У Парыжы пратэсты курдаў перараслі ў закалоты


24 снежня ў Парыжы адбыліся сутыкненні паміж паліцыяй і курдскімі дэманстрантамі, абуранымі нядаўнім забойствам трох суайчыннікаў. Пра гэта паведамляе Reuters.

Раней, 23 снежня, 69-гадовы француз распачаў страляніну каля курдскага культурніцкага цэнтру, забіўшы трох чалавек. Стралка затрымалі. Высветлілася, што ён двойчы быў пад судом: паводле артыкулаў аб незаконным захоўванні зброі і гвалце з ужываннем зброі. Акрамя таго, мужчына быў у статусе абвінавачванага ў справе аб нападзе на мігрантаў: у снежні 2021 года ён напаў з шабляю на лагер уцекачоў, параніўшы двух чалавек і пашкодзіўшы некалькі намётаў. Але 12 снежня 2022 года яго вызвалілі з СІЗА пад судовы нагляд.

Курдская суполка ў Парыжы лічыць, што страляніна ёсць тэрарыстычным актам, за якім стаіць Турэччына. Але паліцыя пакуль не разглядае такой версіі. На допыце затрыманы мужчына патлумачыў свой учынак расізмам.

Як паведамляе RFI, пасля гэтага Курдская дэмакратычная рада Францыі зарганізавала дэманстрацыю на Пляс-дэ-ля-Рэпублік у Парыжы. Але першапачаткова мірная акцыя пратэсту перарасла ў закалоты і сутычкі з паліцыяй.

Некалькі аўтамабіляў былі перакуленыя, прынамсі адзін з іх быў падпалены. Дэманстранты таксама палілі смеццевыя бакі, білі вітрыны. Паліцыянты ўжылі слезацечны газ.

Былі арыштаваныя 11 дэманстрантаў, каля 30 атрымалі траўмы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў