Праваабаронцы запусцілі бот для пошуку старых паведамленняў і каментароў у чатах Telegram


Беларусаў нярэдка караюць за «экстрэмізм» у пратэставых чатах і каментарах. Гарадзенскія праваабаронцы запусцілі Telegram-бот @FindMessagesBot, які дапаможа знайсці і выдаліць свае старыя паведамленні.

Бот «Мои сообщения в чатах»
Бот «Мои сообщения в чатах». Скрыншот: Telegram

Бот не ўмее аўтаматычна выдаляць усе паведамленні з чатаў, але знаходзіць, у якіх публічных чатах былі паведамленні з акаўнту, і падказвае, як адшукаць і выдаліць свае.

У працы гэтага бота ёсць тры аспекты:

1. Ён бачыць не толькі чаты, а і каментары: у Telegram каментары пад допісамі ў публічных старонках тэхнічна арганізаваныя як асобныя чаты.

2. Ён не бачыць паведамленняў у закрытых чатах. А сілавікі могуць атрымаць доступ да закрытых пратэставых чатаў або падманам, або праз акаўнт затрыманага.

3. Такім інструментам могуць карыстацца не толькі праваабаронцы, а і сілавікі, якія могуць мець базу пратэставых чатаў і карыстальнікаў у іх, чыніць рэпрэсіі за сам факт удзелу ў чаце.

Апошняе ў каментары «Белсату» прызналі і стваральнікі боту: яны разважалі, ці не будзе іхны інструмент дапамагаць сілавікам, ды вырашылі, што тыя ўсё роўна маюць уласныя падобныя боты і сістэму захавання паведамленняў (гэтую сістэму «засвяцілі» ў адным з Telergam-каналаў сілавікоў), таму новых рызыкаў для карыстальнікаў не з’явіцца.

Праваабаронцы рэкамендуюць тым, хто жыве ў Беларусі і пакідаў пратэставыя каментары або проста пісаў у «няправільных» чатах, не толькі выдаліць старыя паведамленні, але і выдаліць акаўнт і стварыць новы, каб сілавікі не маглі звязаць чалавека з ідэнтыфікатарам пратэставага акаўнту.

«Кіберпартызаны» нядаўна расказвалі «Белсату» пра тое, як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі, і заклікалі не панікаваць: здольнасці сілавікоў не бязмежныя, а інструкцыі ў сферы інфармацыйнай бяспекі нескладаныя.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў