Мінус 50 тысяч: за год колькасць занятых у беларускай эканоміцы зменшылася на 1,2 %


У эканоміцы Беларусі ў снежні 2023 года было занята 4 млн 140,1 тысяч чалавек – на 400 менш, чым месяцам раней (4 млн 140,5 тысяч), і на 49,5 тысяч – чым у снежні 2022-га (4 млн 189,6 тысяч). Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БМЗ_life / Telegram

У студзені 2023 года налічвалася 4 млн 172,9 тысяч работнікаў, а ў лютым – 4 млн 143,3 тысяч чалавек. Гэтая лічба працягвае раставаць. Праблему з працоўнымі кадрамі нават прызналі на афіцыйным узроўні: пра гэта гаворыцца ў апублікаванай на днях Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі.

Аналітыка
Калі з краіны з’язджаюць людзі, з гэтым трэба нешта рабіць. Якую міграцыйную палітыку прапануе новая Канцэпцыя
2024.01.26 13:51

Пра дэфіцыт кадраў на рынку працы Беларусі ўжо больш як паўгода кажуць незалежныя аналітыкі і эканамісты. Звязваюць яны гэта з палітычным крызісам у Беларусі і саўдзелам рэжыму ў расейскай вайне ва Украіне, што выклікала масавую эміграцыю спецыялістаў. Пры гэтым у Беларусі таксама вялікая доля тых, хто быў звольнены з працы з палітычных прычынаў і каму цяпер забароненае працаўладкаванне.

Паводле звестак Белстату, у чацвёртым квартале 2023 года ўзровень беспрацоўя, разлічаны ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, павялічыўся на 0,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з трэцім кварталам і склаў 3,5 % супраць 3,4 %. Найчасцей беларусы шукаюць працу, звяртаючыся да знаёмых, сяброў і сваякоў  – 61 %, праз газеты або іншыя СМІ, Інтэрнэт – 60,8 %, у службу занятасці або ў Агульнарэспубліканскі банк вакансіяў звярталіся толькі 15,7 %, у той жа час 15,9 % шукалі працу наўпрост у арганізацыях.

Агляд
На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі
2023.12.27 16:50

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў