Культуролаг Мікіта Моніч: Дзяржаве патрэбная салярка, а не Шагал


Карціна Марка Шагала «Палёт над горадам», напісаная ў 1924 годзе, была выстаўленая на гандляванне ў Нью-Ёрку. На аўкцыёне, які адбудзецца 13 лістапада, за яе хочуць атрымаць 12-18 мільёнаў долараў. Мастацтвазнаўца, культуролаг Мікіта Моніч у жывым эфіры «Белсат» распавёў, што беларускія дзяржаўныя і калядзяржаўныя структуры біцца за гэтую карціну не будуць, бо салярка для сельскай гаспадаркі больш патрэбная цяпер Беларусі, чымся мастацтва.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Вельмі цікава назіраць, за які кошт яна сыдзе, бо зараз рэкорд – гэта 28 мільёнаў з кавалачкам. А вось за колькі набудуць гэтага Шагала – пабачым».

Культуролаг падкрэслівае, што мастацтвам варта не толькі ганарыцца, але і спажываць яго – і гэта галоўнае, нагадвае ён і пра стары савецкі выраз «Пастернака не читал, но осуждаю».

«Ад гонару няма асаблівых вынікаў вялікіх, а вось ад спажывання культуры – ёсць».

Што ж датычна таго, як часта Шагала падпісваюць, то, паводле Мікіты Моніча, часцей яго ведаюць акурат як беларуса, напрыклад, у Іспаніі, дзе культуролаг нядаўна праводзіў экскурсію:

«Не тое, што нарадзіўся ў Беларусі ці там габрэй французскі беларускага паходжання, розныя ёсць фармулёўкі, а там натуральна было напісана, што “беларус”. І гэта было вельмі прыемна і мне, і тым беларусам, што сабраліся, каб паслухаць пра Шагала. То бок спажывалі. І, у адрозненні ад нашага выпадку, не трэба было плаціць ні 18 мільёнаў, ні 18 нават долараў, бо выстава была бясплатная, трэба было толькі прыехаць туды».

Дзе ж яшчэ можна сустрэць творы свайго мастака? Мікіта Моніч называе Шагала вельмі выніковым творцам, які шмат працаваў і пражыў амаль 100 гадоў, таму ягоныя выставы можна знайсці шмат дзе ў свеце: ад Мексікі да Японіі. І менавіта цяпер, калі шмат беларусаў знаходзяцца ў выгнанні па-за межамі сваёй краіны, у іх ёсць шмат магчымасцяў напаткаць такую выставу, «максімум год пачакаць».

«З другога боку, калі беларусу шчасціць ці няшчасціць… Ну, так адбываецца, што ён знаходзіцца ў межах нашай краіны, то… Ну, слухайце, усё яшчэ Беларусь мае сваю калекцыю, і яна заўсёды выстаўляецца», – кажа культуролаг, жартуючы, што не трэба тут бедаваць, бо якія-ніякія мастацкія творы ў нас маюцца і з Шагалам можна сутыкнуцца ў любы час.

Здымак вокладкі: sothebys.com

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў