Першы консул Беларусі ў Брытаніі Алег Якавіцкі: «Дзякаваў герцагіні Ёркскай ад імя ўсяго беларускага народу»


Беларускія дзеці, якія пасля чарнобыльскай катастрофы ездзілі на аздараўленне за мяжу, атрымлівалі там нешта большае, чым падтрыманне і неабходнае лячэнне. Яны вярталіся ў Беларусь з досведам іншага, больш годнага, жыцця. Гэта мяняла не толькі дзяцей, але і іх радзіму. Пра гэта ў размове з «Белсатам» кажа першы консул Беларусі ў Вялікай Брытаніі (1993–1996) Алег Якавіцкі. Былы дыпламат дзеліцца ўспамінамі, звязанымі з чарнобыльскай аварыяй.

Алег Якавіцкі ў офісе консульства Беларусі ў Вялікай Брытаніі. 1994 год. Фота з асабістага архіву Алега Якавіцкага.

«У 1986 годзе, калі ў СССР здарылася чарнобыльская трагедыя, я служыў у Савецкай арміі, пад Масквой. Памятаю, як 26 красавіка раптам замітусіліся афіцэры. Замкнуліся ў кабінеце з лічыльнікам Гайгера і рабілі нейкія маніпуляцыі. Бачыў гэта, бо служыў у штабе. І быў здзіўлены. Мы, простыя салдаты, нічога не ведалі, і толькі праз некалькі дзён пачулі па «Голасе Амерыкі» пра аварыю на станцыі. Так я з гэтым сутыкнуўся першы раз», – расказвае Алег Якавіцкі.

«Бачыш пусты ложак і разумееш, што дзіцяці больш няма з намі»

Ужо ў траўні 1986-га Якавіцкі быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Беларусь, дзе, як згадвае, было «ціха, звычайна, і ніхто не казаў пра Чарнобыль». Словы Міхаіла Гарбачова пра «ядравую энергію, якая выйшла з-пад кантролю», і пра 299 шпіталізаваных ліквідатараў аварыі, сем з якіх памерлі, беларусы пачуюць 14 траўня. Колькасць ахвяраў, пададзеная ў прамове генеральным сакратаром ЦК КПСС, ужо на той момант была моцна заніжаная. Але людзі пачалі разумець, што здарылася нешта страшнае.

У 1986 годзе Алег Якавіцкі вярнуўся на другі курс Менскага педінстытуту замежных моваў (цяпер – Лінгвістычны ўніверсітэт), дзе вучыўся на перакладчыцкім факультэце з профільнай французскай (ангельская мова – дадатковая). У 1990 годзе яго, ужо выпускніка «інязу» з чырвоным дыпломам, запрасілі папрацаваць перакладчыкам са швейцарскімі лекарамі, якія прыехалі дапамагаць беларусам змагацца з дзіцячымі лейкозамі і пухлінамі. Колькасць захворванняў пасля Чарнобылю імкліва расла.

Швейцарцы прывезлі з сабой сучасную апаратуру і новыя пратаколы лячэння дзяцей. Працавалі ў дзіцячым анкагематалагічным цэнтры, які ў тым жа годзе быў адкрыты ў Менску намаганнямі вядомай спецыялісткі Вольгі Алейнікавай (пазней – дырэктаркі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі).

Алег Якавіцкі ўспамінае, што перакладаў швейцарскім дактарам цягам месяца і прызнаецца, што было нялёгка, але не ў лінгвістычным плане (з французскай мовай усё было добра), а ў маральна-псіхалагічным.

«Я бачыў тых дзяцей. Яны ляжалі пад кропельніцамі, хворыя… Прабачце, сэрца і цяпер крывёй абліваецца. Як сёння: ідзеш і бачыш дзетак, у якіх бяруць аналізы крыві… А праз колькі дзён ідзеш па тым жа калідоры і бачыш пусты ложак. Разумееш, што гэтага чалавека, гэтага дзіцяці, які на ім учора ляжаў, ужо няма з намі…» – дзеліцца балючымі ўспамінамі Алег Якавіцкі.

«Нам дапамагаў увесь свет»

З 1991 года Якавіцкі працаваў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі, якое ўзначальваў тады Пётр Краўчанка. Наш суразмоўца сцвярджае, што міністэрства надавала ў той час вялікую ўвагу супрацы з іншымі краінамі ў справе мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Пры МЗС дзеяў нават адмысловы аддзел міжнароднай супрацы ў справе праблемаў чарнобыльскай катастрофы, якім кіраваў Аляксей Мажухоў.

Былы дыпламат з усмешкай згадвае, як аднойчы Мажухоў суправаджаў з ЗША гуманітарны груз: ляцеў з-за акіяну на транспартавым самалёце. На адсутнасць выгодаў ці камфорту ў такіх справах ніхто не наракаў.

«Вось так раней працавалі сапраўдныя беларускія дыпламаты, каб дапамагчы выжыць нашаму беларускаму народу», – кажа Алег Якавіцкі.

Дзеці з Беларусі на адпачынку ў Лондане. Фота з асабістага архіву Алега Якавіцкага

У 1993 годзе Алег Якавіцкі стаў першым беларускім дыпламатам у Вялікай Брытаніі. Адкрываў у Лондане першае консульства незалежнай Беларусі, уздымаў над ім бел-чырвона-белы сцяг. Менавіта да яго звярталіся з візавымі пытаннямі прадстаўнікі брытанскіх дабрачынных арганізацыяў, якія з 1991 года прымалі на аздараўленне беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў. Якавіцкі асабіста быў знаёмы з выканаўчай дырэктаркай ірландскага міжнароднага праекту «Дзецям Чарнобылю» Эдзі Роўч (Adi Roche) і заснавальнікам дабрачыннай арганізацыі «Лініі жыцця дзетак-чарнобыльцаў» Віктарам Мізі (Victor Mizzi), якога ў Вялікай Брытаніі называлі «Анёлам Чарнобылю».

«У Брытаніі дзеяла цэлая сетка дабрачынных арганізацыяў. Дый што казаць, у той час нам дапамагаў увесь свет», – гаворыць Алег Якавіцкі.

Віктар Мізі і герцагіня Ёркская Сэра

Адзін з ягоных яркіх успамінаў – прыём у герцагіні Ёркскай Сэры (Сэра Фэргусан, былая жонка прынца Эндру), які яна ладзіла ў гонар арганізацыі Віктара Мізі. На сустрэчу тую быў запрошаны часовы павераны Беларусі ў Вялікай Брытаніі Алег Якавіцкі. Прысутнічалі на прыёме і дзеці з Беларусі, якія прыехалі на запрашэнне «Chernobyl Childrenʼs Lifeline» («Лініі жыцця дзетак-чарнобыльцаў»). Якавіцкі ад імя ўсіх беларусаў дзякаваў герцагіні за падтрыманне, якое яна надае Віктару Мізі. На імпрэзе прысутнічалі і дочкі герцагіні Ёркскай – прынцэсы Бэатрыс і Юджыні, тады яшчэ маленькія дзяўчаткі, і нашага дыпламата вельмі ўразіла, што герцагіня змалку выхоўвае дачок на прыкладзе дапамогі іншым.

«Як бачыце, нам дапамагалі на ўсіх узроўнях. А цяпер выдам сакрэт: герцагіня Ёркская збіралася сама прыехаць у Беларусь. Але ў той час у краіне ўжо правіў Лукашэнка, і брытанскі ўрад праз Форын-офіс выказаў пажаданне, каб яна не ляцела ў краіну, дзе не ўсё так добра. Таму гэты візіт не адбыўся», – дзеліцца першы беларускі дыпламат у Вялікай Брытаніі.

Вельмі цёплыя словы Алег Якавіцкі кажа пра Віктара Мізі, які з пачатку 1990 гадоў вывез на лячэнне з Беларусі і Украіны каля 60 тысячаў дзяцей. Ягоная арганізацыя сабрала мільёны фунтаў для беларускіх лякарняў і дзіцячых дамоў. За сваю дабрачынную дзейнасць Мізі атрымаў у 2006 годзе з рук каралевы Элізабэт ордэн Брытанскай імперыі. Але яшчэ да гэтага, у 1998 годзе, быў адным з першых замежнікаў, каго ў Беларусі ўганаравалі ордэнам Францыска Скарыны (у тым жа годзе ордэн уручылі і ірландцы Эдзі Роўч). Віктара Мізі не стала ў 2019 годзе, яму было 84 гады.

«Маёй задачай як консула было развязванне пытанняў, з якімі да мяне звярталіся дабрачынныя арганізацыі. Выдаваў візы людзям, якія везлі ў Беларусь гуманітарную дапамогу ці ляцелі, каб набраць групу дзяцей, пісаў афіцыйныя лісты з просьбай аб спрыянні. Я быў проста невялічкім шрубком у гэтым механізме, які працаваў для паляпшэння жыцця нашых дзетак», – кажа сёння былы консул Алег Якавіцкі.

Згадвае пранізлівую гісторыю беларускага хлопчыка Ігара Паўлаўца, які ў 1992 годзе падзяліўся з Віктарам Мізі скарынкай хлеба ў адным з дзіцячых дамоў у Беларусі, куды брытанец прывёз неабходныя лекі. Ігар нарадзіўся з адной рукой і дэфармаванымі нагамі, у беларускім Доме дзіцяці ён жыў у металічным ложку. Віктар Мізі зрабіў усё, каб даць хлопцу шанец. Цяпер беларус – грамадзянін Вялікай Брытаніі, жыве ў Лондане, мае працу, сямʼю і трое дзетак.

Ігар Паўлавец разам з жонкай і дзецьмі. 2015 год.
Фота: Igor Pavlovets / Facebook

Але тады, у 1990-я, каб пакінуць Ігара ў сямʼі, якая яго прытуліла ў Англіі, трэба было прыкласці шмат высілкаў. Дапамагаў у гэтым і беларускі консул Алег Якавіцкі: пісаў лісты ў МЗС і Мінадукацыі з просьбамі аб дазволе на ўсынаўленне Паўлаўца.

«І гэта толькі адна гісторыя. Але іх было шмат насамрэч», – кажа Якавіцкі.

Дзіцячага Нобэля Эдзі Роўч уручыў беларус

Расказвае, што аднойчы, напярэдадні выходных, пазваніла з Ірландыі Эдзі Роўч і папрасіла выдаць ёй візу ў суботу, бо ўжо ў нядзелю павінна была ляцець самалётам «Белавіі» (рэйсы ў Лондан былі адкрытыя ў 1995 годзе) у Беларусь – па дзяцей. У такіх выпадках, прызнаецца Якавіцкі, даводзілася працаваць і па суботах.

«І я памятую гісторыю, якую расказвала мне Эдзі Роўч, як прывезла на прыватным самалёце цяжка хворага хлопца з Беларусі.

Яна ўвесь час сядзела каля яго і трымала яму кіслародную маску, бо быў такі слабы, што сам амаль не мог дыхаць. У Ірландыі 7-гадоваму хлопчыку зрабілі аперацыю на сэрцы і ўратавалі жыццё», – расказвае наш суразмоўца.

У 2015 годзе Эдзі Роўч прысудзілі прэстыжную міжнародную ўзнагароду «Children’s Nobel Prize» («Дзіцячая Нобэлеўская прэмія»), а ўручыў яе жанчыне той самы беларус, якому ў 1995 годзе ў самалёце яна трымала кіслародную маску, – Аляксандр Чарнаног. Ён жыве цяпер у Беларусі і вучыць дзетак каратэ.

Эдзі Роўч і Аляксанд Чарнаног. 2015 год.
Фота: independent.ie

«Урад наш у той час мог толькі спрыяць, прасіць і не перашкаджаць. Дапамога, якая ішла, не была ўрадавая. Але тое, што я бачыў сваімі вачыма, гэта дапамога простых людзей: англічанаў, ірландцаў, шатландцаў, валійцаў. Нават на такім невялічкім востраве, як Джэрзі, з насельніцтвам крыху больш за 100 тысяч чалавек, была невялікая чарнобыльская арганізацыя. Мясцовыя жыхары прывозілі да сябе 20–25 дзяцей, каб дапамагчы ім прайсці выпрабаванні», – працягвае Алег Якавіцкі.

Ён ведае пра арганізацыю на востраве Джэрзі, бо з ёй звязаная ягоная асабістая гісторыя. Першая настаўніца ангельскай мовы Алега Якавіцкага суправаджала дзетак, якія прыязджалі з Беларусі ў Брытанію. Яна была ўжо на пенсіі, але дзякуючы праграме аздараўлення дзяцей ажыццявіла сваю мару – пабываць у Вялікай Брытаніі. Калі прывозіла дзетак, заўсёды тэлефанавала былому вучню, якому «дала пуцёўку ў жыццё». Сустракаліся і ў шатландскім Глазга, і на востраве Джэрзі.

«Гэта насамрэч гісторыя і пра тое, што нашыя сілы і сродкі неабходна ўкладаць у дзяцей, бо яны нашая будучыня», – гаворыць Якавіцкі.

Святлана Ціханоўская і магчымасць будучыні

Былы консул не выключае, што ўскосным чынам мог быць датычны і да прыезду ў Ірландыю 13-гадовай Святланы Ціханоўскай, якая першы раз прыляцела туды ў 1996 годзе. Але ў тым жа годзе Якавіцкі звольніўся з МЗС. Сышоў у тым ліку з палітычных прычынаў, разумеючы, што з Аляксандрам Лукашэнкам Беларусь будучыні не мае.

Алег Якавіцкі (трымае сцяг) на беларускай акцыі ў Лондане. 2020 год. Фота перададзенае рэдакцыі героем публікацыі

«Са Святланай Ціханоўскай пабачыліся толькі праз 25 гадоў, калі абраная прэзідэнтка Беларусі была з візітам у Вялікай Брытаніі. За ўсю гісторыю Беларусі ніхто з лідараў дзяржавы не сустракаўся з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі. Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам і стала першай. Мы, дзякуй Богу, нарэшце прыйшлі да гэтага, і гэта – новы ўзровень», – кажа Алег Якавіцкі.

Вяртаючыся да ўспамінаў, ён згадвае лонданскі аэрапорт «Гэтўік» («Gatwick»), куды ездзіў адпраўляць дыпламатычную пошту. Бачыў там тых самых беларускіх дзетак, якія вярталіся ў Беларусь пасля «брытанскіх канікулаў» (звычайна жылі ў брытанскіх семʼях тры-чатыры тыдні). І гэта былі троху іншыя дзеці. Шчыра пасміхаліся, мелі на галовах яркія бейсболкі, а на нагах – фірмовыя красоўкі. Разняволеныя і адкрытыя, везлі ў Беларусь часцінку Еўропы, новыя стандарты жыцця і стаўлення да чалавека.

«Мяркую, што гэта  падштурхоўвала дзяцей не заставацца на тым узроўні, на якім былі», – кажа былы беларускі дыпламат.

Ён зазначае, што з сучаснай Беларуссю, дзе амаль знішчаны грамадскі сектар і дзе гуманітарная дапамога абкладаецца падаткамі, супраца ў сферы дабрачыннасці стала вялікай праблемай.

«Тыя людзі, якія сёння кіруюць у Беларусі, зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб спыніць дапамогу, каб людзі не бачылі ні Еўропы, ні лепшага жыцця», – падсумоўвае Алег Якавіцкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі ўладаў Беларусі, за апошнія 30 гадоў больш за мільён дзяцей з Беларусі прайшлі аздараўленне за межамі краіны. Згаданыя ў тэксце арганізацыі «Дзецям Чарнобылю» і «Лініі жыцця дзетак-чарнобыльцаў» дапамагаюць сёння дзецям з Украіны. Першы консул Беларусі ў Вялікай Брытаніі Алег Якавіцкі 30 гадоў жыве са сваёй сямʼёй у Лондане. Яму 57 гадоў. Пасля звальнення з МЗС доўгі час працаваў менеджарам у адной буйной энергетычнай кампаніі. Але ніколі не пераставаў займацца беларускімі справамі.

Чытайце таксама:

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў