У менскіх школах з’явяцца аграрныя і чыгуначныя класы, а «патрыятычных» будзе ў 5 раз больш


Намесніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка расказала 25 жніўня аб зменах у сталічных школах у будучым навучальным годзе, перадае дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

У 2023/24 навучальным годзе маюць пашырыцца класы «прафесійнага напрамку» ў менскіх школах, расказала чыноўніца. У 16 школах з’явяцца інжынерныя класы, у 2 школах – аграрныя класы, у 1 школе – чыгуначныя класы. Акрамя таго, стане ў пяць разоў больш «ваенна-патрыятычных» класаў.

Гэтыя тэматычныя класы адрозніваюцца ад звычайных паглыбленым вывучэннем профільных прадметаў: так, у інжынерных вывучаюць на падвышаным узроўні фізіку, матэматыку, хімію, біялогію і геаграфію, а для паступлення ў такія класы вучань мусіць мець адзнаку па кожным профільным прадмеце і сярэдні бал у пасведчанні аб базавай адукацыі не ніжэй за 7 (для аграрных класаў – не ніжэй за 6 па профільных прадметах і сярэдні бал не ніжэй за 5).

Колькасць дзейных «ваенна-патрыятычных» класаў у Менску чыноўніца не назвала, Але ў 2020/21 навучальным годзе ў Менску быў толькі адзін такі клас (для патэнцыйных памежнікаў), у навінах удалося знайсці згадкі пра такія класы ў чатырох менскіх школах, а ў 2021/22 навучальным годзе такіх класаў па ўсёй Беларусі было толькі 38 у 15 школах, у іх навучаліся 1423 вучні 10-11 класаў. Цяпер такія класы збіраюцца адкрыць у кожнай школе Менскай вобласці.

Адметна, што ў Менску вядзецца даволі мала сельскай гаспадаркі, а найбуйнейшыя палі збіраюцца забудаваць. Імаверна, будучым менскім аграрыям будзе няпроста знайсці працу па спецыяльнасці ў сталіцы, але пасля аграрных класаў будзе прасцей паступіць у аграрныя ўніверсітэты, у тым ліку ў менскі БДАТУ.

Інтэрв’ю
«У беларускай сярэдняй адукацыі больш рэгрэсу, чым прагрэсу». Чаму вучаць у школах у Беларусі і за мяжой
2023.08.25 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў