Улады Беларусі не захацелі забіраць палонных, якіх Пазняк прапанаваў мяняць на палітвязняў


Ва Украіне ў палон трапілі два баевікі расейскіх фармаванняў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Яны запісвалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абмяняць іх на палонных беларусаў, якія баранілі Украіну, або на беларускіх палітвязняў. Як даведалася «Zerkalo», улады Беларусі не захацелі забіраць гэтых палонных.

Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч
Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч – беларусы, якія ваявалі ва Украіне на баку Расеі. Скрыншот: Balaganoffnews / Telegram

Максім Зязюльчык ваяваў у складзе «прыватнай вайсковай кампаніі „Рэдут“» і трапіў у палон 19 верасня 2022 года, а Андрэй Герыловіч ваяваў у групе Вагнэра і трапіў у палон у сярэдзіне лістапада. Яны разам запісвалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абмяняць іх на палонных беларусаў, якія ваявалі за Украіну, або на палітвязняў.

Выданне «Zerkalo» звярнулася з пытаннямі да ўкраінскага праекту «Хочу жить», які прапануе расейцам і беларусам на баку Расеі здавацца ў палон. Гэты праект нядаўна расказваў, што сярод іншага будзе спрыяць вызваленню расейскіх палітвязняў праз абмен палоннымі. Беларускі палітык Зянон Пазняк жа нядаўна пісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Уладзіміру Зяленскаму з прапановай абмяняць Зязюльчыка і Герыловіча на палітвязняў Дзяніса Івашын і Вольгу Залатар – ці бачылі ў праекце такую ідэю?

У «Хочу жить» адказалі, што агулам магчымы толькі абмен у фармаце «ваеннапалонны на ваеннапалоннага», а ініцыятыва пра палітвязняў тычыцца выключна людзей на тэрыторыі Расеі. Палітвязні ў Беларусі не адносяцца да расейскай юрысдыкцыі, таму гэтае пытанне ў праекце пакуль не разглядаюць. Абмен ваеннапалонных беларусаў магчымы толькі на ваеннапалонных, але «беларускае кіраўніцтва не жадае іх забіраць».

Каментар
Пазняк прапанаваў абмяняць Залатар і Івашына на ваеннапалонных ва Украіне. Чаму менавіта іх?
2023.08.16 11:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў