Спадарожнік зафіксаваў момант, як расейцы ладуюць на караблі збожжа, нарабаванае ва Украіне


Спадарожнік «Maxar» зрабіў здымкі, як расейцы ладуюць нарабаванае ва Украіне збожжа.

Здымкі з космасу дазваляюць пабачыць балкеры «Матрос Пазыніч» і «Матрос Кошка», прышвартаваныя ў Севастопалі побач з зернясховішчам. На іх засыпаюць зерне, імаверна, вывезенае з акупаванай Херсоншчыны, паведамляе CNN.

Спадарожнікавыя здымкі былі зробленыя 19 і 21 траўня.

Фота: Maxar Technologies
Фота: Maxar Technologies

Паводле звестак сайту адсочвання судоў MarineTraffic.com, абодва караблі пакінулі порт: «Матрос Пазыніч», які праплывае праз Эгейскае мора, імаверна, накіроўваецца ў Бэйрут, а «Матрос Кошкін» усё яшчэ ў Чорным моры.

У пачатку траўня Міністэрства абароны Украіны падлічыла, што каля 400 тысяч тонаў збожжа былі скрадзеныя і вывезеныя з тэрыторыі Украіны пасля ўварвання Расеі.

Фота: Maxar Technologies
Фота: Maxar Technologies

У той жа час Расея блакуе экспарт тавараў Украіны са сваіх партоў, узмацняючы асцярогі міжнароднай супольнасці наконт глабальнага харчовага крызісу.

«Сусветная супольнасць павінна дапамагчы Украіне разблакаваць марскія парты, інакш за энергетычным крызісам пачнецца харчовы, і шмат якія іншыя краіны сутыкнуцца з ім. Расея заблакавала амаль усе парты і ўсе, так бы мовіць, марскія магчымасці для экспарту харчоў – нашага зерня, ячменю, сланечнікаў і шмат іншага. Многае з гэтага», – сказаў Зяленскі 21 траўня.

На мінулым тыдні паведамлялі, што ЗША з саюзнікамі абмяркоўваюць, як бяспечна развіваць маршруты транспартавання збожжа з Украіны на фоне засцярог наконт глабальных паставак харчавання.

Згодна са звесткамі Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, да вайны пастаўкі пшаніцы з Расеі і Украіны складалі амаль 30 % сусветнага гандлю, а Украіна – чацвёрты паводле велічыні ў свеце экспарцёр кукурузы і пяты экспарцёр пшаніцы.

Hавiны
Літва прапануе варыянт зняцця марской блакады Украіны для экспарту збожжа
2022.05.23 21:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў