На выходных у Аршанскім раёне бык забіў жывёлавода


Раніцай 22 ліпеня на ферме ў Аршанскім раёне загінуў 50-гадовы жывёлавод – яго забіў бык, паведамляе аб інцыдэнце Следчы камітэт.

Ферма ў Аршанскім раёне, дзе адбылася трагедыя. Крыніца: skgovby / Telegram

Трагедыя адбылася калі мужчына пераганяў буйную рагатую жывёлу з аднаго сектару ў іншы. У гэты час бык падняў мужчыну ўверх і кінуў на падлогу, пасля чаго пачаў біць яго галавой.

Убачыўшы гэта, калега пацярпелага адагнаў жывёлу і выклікаў хуткую. Медыкі канстатавалі смерць мужчыны.

Аршанскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту па гэтым факце праводзіцца праверка.

У траўні мінулага года ў Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласці адбыўся падобны выпадак. Тады 59-гадовы палявод фермы таксама загінуў пасля нападзення быка. Пасля ўзважвання, раз’юшаная жывёла пагналася за мужчынам. Дагнаўшы палявода, бык прыціснуў яго да агароджы загону, некалькі разоў ударыў рагамі, падкінуў у паветра і перакінуў праз плот. З-за шматлікіх траўм палявод памёр.

Следства выявіла парушэнні правілаў аховы працы брыгадзірам і самім работнікам і прыйшло да высновы, што нясвоечасовы выклік лекараў стаў адной з прычын наступлення гібелі палявода.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў