«Застануся назло». Лукашэнка прыдумаў абгрунтаванне, каб не аддаваць улады да смерці


Лукашэнка анансаваў удзел у прэзідэнцкіх выбарах налета, калі яму будзе 71 год. Вядома, не таму, што трымаецца за ўладу ссінелымі пальцамі, а таму, што пайсці цяпер на пенсію будзе азначаць здрадзіць тым, хто «ішоў за ім у бой». Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» прызнаўся, што яго не здзівілі планы палітыка, і гэта быў мэсідж грамадству: пераменаў не чакайце.

Аляксандр Лукашэнка пасля галасавання на рэферэндуме. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Пётр Кавалёў / TASS / Forum

Аляксандр Лукашэнка, якому сёлета споўніцца 70 гадоў, на спачын не збіраецца. На выбарчым участку ў Менску 25 лютага ён загадаў прапагандыстам «перадаць ім», то бок апазіцыі, што ён пойдзе на наступныя прэзідэнцкія выбары, бо іначай «будзе здрада». Палітык пры гэтым папярэдзіў, што «чым складанейшымі будуць абставіны, чым больш актыўна яны будуць бударажыць нашае грамадства і вас у тым ліку (для мяне, паверце, гэта вельмі важна – аніводнага чалавека, адказны прэзідэнт не кіне сваіх людзей, якія за ім ішлі ў бой), чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары».

Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што нічога нечаканага не адбылося:

«Ведаючы Лукашэнку, ведаючы ягоную прагу ўлады і тое, што ён баіцца адказнасці за зробленае, – гэтыя два моманты яго будуць штурхаць, пакуль у яго ёсць нейкая фізічная магчымасць, самому трымацца за ўладу насуперак ягоным заявам пра тое, што ён сінімі пальцамі трымацца за гэтае крэсла не будзе».

Аналітык пры гэтым мяркуе, што Лукашэнка крыху паспяшаўся з такім анонсам. Імаверна, на душы неспакойна, бо час трывожны, невядома, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне, што будзе з беларускаю эканомікаю і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

«Таму Лукашэнка, напэўна, дасылае сігнал сваёй вертыкалі, грамадству, што не думайце пра нейкія перамены, я буду ўсё моцна трымаць у сваіх руках. Гэта пасланне, можа, найперш наменклатуры, каб яны не вагаліся, не круцілі галовамі ў бакі, не думалі, што, можа, нейкі пераемнік з’явіцца ці Крэмль нейкую сваю гульню пачне транзітнага кшталту. Маўляў, хай дурныя думкі ў вас у галаве не гуляюць, я як быў, так і буду», – разважае Класкоўскі.

Hавiны
Лукашэнка не збіраецца расціскаць сініх пальцаў з горла Беларусі
2024.02.25 11:45

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, каментуючы заяву Лукашэнкі, напісаў у сваім тэлеграм-канале, што для кіраўніка рэжыму галоўнае – не пасада, а кантроль над уладаю, і такі кантроль можна ажыццяўляць у любым крэсле:

«Для мяне зусім не відавочна, што асоба сталага веку пасля 30 гадоў на прэзідэнцкім пасту і надалей хоча займацца аператыўным кіраваннем, ладзіць нарады, матацца ў Маскву».

Паводле эксперта, у Лукашэнкі крыху іншыя праблемы: баіцца выпусціць рычагі ўлады з рук, не бачыць прыдатнага варыянту транзіту, а Крэмль, не зважаючы на жаданні самога палітыка, не дазволіць яму сысці на спачын, бо вельмі ён пасуе.

З тым, што Лукашэнка яшчэ не прыдумаў, як пры жыцці аддаць уладу, пагаджаецца і Аляксандр Класкоўскі:

«Узрост і стан здароўя падштурхоўваюць Лукашэнку да думак, што будзе пасля яго, і гэтыя думкі для яго вельмі непрыемныя. Думаю, што ён розныя варыянты пракручваў у галаве. Можа, раней і думаў пра нейкі варыянт а-ля Нурсултан Назарбаеў, але пасля ўсяго, што там здарылася, думаю, зарокся такім шляхам ісці».

Суразмоўца «Белсату» дапускае, што самы прывабны для правадыра варыянт – перадаць уладу сыну, як гэта здарылася ў Азербайджане.

«Але і тут у яго праблемы, бо відавочна, што ягоны любімец – малодшы Мікалай, але ён яшчэ зусім малады, тут або зноў мяняць Канстытуцыю, каб парог узросту для прэзідэнта змяншаць, – таксама тлум вялікі. Што тычыцца старэйшага і сярэдняга сыноў, то ў мяне такое ўражанне, што Лукашэнка не вельмі высокага меркавання пра іхныя валявыя, арганізатарскія якасці», – кажа Класкоўскі.

У такіх умовах застаецца спадзявацца на моцнае здароўе і лекараў, каб уладарыць да скону.

«Таму ў гэтым плане ўсё лагічна: ён ідзе на выбары 2025 года, перад гэтым, у красавіку, будзе Усебеларускі народны сход, ён, прагназую з імавернасцю 99,9 %, зойме пасаду кіраўніка сходу, каб усё ў сваіх руках трымаць і далей, наколькі будзе фізічная магчымасць дазваляць, ён будзе старацца канцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках».

Каментар
Лукашэнка спужаўся расколу элітаў і анансаваў атакі на Польшчу? Што значаць новыя выказванні
2024.02.20 19:38

Да сітуацыі, калі годных, на меркаванне Лукашэнкі, пераемнікаў не стае, сам ён і спрычыніўся, адзначае аналітык.

«Нават калі ён трымае ў галаве Качанаву ці Галоўчанку, ёсць праблема ў тым, што Лукашэнка дзейнічаў паводле прынцыпу, які сам артыкуляваў, што ў краіне мусіць быць адзін палітык, таму вакол яго людзі ліслівыя, старанныя выканаўцы, але менавіта выканаўцы, а палітыкаў няма, бо ён людзей харызматычных, са сваёй думкай адсякаў, найперш да сябе набліжаў адданых і паслухмяных», – канстатаваў Аляксандр Класкоўскі.

Калі нават аўтакрат і вызначыўся, называць прозвішчаў загадзя не будзе:

«Скажы, дай сігнал, што гэты чалавек будзе пасля мяне, – уплыў будзе перацякаць да гэтай асобы, з’явіцца момант канкурэнцыі, а гэтага Лукашэнку не трэба».

Акцыя пратэсту ў Менску, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Папярэджанне пра тое, што чым больш будуць ціснуць на Лукашэнку, тым хутчэй ён пабяжыць на прэзідэнцкія выбары, Фрыдман палічыў за пасланне Захаду:

«Гэта, відаць, гісторыя пра ордар на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. У тым, што такі ордар некалі будзе выдадзены, у мяне асабіста сумневаў няма, але хутчэй усё ж такі не ў найбліжэйшай перспектыве. А вось Лукашэнка, здаецца, думае інакш і спрабуе сваімі заявамі перасцерагчы Захад ад такой пастановы».

Класкоўскі мяркуе, што папярэджанне Лукашэнкі нікога не ўразіла і не ўразіць. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ўжо параіла аўтакрату каранаваць самога сябе.

«Гэта можна трактаваць як перасцярогу апазіцыі, дэмакратычным сілам і Захаду, што, калі будзеце надта інтрыгаваць, ладзіць нейкія падкопы, дык вось назло вам буду заставацца пры ўладзе да апошняй магчымасці. Але гэта не дзіва, не сюрпрыз, наўрад ці ён гэтым шакаваў апазіцыю і заходніх палітыкаў», – упэўнены аглядальнік агенцтва «Позірк». Ён адзначыў, што і дэмакратычныя лідары працягнуць сваю дзейнасць, і Захад ад ціску не адмовіцца.

«Мне здаецца, што Лукашэнка манернічае, можа, хоча болей высакародна абмаляваць свае матывы. Не тое, што ён пасінелымі пальцамі трымаецца за ўладу, што ў яго неспатольная прага да гэтай улады, а што, маўляў, не можа здрадзіць. Ён жа публічна не можа сказаць, што без улады сябе не ўяўляе і баіцца адказнасці за тое, што нарабіў», – падсумаваў Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыка
Ад прастытутак да трэцяй сусветнай вайны. Як мяняліся страшылкі Лукашэнкі цягам 30 гадоў
2024.02.22 07:00

 

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў