Пэнтагон лічыць, што Прыгожын насамрэч загінуў


Паводле ацэнак Пэнтагону, Яўгеній Прыгожын насамрэч быў на борце самалёта, які зазнаў катастрофу ў Цвярской вобласці РФ 23 жніўня, і загінуў разам з іншымі чальцамі экіпажу. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў прэс-сакратар вайсковага ведамства ЗША Патрык Райдэр.

Месца крушэння самалёта Яўгенія Прыгожына. Цвярская вобласць, Расея. 23 жніўня 2023 года.
Фота: GREY ZONE / Telegram

Чаму амерыканскія вайскоўцы прыйшлі да такой высновы, прадстаўнік ЗША не распавёў.

«Я не збіраюся ўдавацца ў падрабязнасці таго, як мы збіраем інфармацыю, але, зноў жа, нашая першапачатковая ацэнка, заснаваная на мностве фактараў, заключаецца ў тым, што ён, хутчэй за ўсё, загінуў», – сказаў Райдэр.

Пры гэтым у Пэнтагону няма інфармацыі, якая б сведчыла, што самалёт быў збіты ракетай класу «зямля – паветра», дадаў прэс-сакратар.

Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
2023.08.24 19:21

23 жніўня ў Цвярской вобласці РФ разбіўся бізнес-джэт RA-02795, які звязвалі з Прыгожыным. У той жа вечар стала вядома, што на борце былі кіраўнік ПВК Вагнэра і камандзір Дзмітрый Уткін, а таксама іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва вагнэраўцаў. Усяго на рэйсе было 10 чалавек: сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу.

Бізнес-джэт «Embraer» ляцеў з Маскоўскай вобласці ў Санкт-Пецярбург. Самалёт знік з экранаў радараў, калі пралятаў над Цвярскою вобласцю. Паводле непацверджаных звестак, лайнер збіла ракета супрацьпаветранай абароны. Тэлеграм-канал «Mash» піша, што адна з версіяў катастрофы – тэракт на борце.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў