Беларуса ва Украіне асудзілі на 6 гадоў за звесткі пра перамяшчэнні ЗСУ


Беларуса асудзілі ва Украіне за распаўсюд інфармацыі пра перамяшчэнні ЗСУ (артыкул 114.2 КК Украіны). Суд вынес пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 6 гадоў. Мужчына віны не прызнаў.

СБУ затрымлівае беларускага грамадзяніна.
Фота: Служба безпеки України / Telegram

Паводле пастановы суда, беларус перадаваў звесткі праз тэлефон абаненту, зарэгістраванаму на беларускага аператара, і перадаваў інфармацыю пра перамяшчэнні і месцы дыслакацыі ЗСУ на мяжы з Беларуссю.

Гэты беспрацоўны мужчына і раней ужо прыцягваўся да адказнасці за ўхваленне поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны. На судзе беларус не прызнаў віны, ён назваў усё правакацыяй.

Як вядома, мужчына быў затрыманы 25 траўня 2023 года менавіта падчас перадачы інфармацыі праз тэлефон. Абвінавачваны адзначыў, што ў канцы гэтага лютага да яго прыязджалі невядомыя, якія назваліся працаўнікамі консульства Беларусі. Яны павіншавалі беларуса з днём вываду войскаў з Афганістану (асуджаны – былы «афганец»), перадалі яму 2 тысячы грыўняў і тэлефон і сказалі, што будуць тэлефанаваць яму ў выпадку неабходнасці.

Мужчына перадаваў «незнаёмцам» звесткі пра лакацыю ўкраінскіх сілаў цягам двух месяцаў. У судзе ён назваў дзеянні гэтых асобаў правакацыяй, пры гэтым пацвердзіў, што голас на доказных запісах належыць яму. Але мужчына падкрэсліў, што не жадаў шкодных наступстваў і не збіраў спецыяльнай інфармацыі.

У якасці сведкі таксама быў дапытаны брат абвінавачванага, які адзначыў, што дадому да ягонага сваяка прыязджалі працаўнікі СБУ, якія назваліся працаўнікамі консульства Беларусі. Праз пэўны час брата арыштавалі.

2 чэрвеня 2023 года СБУ абвінаваціла гэтага беларуса ў тым, што ён ёсць агентам КДБ Беларусі і збіраў звесткі пра ўкраінскія войскі на Ровеншчыне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў