Камісія для вяртання дазволіла працягнуць кар’еру футбалістам, якія нікуды не з’язджалі


26 студзеня ў Генеральнай пракуратуры адбылося пасяджэнне Камісіі для разгляду зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія застаюцца за мяжою, у пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў, падчас якога пастанавілі «дапусціць да прафесійнай дзейнасці» некаторых спартоўцаў-інструктараў.

Пасяджэнне Камісіі для вяртання пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа. 26 студзеня 2024 года.
Фота: Генеральная прокуратура Беларуси / Telegram

Гэтае рашэнне прынялі ў звязку са «шчырым пакаяннем і прызнаннем сваіх памылак, здзейсненых у 2020 годзе» людзей, чые справы разглядаліся.

У спісе спартоўцаў былі пералічаныя былы гулец БАТЭ Аляксандр Гутар, гульцы мазырскай «Славіі» Аляксандр Джыгера, Павел Чыкіда і Уладзіслаў Жук, Даніла Нячаеў з БАТЭ, а таксама Ілья Бранавец са «Слуцку» і брамнік «Тарпеда-БелАЗу» Дзмітрый Дудар.

Гэтыя футбалісты былі залучаныя ў чорныя спісы спартоўцаў пасля выказванняў у 2020 годзе з патрабаваннямі спыніць гвалт у краіне.

Таксама, наколькі вядома, спартоўцы са спісу не выязджалі за межы краіны, і, адпаведна, камісія пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа не мусіла праводзіць разгляду іхных справаў пра магчымасць «допуску да далейшай прафесійнай дзейнасці», бо гэта не прапісана ва ўказе пра яе стварэнне і, адпаведна, не ўваходзіць у яе кампетэнцыі.

Акрамя таго, стала вядома, што дзейнасць камісіі будзе працягнутая да канца 2024 года. Пра тое, што адпаведны праект указу ўнесены на разгляд Аляксандра Лукашэнкі, сёння паведаміў генпракурор Андрэй Швед. Гэтую ж інфармацыю 25 студзеня публікаваў «BELPOL».

У склад камісіі ўваходзяць 29 асобаў. Гэта сілавікі, прапагандысты і іншыя заўзятыя прыхільнікі Лукашэнкі. Паводле Андрэя Шведа, за першы год працы камісіі ў яе паступіла больш за 150 заяваў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў