зварот чытайце ніжэй:

ВЕРА, НАДЗЕЯ І САЛІДАРНАСЦЬ

Аднаўленне незалежнасці Беларусі, якому ў гэтым годзе спаўняецца роўна 30 гадоў, стала ў тым ліку вынікам супольнай барацьбы беларусаў, украінцаў, народаў Балтыі, палякаў і іншых народаў, якія ў самыя безнадзейныя часы халоднай вайны не гублялі надзеі і не пакладалі працы дзеля вольнай будучыні сваіх краёў, у якую яны верылі.

Нягледзячы на набліжэнне круглай светлай для ўсіх нас даты навіны з Беларусі ніяк не ствараюць святочнага настрою. Масавыя арышты, катаванні і зневажанне найлепшых людзей Беларусі з боку злачынцаў набылі маштаб, якога мала хто з нас памятае. Татальнае знішчэнне рэжымам незалежных грамадскіх арганізацый мае на мэце абнуліць гады працы актыўных і шчырых беларусаў.

Мне баліць сэрца чытаць навіны з Беларусі і гутарыць з людзьмі, якія церпяць гэтую несправядлівасць. І я разумею, што ў вельмі многіх апускаюцца рукі, надыходзіць расчараванне і нявера ў тое, што нешта можна змяніць. Пасля эйфарыі, якую ўсе мы адчувалі мінулым годам, гэта натуральна.

І тым важней для ўсіх нас, усяго беларускага народу, дзе б мы ні знаходзіліся, не губляць веры, надзеі і салідарнасці, але наадварот, толькі ўмацоўваць іх. Я і маё пакаленне беларускай дыяспары добра ведаем, як гэта важна.

Беларуская палітычная эміграцыя вяла палітычную і інфармацыйную барацьбу супраць савецкіх акупантаў на працягу больш за 70 гадоў: ад выгнання Рады БНР у 1919 годзе да распаду СССР. Мы бачылі неразуменне з боку замежнікаў. Мы бачылі дэпрэсію і сыход людзей з нашых шэрагаў. Мы змагаліся з думкай пра тое, што можам не пабачыць вынікі нашай працы і суверэнную Беларусь, якая зойме «свой пачэсны пасад між народамі». Але мы вытрывалі і перамаглі. Са слязамі радасці мы віталі падняццё бел-чырвона-белага сцяга над амбасадамі Беларусі ў краінах, што сорак гадоў перад гэтым далі нам прытулак. Як выявілася, Беларусь тады не стала вольнай – але яна ўжо стала раўнапраўнай незалежнай дзяржавай. Гэта была адна з нашых мэтаў, якіх мы дабіваліся і дабіліся.

Тое, што нам давялося так доўга чакаць, дае мне і маім паплечнікам-беларусам у многіх краінах сілаў і трываласці, каб не капітуляваць перад Лукашэнкам і не пакладаць працы па барацьбе з ягоным рэжымам. Час – на нашым баку. Праўда і справядлівасць – на нашым баку. Наперадзе некалькі месяцаў, а можа і гадоў супрацьстаяння, але перамога будзе за намі. Галоўнае, каб кожны і кожная з нас у меру сваіх сілаў і магчымасцяў набліжалі гэты момант.

Для тых з нас, хто знаходзіцца ў вольным свеце, зараз як ніколі неабходна з’яднацца і рашуча пратэставаць, біць трывогу, распавядаць свету пра тое, што адбываецца з нашымі братамі і сёстрамі на радзіме. Патрабаваць ад міжнароднай грамадскасці рашучых крокаў па супрацьдзеянню дыктатарскаму рэжыму, на чыіх руках кроў нявінных людзей. Гэта нагода для нас надалей заяўляць пра сябе як неабыякавых і актыўных жыхароў і грамадзянаў і Беларусі, і сваіх новых краінаў, кантактаваць з урадамі і парламентамі. Рабіць важную і карысную справу дзеля Беларусі і дзеля саміх сябе як часткі беларускага народу.

Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, зараз трэба праяўляць абачлівасць і асцярожнасць перад тварам рэжыму, які знаходзіцца ў сваёй агоніі і як раз’юшаны паранены звер намагаецца знішчыць усё навокал сябе. Неабходна гуртавацца і аказваць падтрымку тым, хто патрапіў за краты і церпіць рэпрэсіі. Неабходна ашчаджаць сілы і рыхтавацца для вырашальнага моманту, у які мы ўсе маем падняцца, каб стаяць да канца. Гэты момант надыдзе – і я веру, што хутка.

Івонка Сурвілла

Старшыня Рады БНР

МГ belsat.eu

Стужка навінаў