У Берасці два разы запар судзілі супрацоўніка МУС. Верагодна, за падпіску на «Трыбуну»


У Берасці супрацоўніка МУС пакаралі за тое, што ён быў падпісаны ў Facebook на «экстрэмісцкія матэрыялы». Пра гэта паведамляе «BG.Media».

Інструктаж міліцыянтаў і байцоў унутраных войскаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Neman102 / Telegram

Суд Ленінскага раёну Берасця 11 сакавіка на адкрытым паседжанні разгледзеў адміністратыўную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Судзілі нарадзінца Расеі, які мае беларускае грамадзянства і працуе ў МУС Беларусі. Мужчына выхоўвае непаўналетняе дзіця і даглядае маці з інваліднасцю.

Міліцыянта абвінавацілі ў тым, што ён падпісаўся ў Facebook на старонку на літару T, уключаную ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Чыгуначнага раёну Віцебску. Падчас суда супрацоўнік МУС заявіў, што падпісаўся на «старонку Т», калі яна яшчэ не была прызнаная «экстрэмісцкай», а пазней з прычыны няўважлівасці не адпісаўся ад яе.

Такую падпіску ў мужчыны знайшлі супрацоўнікі АУС Ленінскага раёну Берасця, якія 6 сакавіка з санкцыі пракурора правялі ператрус у ягонай кватэры. 9 сакавіка яго затрымалі. А затым суд прызначыў яму 15 содняў адміністратыўнага арышту.

Берасцейскія праваабаронцы мяркуюць, што мужчыну маглі асудзіць за падпіску на спартовае выданне «Tribuna». Паводле іхных звестак, пакуль супрацоўнік МУС адбываў арышт, яго судзілі другі раз. Зноў паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Суд адбыўся 18 сакавіка, але якое рашэнне вынес суддзя Дзмітрый Шурын, пакуль невядома.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў