«Мы ішлі не для звяржэння ўлады ў краіне». Прыгожын падвёў вынікі паходу на Маскву


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын упершыню з вечара 24 чэрвеня выступіў з афіцыйнай заявай. Апошні раз ён выказваўся, калі разгарнуў калону наёмных вайскоўцаў, якая ішла на Маскву, назад. Гэтым разам Прыгожын распавёў, чаму вырашыў учыніць мяцеж і чаму не дайшоў да канца, а таксама падзякаваў Лукашэнку.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын.
Фота: concordgroup_official

У сваім звароце Прыгожын падрабязна апісвае высокі ўзровень падрыхтоўкі «вагнэраўцаў» і прызнае факты збіцця самалётаў і верталётаў расейскай арміі. Таксама ён агучыў страты ПВК Вагнэра.

Спачатку ён заявіў, што ПВК Вагнэра «адно з самых баяздольных і матываваных ваенных падраздзяленняў у Расеі, а можа і ў свеце», а ягоныя салдаты ваююць выключна ў інтарэсах Расеі, у тым ліку ў Афрыцы і арабскіх краінах.

«У выніку інтрыг і непрадуманых рашэнняў гэта падраздзяленне павінна было спыніць сваё існаванне 1 ліпеня 2023 года. Сабраўся савет камандзіраў, які давёў усю інфармацыю да байцоў. Ніхто не пагадзіўся падпісваць кантракт з Мінабароны, паколькі ўсе выдатна ведаюць з цяперашняй абстаноўкі, што гэта прывядзе да поўнай страты баяздольнасці. Вопытныя байцы, вопытныя камандзіры будуць фактычна размазаны і пойдуць на мяса. Тыя байцы, якія вырашылі, што яны гатовыя перайсці да Мінабароны – перайшлі», – сказаў Прыгожын.

Паводле ягоных словаў, кантракты з Мінабароны Расеі падпісалі толькі каля 2% байцоў ПВК. Ён таксама дадае, што байцы ПВК збіралі ўсё, што было неабходна, зрабілі інвентарызацыю і збіраліся 30 чэрвеня рухацца калонай у Растоў і публічна перадаць тэхніку Міністэрству абароны, але іх атакавалі:

«Нягледзячы на тое, што мы не праяўлялі ніякай агрэсіі, па нам быў нанесены ракетны ўдар і адразу пасля гэтага адпрацавалі верталёты. Каля 30 чалавек байцоў ПВК Вагнэра загінулі, некаторыя атрымалі раненні. Гэта паслужыла трыгерам таго, што неадкладна рада камандзіраў прыняла рашэнне, што мы павінны вылучацца неадкладна».

Пасля гэтага Прыгожын абвясціў аб «маршы справядлівасці». Адна з калон «вагнэраўцаў» высунулася ў Растоў, іншая пайшла ў напрамку Масквы.

«За содні мы прайшлі 780 кіламетраў. Не быў забіты ніводзін салдат на зямлі. Мы шкадуем аб тым, што мы вымушаны былі наносіць удары па авіяцыйных сродках, але гэтыя сродкі кідалі бомбы і наносілі ракетныя ўдары. На працягу содняў мы прайшлі 780 кіламетраў. Не даходзячы 200 з невялікім кіламетраў да Масквы, за гэты час былі блакаваны і абясшкоджаны ўсе ваенныя аб’екты, якія знаходзіліся па дарозе. Не загінуў ніхто. Яшчэ раз паўтараю, [не загінуў ніхто] з тых, хто знаходзіўся на зямлі, – распавёў заснавальнік ПВК.

Аднак сярод байцоў ПВК Вагнэра некалькі чалавек былі паранены і двое загінулі, дадаў ён.

Мэтай «паходу» ён назваў не дапусціць знішчэння ПВК Вагнэра і прыцягнуць да адказнасці тых асобаў, якія «сваімі непрафесійнымі дзеяннямі здзейснілі вялікую колькасць памылак падчас СВА».

«Мы спыніліся ў той момант, калі першы штурмавы атрад, які надышоў на 200 кіламетраў да Масквы, разгарнуў сваю артылерыю, зрабіў разведку мясцовасці, і было відавочна, што ў гэты момант пральецца шмат крыві. Таму мы палічылі, што дэманстрацыя таго, што мы збіраліся зрабіць, яна дастаткова і нашым рашэннем разгарнуцца», – сказаў Прыгожын.

Заснавальнік Вагнэра таксама распавёў, што стала прычынай для рашэння разгарнуць войскі: «Першы фактар – гэта тое, што мы не хацелі праліць рускую. Другі фактар – мы ішлі для дэманстрацыі свайго пратэсту, а не для звяржэння ўлады ў краіне».

Прыгожын у сваёй прамове таксама падзякаваў Лукашэнку: «У гэты час Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка працягнуў руку і прапанаваў знайсці шляхі рашэння для далейшай працы ПВК Вагнэра на законнай юрысдыкцыі. Калоны разгарнуліся назад, яны сышлі ў палявыя лагеры».

Таксама ён звярнуў увагу, што «марш справядлівасці» паказаў мноства тых рэчаў, пра якія казалі раней: «Найсур’ёзнейшыя праблемы з бяспекі па ўсёй тэрыторыі краіны. Мы блакавалі ўсе воінскія часці аэрадромы, якія знаходзіліся ў нас на шляху за 24 гадзіны». Паводле ягоных словаў, за гэты час мясцовыя жыхары радасна сустракалі наймітаў ПВК Вагнэра:

«Калі 23-24 чэрвеня мы ішлі міма расейскіх гарадоў, мірныя жыхары сустракалі нас са сцягамі РФ і эмблемамі і сцягамі Вагнэра. Яны былі шчаслівыя, калі мы праходзілі міма. Некаторыя расчараваныя, таму што мы спыніліся, таму што ў «маршы справядлівасці», акрамя нашай барацьбы за існаванне, яны бачылі падтрымку барацьбы з бюракратыяй і іншымі хваробамі, якія сёння ёсць у нашай краіне».

Пры гэтым Прыгожын нічога не сказаў пра тое, дзе ён зараз знаходзіцца і дзе знаходзіцца ягонае войска.

Каментар
Прыгожын – «чорны лебедзь» для Лукашэнкі. Чаму гэта добра, тлумачыць Кацярына Глод
2023.06.26 19:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў